зае́здзіць 1, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго.

Знясіліць частай і працяглай яздой, работай. Заездзіць каня. // перан. Разм. Змучыць непасільнай работай. Кулак Лукаш на цагельні гэтак заездзіў парабка Івана Заіку, што той не пікне. Сабаленка.

зае́здзіць 2, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Пачаць ездзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасплю́шчваць 1, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., што.

Сплюшчыць (вочы) — пра ўсіх, многіх (гл. сплюшчыць ​1).

пасплю́шчваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сплюшчыць усё, многае (гл. сплюшчыць ​2). Пакуль мы хадзілі, шафёр трошкі пасплюшчваў трубкі, каб не так хутка выцякала вада. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

1. Пагрэцца вельмі моцна, больш, чым трэба. [Шафёр:] — Зірніце, аж у двух месцах радыятар прабіты. Вада ўся выцекла, і матор перагрэўся. Сабаленка.

2. Знаходзячыся доўга пад сонечнымі праменямі, у лазні і інш., нанесці шкоду свайму здароўю. Перагрэцца на сонцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правінцыя́л, ‑а, м.

Уст. Жыхар правінцыі (у 3 знач.). Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы. Скрыган. // Разм. зневаж. Чалавек з адсталымі, абмежаванымі поглядамі. — Дык ты, чалавеча, хоць і ў сталіцы жывеш, а мо большы правінцыял, чым тутэйшыя людзі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракаве́тны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі стары, даўні, векавечны. Дарога была выкаўзаная, добра пратораная саньмі і зацішная, бо ішла яна дзе чарналессем, а дзе і пракаветным борам. Сабаленка. На вачах выпростваў горад свае пракаветныя крывыя вуліцы, падаваўся ўшыркі, рос угору гмахам новых камяніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракармі́цца, ‑кармлюся, ‑кормішся, ‑корміцца; зак.

Забяспечыць сябе ежай, кормам. Гэтай палянкі зусім даволі было, каб засеяць збожжа ды бульбы і гэтым пракарміцца да новага ўраджаю. Чарот. [Галя:] — На адной стыпендыі .. не вельмі параскашуешся, а мне ж трэба не толькі пракарміцца, але і апрануцца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыглу́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыглушыць.

2. у знач. прым. Трохі аслаблены, не моцны. З царкоўнай вежы слаба даносіўся прыглушаны голас званоў. Колас. Ціха шасцелі газеты і кнігі, і адно толькі чуўся прыглушаны, як з-пад падушак, пошапак. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.

Намачыўшы, зрабіць мяккім, разбухлым. Размачыць сухар. □ З лагчыны дыхнуў вецер — запахла прэлым леташнім лісцем, яго размачыў дождж, распарыў. Пташнікаў. Заліўны дождж.. размачыў поле, і футбалістам гуляць стала коўзка. Сабаленка.

•••

Размачыць лік — адкрыць лік (у спартыўнай гульні).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ла, ‑а, н.

Адгаліненне ствала дрэва; тоўсты сук. Дрэвы раслі на прыволлі: яны былі высокія, мажныя ў абхваце, з разгалістымі раламі. С. Александровіч. Непадалёку ад хаты, пры самым плоце, расла ў два абхваты ліпа, у ралах якой была прымайстравана старая барака. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцяро́б, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расцярэбліваць — расцерабіць.

2. Месца, дзе расцерабілі лес, кусты. Людзі пачалі перабірацца сюды бліжэй і асяліліся тут у лесе на расцяробе. Мурашка. Надвячоркам, калі каровы яшчэ не вярнуліся з пашы, Галя хуценька пайшла на расцяробы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)