звыш, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «звыш» выражае:

Колькасныя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, нормы. Выпусціць прадукцыю звыш плана.

2. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або прадмета, у дадатак да якіх што‑н. робіцца, называецца і пад.; адпавядае па значэнню словам: «акрамя», «апрача». Звыш усяго гэтага, як апошні доказ Міхасёвай сталасці, да яго прыстаўлена памочніца. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зноў, прысл.

1. Яшчэ раз, другі раз; ізноў. Вясна, вясна Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся. Колас. Чалавек змаўкаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё. Лынькоў.

2. Таксама; да таго ж, апрача таго. — У нас быў сёння жаночы сход... І ведаеш, што мы пастанавілі? Арганізаваць калгас... — Я ведаю, гэта зноў Зеленюкова работа. Зарэцкі. Уплаў — не пойдзеш: зноў Ліда з малой, зноў перашкода. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаўкапра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Матыль, вусень якога ўе коканы з шаўковага валакна, якое ён сам выдзяляе. / у вобразным ужыв. А рэактыўны шаўкапрад З хмурынкі белай Цягне пражу... Барадулін.

2. Матыль, вусень якога з’яўляецца небяспечным шкоднікам дрэвавых насаджэнняў. Апрача таго, ці не бачыў ён, Восіп Максімавіч, як хутка размнажаецца ў яго лясах сасновы шаўкапрад і сасновы рыжы пільшчык. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кі́мель ’самы кончык хваста ў каровы’ (ТС). Не выключана балтыйскае паходжанне слова. Аднак яго непасрэдная крыніца не засведчана. Меркаванне аб лексічным пранікненні, апрача неславянскай фанетыкі і арэальнага крытэрыю, падмацоўваецца такімі балтыйскімі паралелямі, як літ. klmpa ’вузел на канцы вяроўкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Проч1 ’акрамя’ (Нас., ТС). З апроч (гл. апрача) з адпадзеннем галоснай пратэзы.

Проч2 ’прэч’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (там жа), з рус. прочь ’тс’, што неабавязкова, параўн. ст.-бел. прочъ: вышол прочъ (Карскі, 1, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гіпе́рбала 1, ‑ы, ж.

Мастацкі прыём перабольшання для ўзмацнення выразнасці выказвання. З мэтай падаць сваім апавяданнях, гумарыстычную афарбоўку Якуб Колас, апрача параўнанняў, ужывае і другія стылістычныя спосабы — эпітэты, метафары, гіпербалы, якія нясуць у сабе пэўную долю гумару. «Полымя». У пісьмовай літаратуры гіпербала .. ужываецца як сродак вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. А. Макарэвіч. // Усякае перабольшанне.

[Ад грэч. hyperbolē — перабольшанне.]

гіпе́рбала 2, ‑ы, ж.

У матэматыцы — крывая лінія з ліку канічных сячэнняў.

[Ад грэч. hyperballō — праходжу праз што‑н.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узако́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узаконіць.

2. у знач. прым. Устаноўлены, вызначаны якім‑н. законам, пастановай. Я лаўлю [рыбу] ўзаконеным метадам, — сказаў Вярстоўскі. Гаўрылкін. Не любіў і не паважаў [Фокін] аўтарытэтаў, апрача свайго, а ўзаконеныя правілы і распараджэнні лічыў, што яны пісаліся не для яго. Машара. // Які стаў звычайным, перастаў хваляваць, звяртаць на сябе ўвагу. [Дзядзька Міша:] — Гэта не гульня, не спорт,.. а .. узаконенае калецтва! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́жай ст.-бел. ’від, гатунак’, ’род’, ’пол’ (1457 г.) з ст.-польск. rodzaj ’від, гатунак’. Мена ‑dz‑ > ‑ж‑, як у радзі́цьдыял. ража́ць. Апрача таго, прасл. *dj, якое пераходзіла ў бел. *дж, у помніках пісьменства абазначаецца праз ж: промежу, преже, гражане, хожене (Карскі, 1, 381).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слане́чнік, ‑у, м.

1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з буйным жоўтым суквеццем на высокім сцябле (вырошчваецца ў асноўным для атрымання алею з насення). На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку. Пестрак. Ніжэй згіналі цераз плот цяжкія шапкі цыбатыя сланечнікі. Адамчык.

2. Насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак. [Максім Сцяпанавіч:] — І танцаваць не ўмею. Не навучыўся, бачыш, у маладосці, бо гэта, як і лусканне сланечніку, страшэнным мяшчанствам лічылася. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́інства, ‑а, н.

1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)