падму́рак, ‑рка, м.
1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.
2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.
•••
Закласці падмурак гл. закласці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.
2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.
2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак.
1. што. Атрымаць (атрымліваць) у спадчыну якія‑н. уласцівасці, якасці бацькоў, продкаў. Паэт [М. Багдановіч] наследаваў многія рысы свайго характару ад маці, Марыі Афанасьеўны. Майхровіч.
2. толькі незак., што і каму-чаму. Быць прадаўжальнікам якой‑н. дзейнасці, традыцый. Паэма «Хлеб» наследуе традыцыі народна-песеннай лірыкі, паэтыку фальклору, схільную да ўзбуйнення вобраза. Гіст. бел. сав. літ. Паэтызацыя чалавечай працы — гэта адна з лепшых традыцый рускай і беларускай літаратуры, якой наследуе М. Лынькоў. Пшыркоў. // Браць што‑н. за ўзор. У «Сказе пра Вяля».. [М. Танк] сапраўды наследуе былінны верш. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гімн, ‑а, м.
1. Урачыстая песня, прынятая як сімвал дзяржаўнага або класавага адзінства. Дзяржаўны гімн Савецкага Саюза. «Інтэрнацыянал» — міжнародны пралетарскі гімн, партыйны гімн КПСС і іншых камуністычных партый. □ Вялікае пашырэнне гімны атрымалі ў перыяд французскай буржуазнай рэвалюцыі канца XVIII ст. Выключнай папулярнасцю тады карысталася «Марсельеза» Ружэ дэ Ліля, якую французскі Канвент прызнаў нацыянальным гімнам рэспублікі. А. Макарэвіч.
2. Увогуле хвалебная песня або музычны твор у гонар каго‑, чаго‑н. Гімн жыццю. Гімн чалавеку працы. □ Паэт спяваў гімн свабодзе народа і ўсім палымяным сэрцам сваім заклікаў на бой за яе. Майхровіч.
[Грэч. hýmnos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які валодае правам наследавання ўлады. Уладарны князь.
2. Схільны загадваць, падначальваць сабе. Уладарны характар. □ [Старшыня] усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву..: — Значыць, як дамовіліся. Быкаў. // Які выражае загад; настойлівы, патрабавальны. Калі мы з Сяргеем памкнуліся бегчы разам з усімі, пачуўся ўладарны голас Кімы: — Радысты, назад! Няхай. // Здольны рабіць моцны ўплыў на каго‑н. Уладарная прыгажосць.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уладарны наступ вясны. □ Уладарная сіла яго, гэтага аптымізму, як той незгасальны агеньчык, цяплілася недзе глыбока ў душы і сагравала неспакойную, прагную да ведаў, натуру юнака. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.
1. Заплаціць грошы каму‑н. за што‑н., разлічыцца за паслугі. [Лабановіч] даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. Колас. Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка. Гартны.
2. перан. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду. [Бацька:] — Так, я зараз памру з вялікім неспакоем, што не магу ўстаць і расплаціцца з Гальвасам. Чорны.
3. перан. Панесці пакаранне, кару за што‑н. Час міне, і Лёня расплаціцца за сваё заблуджэнне цяжкімі маральнымі пакутамі. Майхровіч. Мы адказалі: «Віта! Пад Растовам і пад Масквой...» Цяпер мы прымусім бандыта Расплаціцца сваёй галавой. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.
[Фр. tirade.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уду́млівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны, схільны глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. Удумлівы пісьменнік. □ Перад маладой паэтэсай былі ўдумлівыя настаўнікі, і яна з ахвотай вучылася ў іх. Ярош. // Які выяўляе такую здольнасць, схільнасць. Удумлівыя вочы. □ Сакратар пачала гаварыць ціхім, удумлівым голасам, набліжаючыся тварам да калгасніцы. Пестрак. Паэт-рэаліст .. [Я. Купала] засяроджваў свой удумлівы позірк на ўсім чыста, што было жыццё. Лойка. // Які характарызуецца глыбінёй асэнсавання чаго‑н. Удумлівае чытанне. Удумлівы падыход. □ Я марыў пра вельмі ўдумлівую пастаноўку «Раскіданага гнязда». «Полымя». У .. [апавяданні] прыкметна выявіліся патэнцыяльныя творчыя магчымасці пачынаючага пісьменніка, яго ўдумлівыя адносіны да рэчаіснасці, да чалавека. Майхровіч.
2. Разм. Задуменны. Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложка, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
славе́снасць, ‑і, ж.
Уст.
1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.
2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».
3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)