ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

оI (об, обо) предлог

1. с вин. (для обозначения сближения, столкновения, соприкосновения) аб (каго, што);

уда́риться о ка́мень уда́рыцца (вы́цяцца) аб ка́мень;

во́лны бью́тся о бе́рег хва́лі б’ю́цца аб бе́раг;

2. с вин. (для указания на смежность: рядом, вплотную) у (што);

бок о́ бок бок у бок, плячо́ ў плячо́;

3. с вин. (для обозначения времени) уст., прост. у (што);

в ту по́ру у той час;

4. с предл. (для указания на предмет мысли, речи, чувства и т. п.) аб (кім, чым), пра (каго, што); аба (употребляется только в сочетании: «обо мне» аба мне); кроме того, иногда, особенно для обозначения предмета сожаления, огорчения и т. п., переводится предлогом па (кім, чым);

весть о побе́де ве́стка аб перамо́зе (пра перамо́гу);

говори́ть о литерату́ре гавары́ць пра літарату́ру (аб літарату́ры);

я вспомина́ю о тебе́ я ўспаміна́ю пра цябе́ (аб табе́);

пла́кать о ко́м-л. пла́каць па (аб) кім-не́будзь;

ты обо мне не горю́й ты па мне (аба мне) не бяду́й;

5. с предл. (для указания на количество частей, членов и т. п., из которых состоит предмет) з (чым), на (чым);

па́лка о двух конца́х па́лка з двума́ канца́мі;

стол о трёх но́жках стол на трох но́жках (з трыма́ но́жкамі);

6. с предл. (для обозначения времени) уст. на (чым и што); у (што);

о заре́ на світа́нні; кроме того, иногда переводится также конструкциями без предлога;

о весне́ вясно́й, уве́сну;

па́лец о па́лец не уда́рил па́льцам не паварушы́ў, па́льцам аб па́лец не ўда́рыў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, па чым і чым. Гучна, з шумам пляскаць, удараць плазам чым‑н. мяккім, гнуткім па чым‑н. мяккім, вадкім, вільготным. На супрацьлеглым баку азярка каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Карпюк. Даніла марудна і нязграбна шлёпае вёсламі па вадзе, а бераг паволі адсоўваецца разам з людзьмі. Карамазаў. // каго. Біць, пляскаць каго‑н. рукой, далонню (звычайна злёгку, нямоцна). Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. // што. Разм. Кідаць, шпурляць што‑н. мяккае, вільготнае ці што‑н. плазам. Звыклым запаволеным рухам, нават не пазіраючы, куды выпроствае руку, бярэ [Зіна] цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі, што стаіць на ўслоне між ёй і Марутай, шлёпае іх на днушка і скоранька рэжа. Кудравец.

2. Разм. Тое, што і шлёпацца. Звіняць над панадворкам жукі, шлёпаюць аб сцяну, покаюць на дол, — Выжлятніку пад ногі. Пташнікаў.

3. Разм. Утвараць невыразны, глухі, прыглушаны гук пры ўдары, падзенні, хадзе, сутыкненні і пад. Абгрызаючы і абсмоктваючы косці, .. [Суконка] так цмокаў і шлёпаў тоўстылі, шырокімі губамі, што не вытрымліваў нават Чорны Фомка. Паслядовіч. Толькі чуваць было, як шлёпалі па падлозе матчыны босыя ногі. Сачанка. // Утвараць шум, глухія гукі, ідучы, едучы і пад. па вадзе, балоце, гразі і пад. Ногі шлёпаюць па мокрым тратуары, больш як трэба згінаючыся ў каленях. Скрыган. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоце і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Кулакоўскі.

4. Разм. Спадаць, звальвацца (пра вялікі або разношаны абутак). Туфлі шлёпаюць.

5. Разм. Ісці, хадзіць, крочыць. Канём прасілі па чарзе. Адзін сядзеў у санях, двое шлёпалі пехатою. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замкну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.

1. Зачыніцца (пра замок) або зачыніцца на замок, ключ.

Замок замкнуўся.

З. ў пакоі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца канцамі.

Ланцуг электраправодкі замкнуўся.

Круг замкнуўся (перан.: усё вытлумачылася, стала на свае месцы).

3. перан., у што, у чым і без дап. Адасобіцца, перастаўшы мець зносіны з іншымі.

З. ў сабе.

З. ў сваёй праблеме.

|| незак. замыка́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; наз. замыка́нне, -я, н.

Кароткае з. (спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

акружы́ць, акружу́, акру́жыш, акру́жыць; акру́жаны; зак.

1. каго-што. Размясціцца, стаць вакол каго-, чаго-н., утварыўшы круг або замкнёную лінію.

А. армію непрыяцеля.

А. участак прысадамі.

2. перан., каго-што і чым. Стварыць вакол каго-н. якія-н. умовы, устанавіць тыя ці іншыя адносіны.

А. бацькоў увагай і клопатамі.

3. каго-што і кім. Наблізіць да каго-н. якіх-н. асоб, стварыўшы з іх групу блізкіх людзей.

А. сябе аднадумцамі.

|| незак. акружа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. акружэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бада́й (разм.).

1. часц. Ужыв. для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёнаў.

А б. ты прапаў!

2. пабочн. сл. Выказвае дапушчэнне якой-н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым-н.

Па багацці ўбораў няма б. прыгажэйшай пары года, як восень.

3. прысл. Амаль.

Тут некалі корчмы стаялі б. праз кожныя дзесяць кіламетраў.

Бадай ці не... — падобна на тое, што.

Бадай што

1) магчыма што, відаць што.

Бадай што я з вамі згодзен;

2) амаль, амаль што.

Мы ўжо праехалі бадай што паўдарогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

грымірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; незак., каго-што.

1. Накладваць грым з мэтай надання акцёру патрэбнага для яго ролі выгляду.

2. пад каго або кім-чым. Пры дапамозе грыму надаваць каму-н. якую-н. знешнасць.

Г. пад селяніна.

Г. артыста клоўнам.

|| зак. загрымірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны і нагрымірава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны.

|| звар. грымірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся; зак. загрымірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся.

|| наз. грыміро́ўка, -і, ДМо́ўцы, ж. і грымірава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

даказа́ць, -кажу́, -ка́жаш, -ка́жа; -кажы́; -ка́заны; зак.

1. што. Дагаварыць да канца.

Дайце яму д. сваю прамову.

2. што. Пацвердзіць што-н. фактамі, довадамі.

Ён даказаў правільнасць сваіх меркаванняў.

Д. сваю адданасць справе.

3. на каго (што). Зрабіць данос, нагаварыць на каго-н. (разм.).

4. (часцей з адмоўем). Зраўняцца з кім-н. у чым-н., зрабіць так, як не зробіць ніхто (разм.).

Мая жонка пячэ такія пірагі, што і іншы кандытар не дакажа.

|| незак. дака́зваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)