усхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. З’яўленне над гарызонтам (нябеснага свяціла, зары). Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла. Люблю ўсход твой ясны сустракаць... Пушча. Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Бядуля. // Час, калі сонца ўзыходзіць, падымаецца над лініяй гарызонта. Даніла ў гэты дзень устаў яшчэ да ўсходу сонца. Краўчанка. // Частка гарызонта, дзе ўзыходзіць сонца. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядала ярме сонца. Бяганская. Калі мы выязджалі з двара, на чыстым ясным усходзе ўжо зацяплілася неба. Якімовіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у тон час, калі ўзыходзіць сонца. Штодня глядзеў я, Безнадзейны, На ўсход і захад залаты. Колас.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду. Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. Шамякін. // Напрамак, процілеглы захаду. [Жанчына:] — Учора двое сыноў у ваенкамат пайшлі: Платон і Гараська. Думала, на станцыі пабачуся з імі яшчэ разочак.. Але дзе там, на станцыі нікога. На ўсход усе падаліся... Кавалёў. Неўзабаве атрад Сахарава рушыў на ўсход. Грахоўскі.

3. Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку. Усход краіны за кароткі тэрмін быў ператвораны ў асноўную базу ваенна-прамысловай вытворчасці. «Звязда».

4. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе. Блізкі Усход. Сярэдні Усход. Далёкі Усход.

•••

Паўднёвы ўсход — а) напрамак паміж поўднем і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны ўсход — а) напрамак паміж поўначчу і ўсходам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

усхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Верхняя больш высокая частка ступні; пад’ём. Боты ціснуць на ўсходзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выйсці (у 1, 2, 3 і 7 знач.).

2. Месца, праз якое выходзяць. Сонца блізка стаіць да захаду, і выхад на веранду ўвесь заліты чырвонымі водсветамі. Чорны. Нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр.

3. перан. Спосаб выйсця; з якога‑н. становішча. [Алешын:] — Адзіны выхад: ноччу прарвацца Любой цаною да сваіх. Бачыла.

4. Колькасць вырабленага прадукту. Выхад круп першым гатункам.

•••

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наўпа́кі ’насуперак, наадварот; паўторна’ (Гарэц.), каўпакі, наопакі, навбпакі ’надварот; навыварат; насуперак’ (ТС). З на і опакі ’ў адваротны бок, наадварот’ (прасл. *оракъ ’тс’), параўн. у закляцці, калі робяць завітку: Кручу, верчу на опакі, шоб у его не было ні семʼі, ні товару, ні хлеба, ні мукі (на опакі значыць наадварот, бо закручвалі жыта, збожжа, расліну з захаду на ўсход) (пін., Кольб., 444). Параўн. укр. на опаки, рус. на́пако, чэш. naopak, славац. näpaky (Махэк₂, 415), серб.-харв. наопак, наопако, славен. набрак (Фасмер, 3, 42; Бязлай, 2, 213–214), балг. наопако, макед. наопаку, наопачки. Гл. опакі. Значэнне ’паўторна’, відаць, да пак ’яшчэ’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.

2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.

3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.

•••

Каляровыя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акалі́чнасць, ‑і, ж.

1. Падзея, факт, якія суправаджаюць што‑н., могуць уплываць на што‑н.; той або іншы бок справы, падзеі. [Мірон і Віктар] узялі на ўвагу і тую акалічнасць, што дажджы ў нас ідуць з захаду. Маўр. З размоў з Віталевым.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка.

2. пераважна мн. (акалі́чнасці, ‑сцей). Умовы, якія вызначаюць становішча каго‑, чаго-небудзь; абставіны. У момант вялікіх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей ці жыццёвых акалічнасцей людзі і старыя робяцца, як дзеці. Чорны.

3. Даданы член сказа, які ўказвае на час, месца, спосаб дзеяння і пад. Акалічнасць прычыны. Акалічнасць часу. Акалічнасць месца. Акалічнасць спосабу дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.

2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.

3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.

4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

За́хад ’захад сонца, іншых свяціл; краіна свету’. Рус. заход ’захад, сонца, свяціл’, укр. за́хі́д ’тс’, за́хід ’краіна свету’, польск. zachód ’час захаду сонца, краіна свету’, ’клопат’, н.-луж. zachod ’мінулае’, в.-луж. zachod ’уваход’, чэш. уст. дыял. záchod ’захад (сонца)’, чэш., славац. zachód ’туалет’, славен. zahòd ’захад (сонца), краіна свету’, ’абход’, ’клазет’, серб.-харв. за́ход ’захад (сонца), краіна свету’, ’клазет’, балг. за́ход ’уваход’, ’клазет’. Ст.-слав. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Ст.-рус. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Бязафіксны назоўнік, суадносны з xodъ (гл. ход), утвораны, відаць, з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑xed‑ti (x < s пасля i, u, r у прэфіксах pri‑, u‑, per‑, а потым x > š перад e: za‑šed‑ti; параўн. рус. зашедший, восшествие). Знач. ’краіна свету’, магчыма, замацавалася пад польск. уздзеяннем. Брукнер, 181; Фасмер, 4, 252–253; Шанскі, 2, З, 72, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разграмі́ць, ‑грамлю, ‑граміш, ‑граміць; зак., каго-што.

1. Разарыць, разбурыць. Разграмілі польскія легіянеры Мартынаву хату, павыбівалі вокны. Колас. Дэфензіва разграміла рэдакцыю газеты, а самога паэта і яго таварышаў, што групаваліся вакол гэтай трыбуны, кінула на лаву падсудных. «Полымя».

2. Разбіць, знішчыць у баі, у выніку барацьбы. А ішлі яны [партызаны] граміць варожы гарнізон у Вежанцы. І разграмілі. Бой быў цяжкі. Паўлаў. Не паспелі разграміць Юдзеніча, як з захаду пачалі насоўвацца белагвардзейскія легіёны Пілсудскага. Паслядовіч. // перан. Даказаць ілжывасць, памылковасць чыіх‑н. перакананняў; нанесці ідэйнае паражэнне каму‑н.; разнесці. Вось дык крытык! Ну і смелы! Пачытай — агорне страх. Без аглядак зборнік цэлы Разграміў у пух і прах. Гілевіч. Дзеля хутчэйшага дасягнення .. мэты неабходна было разграміць трацкісцка-зіноўеўскі блок. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Пакрываць, насычаць фарбай, падвяргаць афарбоўцы. Фарбаваць падлогу. Фарбаваць тканіны. □ Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках паспешліва і любоўна фарбавалі асвятляльныя мачты. Карпаў. [Хлопчык:] — Глянь, хто гэта туды [на дах] узлез? Што ён робіць? [Маці:] — Маляр. Дах фарбуе, каб не цёк. Гарбук. // Надаваць колер, афарбоўку. Фарбуе сонца ліст асіны, а ў сэрцы радасць і вясна. Дзень добры, родная краіна! Дзень добры, Беларусь мая! Машара. Чырвоная прозалаць захаду фарбавала не толькі край неба, але і ўсё наваколле ў мяккі ружовы колер прадвесня. Сабаленка.

2. Разм. Пэцкаць (пра нетрывала, недабраякасна афарбаваныя рэчы).

3. Падмалёўваць сабе вусны, бровы і пад. Тамара не разумее: навошта фарбаваць вусны? Ермаловіч. // Перафарбоўваць у іншы колер. Фарбаваць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)