перада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. перадаў, ‑дала, ‑дало; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць каму‑н. Перадаць дзіця на рукі мацеры. Перадаць запіску. Перадаць пасылку. □ — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць. Чорны. Калі падыходзілі ўжо да дому, Іван Міхайлавіч перадаў Сяргею сетку. Шахавец. — Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. Галавач. // што. Паслаць, падаць якім‑н. спосабам, з дапамогаю чаго‑н. Перадаць чарцёж па фотатэлеграфу. Перадаць электраэнергію запасной лініі. Перадаць шайбу нападаючым на правы край.

2. каго-што. Аддаць у чыё‑н. карыстанне. Ён [Уладан] магутнымі рукамі Горы, шахты і палі, Што бясконцымі вякамі Заняволены былі, Перадаў народу ў рукі. Грахоўскі. На поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні. Чорны. // што. Уступіць свае правы каму‑н. Іх [рабочых калон] цвёрды закон — Перадаць над краінай Уладу Саветам. Глебка. Раманенка перадаў камандаванне танкам старшыне Ігнатаву, а сам застаўся ў вёсцы шукаць сям’ю. Шамякін. // што. Падзяліцца з іншымі сваімі ведамі, вопытам і пад. Перадаць свае веды моладзі. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

3. каго-што. Аддаць на разгляд каму‑н., накіраваць у наступную інстанцыю. Перадаць справу ў суд. □ Яна не памылілася.. Машына спынілася каля турмы. Немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, абшукалі па звычцы, і Ніна апынулася ў камеры. Мележ.

4. што. Паведаміць, расказаць, пераказаць каму‑н. пра пачутае, убачанае і г. д.; зрабіць што‑н. вядомым. Перадаць сенсацыйную навіну. □ Пятро не ўтрымаўся і сам перадаў пану сёе-тое з таго, што пачуў ад пастушка. Пальчэўскі. Зіна не ўтрымала сакрэту і перадала ўсім. Кавалёў. // што і з дадан. сказам. Давесці да ведама чыю‑н. просьбу, даручэнне, паўтараючы сказанае. Перадаць прывітанне. Перадаць падзяку. □ Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацькам паклон мой перадай... Колас. — Перадай Валі, каб кідала ўсё і перабіралася да нас. Якімовіч. [Мікола:] — Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. Краўчанка. // што. Правільна сфармуляваць сутнасць чаго‑н., пераказаць сваімі словамі змест чаго‑н. Перадаць асноўную думку аўтара. Перадаць змест апавядання.

5. што. Адлюстраваць, выразіць што‑н. якімі‑н. сродкамі. Пісьменнік здолеў характэрнае для кожнага вобраза перадаць трапным, самабытным словам. Юрэвіч. Раскажы пра цуды-верфі, Пра каралавую гаць, Каб я мог у звонкіх вершах Усё, што скажаш, перадаць. Таўбін.

6. што. Распаўсюдзіць, давесці да ведама якім‑н. спосабам. Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца. Колас. У хату ўвайшоў пасыльны і перадаў салдатам загад — збірацца. Прокша. // што. Распаўсюдзіць сродкамі тэхнічнай сувязі. Перадаць канцэрт па тэлебачанню. Перадаць загад па селектары.

7. што. Распаўсюдзіць на каго‑н. якія‑н. якасці, прыкметы. Перадаць сваю ўпэўненасць прысутным. □ Дажджлівы жнівень мала таго, што затрымаў даспяванне збажыны, дык ён перадаў яшчэ сваю плаксівасць верасню. Пальчэўскі.

8. што, чаго і без дап. Даць, аддаць чаго‑н. больш, чым трэба; перабавіць. Перадаць лішнія пяць рублёў пры разліку. □ — Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць. — Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень? — Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню... Гартны.

9. Разм. Перайсці меру ў чым‑н., перастарацца. [Саладуха:] — Што ты ад яго хочаш, выхадны дзень, няхай крыху адпачне. [Высоцкі:] — Не вельмі ён перадаў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняць, зніму, знімеш, зніме; пр. зняў, зняла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дастаць, узяць зверху ці з паверхні чаго‑н. (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць тэлефонную трубку. Зняць паліто з вешалкі. □ Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу. Лынькоў. // Адняць, прыняць (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць каструлю з агню. □ Ніна па-гаспадарску зняла .. нябачную пушынку з.. пінжака. Шыцік. // Аддзяліць, адчапіць што‑н. замацаванае, пасаджанае дзе‑н., на што‑н. Зняць кола з восі. / Пра судна. Зняць карабель з мелі. // Прыбраць, знесці што‑н. часова пабудаванае, непатрэбнае. Зняць рыштаванні. Зняць апалубку з падмуроўкі.

2. Здзець тое, што было апранута, завязана; вызваліцца ад якога‑н. адзення, покрыва і пад. Зняць шапку. Зняць павязку. □ Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Гартны. // Разм. Грабячы, раздзець.

3. Спыніць дзеянне чаго‑н.; адмяніць. Зняць блакаду. Зняць судзімасць. □ — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачванне, бо ён памыліўся. Чорны. // Вызваліць, збавіць сябе ад чаго‑н. (звычайна ад таго, што непакоіць, прыгнятае). Зняць з сябе віну.

4. Сабраць, садраць, зрэзаць тое, што пакрывае якую‑н. паверхню ці з’яўляецца верхнім слоем чаго‑н. Зняць вяршкі. Зняць кару з дрэва. □ Цяжка было цягнуць .. [барсука], а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Маўр.

5. Сабраць пасля паспявання (збажыну, плады, агародніну). Зняць ураджай. □ У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар. Непачаловіч. // Спец. Атрымаць (прадукцыю) у выніку вытворчага працэсу. Зняць як можна больш дэталей з кожнага станка.

6. Адклікаць з якой‑н. работы, заняткаў (звычайна для іншай работы, заняткаў). Зняць жней з поля і паслаць на стагаванне сена. // Адвесці, перавесці з якога‑н. паста, пазіцыі, фронту і пад. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка.

7. Забіўшы, звязаўшы і пад., абясшкодзіць, пазбавіць магчымасці дзейнічаць. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Баранавых.

8. Вызваліць ад работы, звольніць з пасады. Зняць з работы. □ Праўленне зняло Шаройку з пасады брыгадзіра. Шамякін.

9. Адмовіцца ад чаго‑н. (вылучанага, прапанаванага); адмяніць, аб’явіць несапраўдным. Зняць кандыдатуру. Зняць сваю прапанову. □ Рэвалюцыя 1905 года зняла забарону з друкаванага беларускага слова. Юргелевіч.

10. Дакладна аднавіць, скапіраваць, пераносячы на што‑н. (памер, формы, аб’ём, змест і пад.). Зняць мерку. Зняць копію з дакумента.

11. Адлюстраваць на фота- ці кінаплёнцы; сфатаграфаваць. — Зараз мы выпусцім Эму і бегемота Рану, каб таварыш фотакарэспандэнт зняў іх, — сказаў.. той, у акулярах, прымаючы з Кірылкавых рук клетку. Даніленка. // Стварыць (кінафільм).

12. Узяць у наймы. — Вось кватаранта мне прыслалі. Хоча зняць у мяне пакой. Карпаў.

13. Перакласці верхнюю частку стасаваных карт уніз перад раздачай іх ігракам. Зняць калоду.

14. Спыніць дзейнасць каго‑, чаго‑н., выключыць адкуль‑н. Зняць каманду са спаборніцтваў. Зняць устарэлую марку машыны з вытворчасці. // Спец. Лічыць больш не падлягаючым чаму‑н.; пазбавіць чаго‑н. Зняць з забеспячэння. Зняць свіней з адкорму.

•••

Зняць галаву каму, у каго — а) забіць, адсячы галаву; б) сурова пакараць.

Зняць з уліку — перастаць лічыць у складзе якой‑н. установы.

Зняць (скінуць) маску — паказаць сваю сапраўдную сутнасць; перастаць прыкідвацца кім‑н. ці якім‑н.

Зняць падрад — наняцца, падрадзіцца зрабіць што‑н.

Зняць шапку перад кім — выказаць сваю павагу каму‑н.; пакланіцца.

Зняць швы — падрэзаць і выцягнуць ніткі з краёў зашытай раны.

Зняць шкуру (сем шкур) — тое, што і спусціць шкуру (гл. спусціць).

Як рукой зняло што — раптоўна прайшло, знікла бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго‑, што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. □ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі. Чорны. Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі. Лынькоў. // Прадэманстраваць перад кім‑н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус. // Азнаёміць з чым‑н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку. Даніленка. // Даць каму‑н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару. // Прад’явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск. Якімовіч.

2. што, на каго-што і без дап. Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю‑н. увагу на каго‑, што‑н. Паказаць дарогу на станцыю. □ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла. Пальчэўскі. — Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах. Шчарбатаў. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль. // перан. Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях. Глебка.

3. што і з дадан. сказам. Растлумачыць, навучыць каго‑н. рабіць што‑н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. □ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары. Ляўданскі. // Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.

4. што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Колас. [Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць. Глебка. // Дабіцца якіх‑н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.

5. што і з дадан. сказам. Апісаць, расказаць пра каго‑, што‑н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж. Колас. // Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Бярозкін.

6. што і з дадан. сказам. Выявіць, раскрыць што‑н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. □ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі. Г. Кісялёў. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Шамякін. // З’явіцца сведчаннем чаго‑н.; даць падставу для якога‑н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша... Кавалёў. // Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек. Колас.

7. што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія‑н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. □ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Шыцік.

8. з дадан. сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было. Мікуліч.

9. каму. Разм. Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую‑н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей. Колас. — Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад. Якімовіч.

•••

Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (гл. падаць).

Паказаць вочы — паявіцца дзе‑н.

Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго‑н.

Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.

Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.

Паказаць на дзверы каму — прапанаваць каму‑н. выйсці.

Паказаць прыклад — паслужыць узорам.

Паказаць пяткі — хутка ўцячы.

Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.

Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.

Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)