фанаты́зм, ‑у, м.

1. Склад думак і дзеянняў фанатыка (у 1 знач.); сляпая адданасць сваёй веры і нецярпімасць да іншых вераванняў, да іншаверцаў. Уся сістэма навучання была накіравана на тое, каб прывіць выхаванцам рэлігійны фанатызм. Каваленка.

2. перан. Моцная адданасць чаму‑н., якім‑н. ідэям і перакананням. І сёння старыя, недабітыя генералы Гітлера, начыненыя яшчэ кайзераўскай мярцвячынай, гавораць пра наш незразумелы для іх «фанатызм». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́васць, ‑і, ж.

1. Паўната жыццёвых сіл; жвавасць, ажыўленасць. Вясёласць і жывасць, з якімі Зося выязджала зранку ў поле, змяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі. Гартны. // Імклівасць, вёрткасць, рухавасць. Жывасць рухаў.

2. Яркасць, выразнасць, вобразнасць. У асобных мясцінах мова помніка губляе сваю жывасць і непасрэднасць. Шакун. Нягледзячы на адсутнасць сюжэтнай напружанасці, апавяданні Змітрака Бядулі не пазбаўлены жывасці. Каваленка.

3. Вастрыня, сіла, яснасць. Аўтар падкрэслівае ў .. [Несцяровіча] назіральнасць і жывасць розуму. Барсток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюжэ́т, ‑а, М ‑жэце, м.

Сукупнасць звязаным паміж сабой дзеянняў, падзей, у якіх раскрываецца асноўны змест мастацкага твора і характары дзеючых асоб. Большасць апавяданняў Змітрака Бядулі не мае развітога сюжэта. Каваленка. // Тэма, прадмет, што паказваецца ў карціне, музычным творы і пад. Настаўнік паведамляе вучням тэму і мэту ўрока і прапануе ім разгледзець малюнкі.., прадумаць пытанні пад малюнкамі і сюжэт серыі малюнкаў. Самцэвіч. // Разм. Тэма, прадмет (размовы і пад.).

[Фр. sujet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узаемаадно́сіны, ‑еш; адз. няма.

1. Адносіны, якія склаліся ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў і пад. Узаемаадносіны філасофіі і прыродазнаўства. □ Папаўненне лексічнага саставу беларускай мовы ў XIX — пачатку ХХ стст. адбывалася ва ўмовах своеасаблівых узаемаадносін з іншымі мовамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Паміж выхаванцамі і настаўнікамі існавалі таварыскія ўзаемаадносіны. Сяргейчык. Праблема ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі заўсёды хвалявала Змітрака Бядулю. Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак., на каго-што.

Накіраваць (накіроўваць) дзеянне, зрабіць (рабіць) уплыў. Уздзейнічаць на рост раслін. Уздзейнічаць асабістым прыкладам. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне. Каваленка. [Дырэктар:] — Магчыма, знойдуцца людзі, якім не захочацца саджаць ручкі ў снег, у гразь... Вы павінны ўмець уздзейнічаць, арганізаваць працу... Васілевіч. Рэвалюцыйны рух .. уздзейнічае на масы не толькі праз падзеі, але і праз людзей. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суб’ектыві́зм, ‑у, м.

1. Светапоглядная пазіцыя, якая ігнаруе аб’ектыўны падыход да рэчаіснасці, адмаўляе наяўнасць аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства.

2. Напрамак у буржуазнай сацыялогіі, які сцвярджае, што развіццё грамадства вызначаецца не аб’ектыўнымі заканамернасцямі, а суб’ектыўнымі фактарамі — воляй, жаданнямі і імкненнямі пэўных асоб.

3. Асабісты, пазбаўлены аб’ектыўнасці погляд на што‑н. Суб’ектывізм у навуцы. □ Суб’ектывізм крытычных ацэнак — вельмі непажаданая з’ява. Ён сведчыць, што крышку нестае эстэтычнай адукаванасці, умельства знаходзіць галоўную сутнасць у мастацкім творы. Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатыры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сатыры (у 2 знач.); які з’яўляецца сатырай, змяшчае ў сабе сатыру. Сатырычная камедыя. Сатырычныя вершы. □ У час вайны я зноў вярнуўся да сатырычнага жанру. Крапіва. // Уласцівы сатыры (у 2 знач.), сатырыку; выкрывальны. У гэтым творы [«Сон Анупрэя»] Змітрок Бядуля падымаецца да сатырычнага паказу ўлад. Каваленка. У сатырычным плане паказвае аўтар хітрую палітыку Сурвілы. Барсток.

2. З’едліва-насмешлівы; іранічны. Вялікі сатырычны эфект [у сатырычных вершах Коласа] давала зніжана-бытавая сялянская лексіка. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацьстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; незак., звычайна каму-чаму.

1. Быць супрацьпастаўленым, супрацьлеглым у адносінах да каго‑, чаго‑н. Станоўчы герой Змітрака Бядулі супрацьстаіць існуючаму ладу ў асноўным сваімі маральнымі і сацыяльнымі запатрабаваннямі. Каваленка. Лявону супрацьстаіць у п’есе дружны калектыў калгаснікаў, у тым ліку і жонка з дачкою. Гіст. бел. сав. літ.

2. Захоўваць устойлівае становішча пад уздзеяннем чаго‑н. Супрацьстаяць парывам ветру. // Супраціўляцца, аказваць супрацьдзеянне. Супрацьстаяць знешнім уплывам. / Пра ўзброеныя сілы. войска ў вайне, бітве і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глуш, ‑ы, ж.

1. Густа зарослы ўчастак лесу. Перасяляюцца штодня з глушы Лясной К нам ліпы ў мінскія алеі. Астрэйка. Пайшоў мядзведзь па лесе, Далёка ў глуш залез.. Журба.

2. Аддаленае ад паселішчаў пустыннае месца. А раней тут была глуш. Шэсцьдзесят кіламетраў трэба было ехаць на балаголы, каб трапіць на адну з бліжэйшых чыгунак. Ермаловіч. // Аддалены ад культурных цэнтраў населены пункт; захалусце. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы. Каваленка.

3. Позняя, глухая пара; цішыня. Глуш начы разлеглася шматвёрстая, Не чуваць гамонкі анідзе. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіно́нім, ‑а, м.

Слова, якое адрозніваецца ад іншага гучаннем (і напісаннем), але супадае з ім або вельмі блізкае да яго па значэнню (напрыклад: «моцны» і «трывалы», «праца» і «работа»). Для перадачы аднаго і таго ж паняцця ў пісьменніка знаходзіцца мноства сінонімаў. Каваленка. Часта і ў літаратуры словы «байка» і «казка» ўжываюцца як сінонімы. Казека. // перан. Кніжн. Тоеснае паняцце. Купалаўскі «вольны сейбіт» стаў сінонімам новага чалавека працы. Гіст. бел. сав. літ. У разуменні Горкага краса атаясамлівалася з свабодай чалавека, была сінонімам свабоды і рэвалюцыі. Івашын.

[Ад грэч. synōnymos — аднайменны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)