святле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца светлым або больш светлым. На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя, буйныя зоры. Самуйлёнак. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю — яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барв[я]нцам. Лынькоў. // перан. Станавіцца радасным, прыветлівым. Але вось я заўважаю — [Вароніч] пачынае святлець, напружанасць яго спала, нарэшце з’явілася здагадлівая ўсмешка, і ён ужо, відаць разабраўшыся ў сім-тым, дачытваў апошнія радкі з выразам агіды і абурэння. Ракітны.
2. безас. Пра надыход раніцы, дня. Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Бураўкін. Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на дзень. Колас. Бярэцца пад дзень. Святлее. Бядуля. // перан. Пра ўзнікненне радаснага, добрага, вясёлага настрою. Прыемна і цікава было бачыць, як за адну ноч усё раптам робіцца не такім, як учора, набывае новы выгляд, нібы аднаўляецца. Не дзіўна, што ад гэтага і ў душы святлее. Шамякін.
3. перан. Станавіцца больш ясным, ураўнаважаным (пра свядомасць, думкі і пад.). Але паступова думкі.. [Максіма] святлелі. Шамякін. / у безас. ужыв. І тут, мусіць ад напружання, у галаве раптам святлее. Карпюк.
4. Выдзяляцца сваім светлым колерам; віднецца. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Лынькоў. Адзенне пакамечанае, забруджанае, толькі дзе-нідзе святлелі жоўтыя кружочкі латаў. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.
2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.
3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.
4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.
•••
Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.
1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.
2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.
•••
Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.
Даць сябе адчуць гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.
2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».
1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.
2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здзе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Дагавор паміж дзвюма асобамі або арганізацыямі аб якіх‑н. узаемных абавязацельствах (звычайна гандлёвых). Гандлёвая здзелка. Зрабіць здзелку. □ Усё ўжо было ўладжана — і цана і парадак куплі-продажу, як раптам тэлеграма: здзелкі не адбудзецца. Быкаў. // Тайнае пагадненне аб якіх‑н. дзеяннях (звычайна нядобрых) на аснове ўзаемнай выгады; змова. Лозунг усенароднага ўстаноўчага схода сам па сабе, асобна ўзяты, ёсць у цяперашні час лозунг манархічнай буржуазіі, лозунг здзелкі паміж буржуазіяй і царскім урадам. Ленін.
•••
Здзелка з сумленнем — учынак супраць уласных перакананняў.
Міравая здзелка — прымірэнне бакоў на любой стадыі судовага працэсу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наперарэ́з,
1. прысл. Перасякаючы чын‑н. шлях, напрамак руху каго‑, чаго‑н. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Шамякін. // Перасякаючы што‑н. Забегалі вочы ў Тамаша, ён наперарэз цераз пляц хутка пайшоў, каб паглядзець кароў. Гурскі.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперарэз» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто‑, што‑н. перасякае. Бегчы наперарэз машыне. □ Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Колас. [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пару́шыцца, ‑шыцца; зак.
1. Перарвацца, спыніцца ў сваёй плыні, звычайным ходзе дзеянняў. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. // Страціць стройнасць, зладжанасць, парадак. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка.
2. Крануцца, сысці з месца; зрушыцца. [Зося] як абярнулася пры ўваходзе гасцей у хату тварам к дзвярам, так і стаяла, не хочучы парушыцца з месца. Гартны. Мар’янка не парушылася, не аднімала рук ад твару. Колас. // перан. Страціць упэўненасць у чым‑н.; адступіць. [Дулеба] не парушыўся ў сваіх перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакасі́ць 1, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., што.
Зрабіць што‑н. касым, несіметрычным; скрывіць. Перакасіць раму. Перакасіць каўнер. □ Твар у жанчыны раптам змяніўся: яго перакасіла нянавісць. Скрыган. / у безас. ужыв. Твар у .. [Алы] перакасіла гневам. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары. Карпаў.
перакасі́ць 2, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак.
1. што. Скасіць далей за вызначаную мяжу. Дзямян з.. [Мікітам] не сварыўся, не пераараў яму мяжы, не перакасіў. Пестрак.
2. перан.; каго. Скасіць, знішчыць, загубіць усіх, многіх. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў, стралялі з гармат і быццам бы перакасілі процьму фашыстаў. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)