усо́хнуць, ‑не; пр. усох, ‑ла; зак.

1. Стаць, зрабіцца цвёрдым ад высыхання. Зямля ўсохла.

2. Зменшыцца ў вазе, аб’ёме пры высыханні; высахнуць.

3. Засохнуць, зачахнуць. Раніцаю ў сад прыйшоў гаспадар. Агледзеў яблыньку і са злосцю вылаяўся: праз адну галінку, маўляў, можа такая добрая яблыня без пары ўсохнуць... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Стаць сухім, прасушыцца, высахнуць. Ўжо прасохла ралля, Ўжо рунее трава, К сабе кліча зямля. Купала. У дарогу прыйшлося рушыць раней, чым прасохла зямля. Колас. У той бок, пад Эйсманты, дзе пачынаўся канал, торф паспеў прасохнуць і парудзеў, а ля экскаватара ён быў глянцавіта-чорны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмя́гнуць і засма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. падсох, ‑ла; зак.

Злёгку высахнуць, стаць больш сухім. Як толькі падсохла сырая зямля, Брыгада лён сеяць У поле пайшла. Танк. / у безас. ужыв. Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Колас. // Засохнуць часткова. Мы ў горадзе — пара сасонак, апавітых дымком пры мурах... Нам расці б... Ды над шапкай зялёнай верхавінка падсохла, як шпіль. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассо́хнуцца, ‑нецца; пр. рассохся, ‑сохлася; зак.

Высахнуць да такой ступені, каб утварыліся шчыліны. — Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета. Колас. — Хачу вады ў балею нанасіць, каб не рассохлася. Зуб. // перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. [Маці — Андрэю:] — Зося вучыцца пачне. Яна ж збіраецца ў інстытут. І вяселле ёй тады не да ладу стане. Баюся, каб яно не рассохлася ў вас. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасо́хнуць, ‑не; пр. перасох, ‑ла; зак.

1. Стаць сушэй, чым трэба; вельмі высахнуць. Сена перасохла. □ Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі. Галавач. / часцей безас. Пра рот, губы і пад. Губы перасохлі. □ — Ніначка, хадзем дзе пашукаем вады, бо ў роце, у горле перасохла. Пестрак.

2. Стаць бязводным, зусім абмялець. Калодзеж перасох. □ Хутчэй перасохнуць азёры і рэкі, — Чым сэрцы астынуць у шчырай любві. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.

1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.

2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.

3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.

4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ссох, ‑ла; зак.

1. Высахнуць, завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава ссохла. □ Яблыні вунь як даглядае гаспадар і то возьмуць часам і ссохнуць. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Знудзіцца, стаць худым ад перажыванняў, турбот і пад.; зачахнуць. Цяпер-то я [Андрэй] зразумеў, што Міша любіць Таню і любіць шчырэй, чым я. Хлопец зусім ссох па ёй. Чарнышэвіч.

3. Страціць свежасць; сасмягнуць (пра губы). [Сымон:] — Ты [Ганна] стамілася, галубка, Ссохлі губкі. Ты ў агні. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнутивысахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схуднець, зблажэць, паблажэць, змарнець, змізарнець, памізарнець, зачаўраць; асунуцца, падацца, з'ехаць, аб'ехаць (разм.); высахнуць (перан.) □ упасці ў целе, спасці з твару, звастрэць тварам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)