смуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Гараваць з прычыны чыёй‑н. смерці. Мы б хацелі, Каб чулі яны [загінуўшыя героі], Як смуткуе радзіма над імі! Броўка.

2. Перажываць смутак; сумаваць, журыцца. Сохне і смуткуе хлопец лета, Неспакой, трывога на душы: — Разлюбіла? Не, не веру ў гэта, Шле лісты і просіць: — Адкажы. Прануза. // Засмучацца, бедаваць. Думаючы пра ўсё гэта, Васіль хоць і смуткаваў у душы, што Усцю не застаў дома.., аднак іншы раз адчуваў задавальненне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Перастаць гараваць, супакоіцца. Сэрца Лёнькі крыху ўцешылася.., бо.. [сабака] з’явіўся ў той момант, калі ён, пакрыўджаны Целякоўскім, збіраўся ў прочкі. Грамовіч. // Знайсці ў кім‑, чым‑н. для сябе ўцеху, задавальненне; абрадавацца. Учытаўся ў тыя байкі я і ўцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё тое, што акружае цябе. Бялевіч. Вестка аб тым, што прыйшоў новы старшыня з рабочых, з завода, мігам абляцела ўсе камунарскія кватэры і прымусіла занепакоіцца адных і ўцешыцца другіх. Барашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.

2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пясо́к, ‑ску, м.

1. Горная парода, якая складаецца з асобных вельмі дробных часцінак кварцу або іншых цвёрдых мінералаў. Жоўты пясок.

2. пераважна мн. (пяскі́, ‑оў). Вялікія масівы, прасторы такой пароды. Пяскі пустыні. // Пра глебу з вялікай колькасцю такой пароды. Пачынаецца пясок, на ім без краю хвойны лес. Чорны. — На нашых пясках не скора разбагацееш, — дапамагаў гараваць старшыні Антось Жыгалка. Дуброўскі.

•••

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках, крышталіках у адрозненне ад рафінаду.

Пабудаваць на пяску гл. пабудаваць.

Пясок сыплецца з каго — пра вельмі старога, нядужага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ра, ‑а, н.

1. Стан глыбокага смутку, душэўнага болю, выкліканы якім‑н. няшчасцем. Маці ў горы і бацька ў горы — Сын, Васілёк, трэці дзень ужо хворы. Панчанка. На заплаканы тварык балюча глядзець, У вачах — недзіцячае гора. Гілевіч. // Няшчасце, бяда, якія выклікаюць такі стан. Зіна сядзела на траве і плакала, бяссільна, жаласна, як плача чалавек, да якога прыйшло непапраўнае гора. Карпюк. Людзі бачылі, як загінулі жонка і маленькі сын Аляксандрава. Ён цяжка перажываў тое гора. Дадзіёмаў.

2. Жыццёвыя нягоды, мукі, нястача. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч. У калгасе працаваць — гора і бяды не знаць. З нар.

3. у знач. вык. Разм. Бяда, няшчасце. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. // безас. Цяжка, бяда каму‑н. Весць аб смерці Бандароўны Скрозь пайшла, як мора; Зашумела Украіна, — Гора панам, гора! Купала.

•••

Глынуць гора гл. глынуць.

Гора гараваць гл. гараваць.

Гора горкае — вялікае несуцешнае гора.

Дапамагчы гору (бядзе) гл. дапамагчы.

Заліць гора гл. заліць.

З горам папалам гл. папалам.

І гора мала каму гл. мала.

(І) смех і гора гл. смех.

У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убива́ться разг.

1. забіва́цца; (ударяться) прост. удара́цца; см. уби́ться;

2. (быть в сильном горе) гарава́ць, бедава́ць, паку́таваць;

3. страд. забіва́цца; ні́шчыцца, знішча́цца; тра́ціцца, расхо́давацца, выдатко́ўвацца; марнава́цца; убіва́цца, утрамбо́ўвацца; см. убива́ть 1, 2, 4, 5.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мадзе́ць ’жыць у цяжкіх умовах, абы-як, гараваць’, ’марнець’, ’бязмэтна існаваць’ (ТСБМ; усх.-маг., КЭС; Гарэц., Янк. БП, Нас., Ян., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Растарг.; рэч., Нар. сл.). Рус. паўн. моде́ть ’гніць, псавацца’, ’кіснуць’, ’паволі рабіць што-небудзь’, ’слаба гарэць’, ’прэць’, ’тлець’, ’вянуць’, ’чаўрэць, марнець, існаваць’, моделый ’слабы, знясілены’, ’стомлены’. Звязана з ц.-слав. измъдѣти ’самлець’, мъдити, умъднѫти ’марудзіць’, з назвай левага прытока р. Мсты (Наўгар. вобл.) — Мда ’павольная рака’, з чэш. mdlý ’слабы, бяссільны’, польск. mdły ’лядаік’, ’слабы’, ’мізэрны’, в.-луж. módły ’тс’, славен. medǝ̀l ’слабы’, mǝ̀dléti ’марнець, чэзнуць’ (Фасмер, 2, 636 і 590–591; Праабражэнскі, 1, 544). Брукнер (347–348) у якасці і.-е. адпаведнікаў прыводзіць літ. maũsti ’ныць’, ’сумаваць’, ãpmaudas ’злосць, прыкрасць’, гоц. (ga)maudjan ’успомніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́каць1 ’біць чым-небудзь, што выдае глухі гук, напр., пранікам’ (Нас.), ’біць пранікам бялізну’ (рас., Шатал.), пе́канне ’ладаванне, укладванне’: мяшкоў на калёсы пеканне (Нас.). Рус. пск., цвяр. пек! ’плясь! шлёп!’, пе́кать ’біць; мітусіцца’, славен. pekáti ’біць аб дошку для прання бялізны; злёгку таўчы; біцца, важдацца, валтузіцца; сварыцца’. Гукапераймальнае; з іншым вакалізмам гл. пя́каць ’тс’; параўн. літ. pýkšt ’лясь’, лат. paukš ’тс’, эст. (teineteist) peks‑ma ’біцца’.

Пе́каць2: ткаць горагараваць’ (Гарэц.), пе́къць, пе́къцца ’цяжка працаваць, душыцца працай’ (міёр., Нар. лекс.), пе́кацца ’гатавацца, мець вялікія і цяжкія турботы’ (ТС). Да папярэдняга, параўн. паралельныя ўтварэнні пад пя́каць ’біць’ і ’цяжка працаваць’ (гл.). Параўн. таксама пекелява́ць, пеклава́цца (гл.), хутчэй за ўсё, пад уплывам пе́кла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ліза́ць, ліжу, ліжаш, ліжа; заг. ліжы; незак., каго-што.

1. Праводзіць языком па чым‑н., дакранацца языком да каго‑, чаго‑н. [Сабачка] кідаўся да ног, лашчыўся, лізаў рукі, зазіраў у вочы і паціху скавытаў. Няхай. // Падбіраючы языком, есці, піць. [Сабака] лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом. Колас. Гора гараваць — не мёд лізаць. Прыказка.

2. перан. Дакранацца, пакрываць, абдаваць сабой (пра хвалі, полымя і пад.). Пасека была ў агні. Полымя бушавала пад самай лініяй — расцяробам, лізала дол, лезла ўгору па маладым сасонніку. Пташнікаў. За соснамі адгадваўся блізкі праліў, чутно было, як ліжуць гальку хвалі. Лупсякоў.

3. Разм. зневаж. Цалаваць.

•••

Лізаць рукі (ногі, пяткі, боты) каму — уніжацца, падлізвацца, падхалімнічаць перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)