перапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.
1. што. Спець, папець усё, многае. Перапець усе песні. □ З якою радасцю я пабег потым дахаты, каб перапець усе новыя прыпеўкі бацьку і маці. Сіпакоў.
2. што. Спець зноў, іначай. Перапець куплеты другі раз.
3. каго. Спець лепш, прапець даўжэй за каго‑н.; перамагчы ў спевах. Усе любілі нашы казацкія песні слухаць.. Збяруцца хлопцы. Дык мы — хто каго перапяе. Яны сваю песню, а мы сваю. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
1. Зрабіць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Зменшыць крок. □ Прыехаў новы гаспадар, пачаў наводзіць у фальварку новыя парадкі, зменшыў і без таго мізэрную плату парабкам, і бацька забраў Андрэя дахаты. Хадкевіч. [Жанчына] зменшыла агонь, каб не выкіпела ў кацялку страва, узяла граблі і пайшла насустрач незнаёмаму. Гурскі.
2. Зрабіць меншым па ступені, сіле, інтэнсіўнасці праяўлення. Кравец павёў пяц[ь] чалавек пад пільню, стараючыся загаварыць, каб зменшыць сваё хваляванне. Чорны. Алесь зменшыў імклівы бег машыны. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
найбо́льш, прысл.
1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.
2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справу́нкі, ‑аў; адз. справунак, ‑нка, м.
Разм.
1. Заняткі, справы. [Жонкі] пойдуць па сваіх хатніх справунках, а едучы дахаты, будуць пытацца ў сваіх мужоў, пра што ж гаварылі ў райкоме. Пестрак. У Слуцку, на рыначнай плошчы, зрабіўшы ўсе справункі, сядзеў Кірыла на сваім возе і перакусваў, збіраючыся дадому. Скрыган.
2. Рэч, якую хто‑н. каму‑н. справіў, купіў; абноўка. Старым, маўляў, ніякіх справункаў не трэба, няхай яны, маладыя, лепш пра сябе ды пра сваіх дзяцей дбаюць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не дасягнуў спеласці, не з’яўляецца спелым. Мы патрапілі на .. імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі. Бядуля. Дыхнуў ветрык, і ціха загаманілі няспелыя каласкі. Федасеенка.
2. перан. Які не дасягнуў поўнага развіцця, сталасці. Даруйце ім іхнюю віну, старыя дубы, — яна ад маладой крыві і няспелага розуму. Навуменка. // Які сведчыць аб нявопытнасці, недастатковым майстэрстве; недасканалы. Няспелая думка. □ Пасля вайны, вярнуўшыся дахаты, Хто-небудзь, можа, знойдзецца такі, Хто роднай Беларусі ў часе свята Аддасць мае няспелыя радкі. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лупцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што і без дап.
1. Біць, хвастаць. Не звяртаючы ўвагі на мой крык, Язэп усё цягаў мяне за вуха і ўвесь час лупцаваў дубцом па спіне. Лупсякоў. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Мележ. // Стукаць, удараць па чым‑н. Крычаў і Федзя: «Дахаты». І таксама лупцаваў лыжкай па стале, тупаў нагамі. Хомчанка.
2. Тое, што і лупіць 1 (у 4 знач.). Да даху і сценах лупцаваў парывісты дождж, абсыпаў шыбы безліччу дробных кропель. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахму́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахмурыць.
2. у знач. прым. Хмурны, пануры. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Ішоў .. [Сідарчук] дахаты павольнаю хадою, выпрастаны, нахмураны, і ў душы нараджаліся суровыя думкі. Пестрак. // Які выражае суровасць, задуменнасць, заклапочанасць. Пакуль гарэла запалка, ... [Суздалеў] глядзеў на нахмураны жаночы твар. Чыгрынаў. З-пад нахмураных броў свяцілася хітраватая, добрая, цёплая ўсмешка. Бялевіч.
3. перан.; у знач. прым. Пахмурны, змрочны, цёмны (аб прадметах і з’явах прыроды). Нахмуранае неба. □ Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вудзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Злавіць на вуду, спінінг. За гадзіны дзве я ўсё ж вывудзіў з пяток акуньчыкаў. Якімовіч.
2. перан. Разм. Выведаць, здабыць што‑н. хітрыкамі, падманам. І бачачы, што ад старога больш нічога карыснага не вывуджу, я развітаўся і пайшоў дахаты. Карпюк.
3. Раздабыць, знайсці сярод многіх, многага. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.
1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрэ́гчыся 1, упрагуся, упражэшся, упражэцца; упражомся, упражацеся, упрагуцца; пр. упрогся, упрэглася; заг. упражыся; зак.
1. Запрэгчы сябе ў павозку, воз і пад. Узлажыўшы хамут з дугою на калёсы, Сяргей упрогся і пацягнуў у гай. Нікановіч.
2. перан. Разм. Уключыцца ў работу, многа і цяжка працаваць. Па духу пісьма можна было зразумець, што.. [Кудзельскі] на новым месцы ўжо абжыўся як след і па-сапраўднаму ўпрогся ў работу. Алешка. [Андрэй] вярнуўся перад жнівом дахаты і зноў упрогся ў ярмо на бацькавай гаспадарцы. Машара.
упрэ́гчыся 2, упражэцца; пр. упрогся, упрэглася; зак.
Тое, што і упражыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)