Скапе́ц1 ‘капец, месца захоўвання гародніны на зіму’ (Сцяшк., Скарбы, Жыв. сл., Нар. сл.), ‘куча бульбы’ (Янк. 1, Выг., Шатал.), ‘каморніцкі межавы насып’ (Янк. 1), ‘межавы курган’ (Нар. сл.) ‘невялікі земляны насып’ (Янк. 1), скопе́ц, скопы́ц, скопэ́ц, скоўпэ́ць ‘бурт’ (палес., Нар. сл.), ско́пец, ско́пець ‘яма для захоўвання бульбы’, ‘слупок, які аддзяляў надзелы зямлі’ (Сл. Брэс.). Дэрыват ад скапаць < капаць, паралельнае да капец (гл.) < капаць.

Скапе́ц2 ‘чалавек, які падвергся кастрацыі’ (ТСБМ), ‘кастрыраваны баран’ (Касп.; ашм., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), скоп ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. скопе́ць ‘вылегчаны баран; кастрыраваны чалавек’, скоп, скіп ‘тс’, рус. скопе́ц ‘еўнух, кастрат’, польск. skop, skopek ‘вылегчаны баран’, чэш. skopec ‘тс’, славац. škop ‘баран’, в.-луж., н.-луж. skop, палаб. sküöp ‘тс’, серб.-харв. ско́пац ‘кастрат; вылегчаны баран’, славен. skópəc ‘тс’, балг. скопе́ц, макед. скопец ‘кастрат, еўнух’, ст.-слав. скопьць, сюды ж укр. скопи́ти, рус. скопи́ть, польск. skopić, чэш. skopiti, славен. skopíti, балг. скопя́, макед. скопи, ст.-слав. скопити. Прасл. *skopъ, *skopьсь. Роднасныя літ. skõpti ‘выразаць што-небудзь’, лат. šķéps ‘кап’ё’, šķepele ‘абломак’, грэч. σκάπτω ‘рыю, сяку’, таксама ц.-слав. сцапъ ‘палка’ < *skēpъ. Гл. Фасмер, 3, 650; Покарны, 931 і наст.; Брукнер, 494; Махэк₂, 547; Шустар-Шэўц, 1294. Формы без s‑: грэч. κόπτω’ ‘б’ю, рублю’, лац. cāpō ‘каплун’, capulō, ‑āre ‘расколваць’ (Траўтман, 262; Сной₁, 574; БЕР, 6, 778). Борысь (552) *skopъ утварае ад прасл. *skopiti, якое як і паралелі ад і.-е. кораня *(s)kep‑/*(s)kap‑ маюць значэнне ‘рэзаць вострай прыладай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вал1 ’хваля’ (КТС, Мядзв., Яшк.), валам валіць (Некр.). Рус. вал, укр. вал, польск. wał, в.-луж. wała, н.-луж. wał, чэш. val, слав. val, балг. валям ’катаць, варочаць’, макед. вала ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва̄л, ва̑ла, славен. val, ц.-слав. валъ. Прасл. *val‑, роднаснае з літ., võlioti ’катаць’, алб. vale ’хваля’, ст.-в.-ням. wuolên ’рыцца’, ст.-інд. válati ’кру́ціцца’ (Праабражэнскі, 1, 63–64; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 297; БЕР, 1, 116; Махэк₂, 676).

Вал2 ’вал; штучныя земляныя ўзгоркі’ (КЭС); ’штучны земляны насып у выглядзе вялікага бурта з грэбнем’ (Пал.); ’узгорак’ (Яшк.); ’высокае месца, груд пасярод балота’ (Янк. II). Рус. вал, укр. вал, польск. wal, чэш. val, слав. val. Праз польскае з с.-в.-ням. wall ’тс’ (Праабражэнскі, 1, 63; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 8–9; Рудніцкі, 1, 298, 304; Махэк₂, 675).

Вал3 (тэхн.) ’вал’ (БРС); ’вал у калодзежы’ (Сцяшк.). Паводле Булыкі., Запазыч., 56, праз польск. wal < ст.-в.-ням. wal. Больш верагодна, што гэта ўсходнеславянскае ўтварэнне ад запазычанага з ням. мовы Walze ’вал, цыліндр’ (Шанскі, 1, В, 9). У спецыяльных значэннях (карданны вал, агнявы вал і пад.) — семантычнае запазычанне з рускай мовы.

Вал4 ’доўгія вузкія кучы сена’ (Шатал.); ’сена з некалькіх пакосаў, складзеных разам’ (Выг. дыс.). Да валіць і вал1.

Вал5 ’тоўстая пража з дрэннага валакна і само такое валакно’ (КЭС); ’адходы, якія астаюцца пры апрацоўцы льну мяліцай’ (Сцяшк. МГ); ’кудзеля, якая аддзяляецца ад кужалю пры трапанні льну’ (Янк. II); ’грубая пража’ (Шн., 3). Да валіць. Семантычны пераход няясны. Параўн. Рудніцкі, 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)