ра́га, ‑і, ДМ разе, ж.
Струменьчык чаго‑н. вадкага на якой‑н. паверхні. Зацішак поля дыша варам. І гоніць з твару поту рагі, І сохнуць губы ад той смагі. Колас. Худы і высокі чалавек, ні аб чым не дагадваючыся, мыліў галаву, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагі цяклі ў яго з галавы па спіне. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.
Разм. Размясціць дзе‑н., пакласці, паставіць каля чаго‑н., да чаго‑н. (звычайна з цяжкасцю, у нязручным месцы). Падняўшы верхнюю лаўку, .. [жанчына] паклала на яе чамадан, потым узяла рэчы .. і прымасціла іх у кутку на ніжняй лаўцы. Ракітны. [Ластаўка] трымала ў дзюбцы саломінку і ніяк не здагадвалася, куды зручней яе прымасціць. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.
1. што. Кусаючы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакусіць нітку. Перакусіць саломінку. // Перарэзаць шчыпцамі, кусачкамі. Перакусіць дрот. // Пракусіць наскрозь. Воўк перакусіў горла каню.
2. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. нямнога, паесці збольшага, наспех; закусіць. Хадакі прыселі на лаўцы каля плота, дасталі з торбы хлеб і па скрыліку сала, каб перакусіць з дарогі. Пальчэўскі. Абедаць не было калі. Селі перакусіць перад тым як класці вазы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.
Дачакацца, прабыць, пражыць да прыходу, наступлення чаго‑н. На старасці год сына прычакаў, — усхваляваным, новым голасам сказаў Баніфацый. Навуменка. Седзячы на лаўцы, прычакаў.. [Сымон] дня і больш у старую хату не заходзіў. Чорны. — А родненькія вы мае! А дзетачка ж мая, а ўнучак жа мой, як я вас доўга чакала! І нарэшце такі прычакала, — абдымала і цалавала спачатку Галю, а потым Вадзімку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамья́ ж. ла́ва, -вы ж.; ла́ўка, -кі ж.; (домашняя, переносная) засло́н, -на м., усло́н, -на м.; (комнатная широкая) тапча́н, -на́ м.; (школьная) ла́ўка, -кі ж., па́рта, -ты ж.;
скамья́ подсуди́мых ла́ва падсу́дных;
на шко́льной скамье́ на шко́льнай ла́ўцы (па́рце).
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
расцягну́цца, -цягну́ся, -ця́гнешся, -ця́гнецца; -цягні́ся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ад нацягвання падоўжыцца, павялічыцца.
Кофта расцягнулася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра звязкі, сухажылле і пад.).
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім радам на вялікай прасторы.
Калона расцягнулася.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размясціцца паласой на якой-н. адлегласці.
Вёсачка расцягнулася на два кіламетры.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вельмі працяглым; зацягнуцца.
Работа расцягнулася на тыдзень.
6. Легчы, выцягнуўшыся.
Р. на лаўцы.
7. Упасці ўсім целам.
Зачапіўся нагою і расцягнуўся на зямлі.
|| незак. расця́гвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
па́лубны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палубы. Палубны насціл. □ Поруч са мной на палубнай лаўцы сядзіць, без перастанку гаворачы, папутчык. Багдановіч.
2. Які знаходзіцца або працуе на палубе. Ды і сам. Тапурыя шчыра верыў у тое, што ён, нізенькі і каржакаваты, непрыкметны чалавек, які працаваў палубным матросам на маленькім брудным парусніку, быў сапраўды высокім і стройным, як таполя. Самуйлёнак.
3. Які мае палубу, з палубай (пра судна). Палубная, лодка,.
4. Прызначаны для палубы. Палубная рэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.
Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаты́ры, ‑ро́х, ‑ро́м, ‑рма́, (аб) ‑ро́х, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 4. Напісаць лічбу чатыры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 4. Чатыры коннікі замыкалі абоз. Колас.
2. Тое, што і чацвёрка (у 2 знач.).
3. у форме Р чатыро́х, у знач. зб. Разм. Чацвёра. На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, .. другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, .. трэці — малады чалавек, гадоў дваццаці пяці, .. і, чацвёрты, цыбаты хлопец-падлетак. Брыль.
•••
Між чатырох сцен гл. сцяна.
На ўсе чатыры бакі гл. бок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)