во́гнішча, ‑а, н.

1. Распаленая куча ламачча, дроў; агонь. Каля высокай меднастволай сасны палала вогнішча. Сіняўскі. З’явіліся першыя сем палатак на беразе Дзвіны, вечарамі загараліся вогнішчы, засынаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай і ў змроку плыла.. песня. Грахоўскі.

2. Месца, дзе гарэў агонь. Патух агонь, пра яго ўсе забыліся, толькі белы попел ляжаў на вогнішчы. Чарнышэвіч. Збоку на вогнішчы ледзь-ледзь дымілася галавешка. Кулакоўскі. // Пажарышча. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акве́ціць, аквечу, аквеціш, аквеціць; зак., што.

Паэт. Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы, прыемны выгляд пры дапамозе каго‑, чаго‑н. Не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́зарыць, ‑рыць; зак.

Стаць ясным, зорным (пра неба). [Нічыпар:] — Бачыце, як неба вызарыла. У такую ноч і пешкі прайсціся хораша... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іскры́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць іскрыстага. Зорная іскрыстасць. Іскрыстасць віна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.

2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.

2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захалада́ць, ‑ае; зак., безас.

Разм. Стаць халадней; пахаладаць. Узняўся вецер, у лясах загуло, к вечару захаладала. Чорны. Зноў захаладала, нават падкінула сняжку трошкі; ночы былі ясныя, зорныя. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мацу́нак, ‑нку, м.

Разм.

1. Уласцівасць моцнага; моц, трываласць. — Гэта ж квас, як вада. У ім жа мацунку ўсяго, можа, адзін градус, — заспакоіў Косцік. Сабаленка. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў .. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Чорны. Ядранымі зорнымі начамі набіраў мацунак мароз. Марціновіч.

2. Тое, чым можна падмацавацца, чаго можна пад’есці. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

метагала́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць зорных сістэм, часткай якой з’яўляецца наша Галактыка, даступная сучасным астранамічным метадам даследавання.

[Ад грэч. meta — пасля, за і слова галактыка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дождж, дажджу, м.

1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.

3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.

4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.

•••

Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.

Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.

Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.

Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)