Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. káltiкаваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цягну́ць, цягну́, ця́гнеш, ця́гне; цягні; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго-н., перамяшчаць, набліжаць да сябе што-н. з сілай, намаганнем.

Ц. канат.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы.

Два паравозы цягнулі таварны састаў.

Ц. цяля на вяроўцы.

3. перан., каго-што. Браць з сабой без патрэбы.

Ц. дзяцей з сабой.

4. каго. Прымушаць ці пераконваць ісці куды-н.

Ц. у кіно.

5. што. Падаўжаць расцягваннем; вырабляць, апрацоўваць, выцягваючы (спец.).

Ц. дрот.

Металы можна гнуць, каваць і ц.

6. каго-што. Несці што-н. цяжкае або ў вялікай колькасці (разм.).

Ц. мех на плячах.

7. што. Выцягваць, здабываць, браць.

Ваду цягнулі з возера па трубах.

8. што. Уцягваць у сябе, убіраць, усмоктваць; піць павольна.

Расліны цягнуць з глебы пажыўныя рэчывы.

Дзіця цягнула праз соску малако з бутэлькі.

9. каго-што. Уцягваць, прыцягваць.

Плыўца цягнула (безас.) у вір.

10. каго-што. Тузаць, торгаць.

Ц. за рукаў.

Ц. за касу.

Нагу цягне (безас.).

11. каго-што. Вабіць да каго-, чаго-н., куды-н.

Цягне ў лес.

Яго цягнула (безас.) да гаспадаркі.

12. безас., каго-што. Адчуваць патрэбу ў чым-н. (пра фізічны, псіхічны стан).

Цягне на сон.

Ц. на сур’ёзную размову.

13. перан., што. Патрабаваць, вымагаць (грошы, падарункі і пад.; разм.).

14. што. Ісці, рухацца ў пэўным парадку.

Высока ў небе цягнуць клін жураўлі.

15. безас., чым. Веяць, дзьмуць (пра паветра, вецер, холад і пад.).

Ад ракі цягнула вільгаццю.

Цягне з акна.

16. што і без дап. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым-н.

Ц. пошукі.

Ц. справу.

17. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць, мець што-н. вынікам.

Злачынства цягне за сабой пакаранне.

18. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад.

Ц. песню.

Ц. гаворку.

За вушы цягнуць каго (разм.) — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што-н. рабіць.

Цягнуць адну і тую ж песню (разм., неадабр.) — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку (разм., неадабр.) — марудзіць з ажыццяўленнем чаго-н.

Цягнуць воз (разм.) — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго (разм., неадабр.) — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за язык каго (разм.) — прымушаць расказваць што-н.

Цягнуць каніцель (разм., неадабр.) —

1) рабіць, гаварыць і пад. што-н. аднастайна, нудна;

2) марудзіць, зацягваць якую-н. справу.

Цягнуць ката за хвост (разм., неадабр.) — нудна, наўмысна павольна гаварыць што-н.

Цягнуць лямку (разм.) — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць рызіну (разм., неадабр.) — адцягваць, адкладваць якую-н. справу, работу надаўжэй; марудліва, павольна рабіць што-н.

Цягнуць ярмо (разм.) — бесперапынна і цяжка працаваць.

|| зак. пацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)