складскі́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да склада 1 (у 2 знач.). Складское памяшканне. Складская маёмасць. □ Ішлі з паўгадзіны і выйшлі на вялікі, адгароджаны калючым дротам дзядзінец. Там бялелі сцены нейкіх доўгіх складскіх будынін. С. Александровіч. // Які ажыццяўляецца на складзе (складах). Складское захоўванне тавараў. Складскі ўлік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарцёжны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для чарчэння. Чарцёжны стол. Чарцёжная лінейка. □ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.
2. у знач. наз. чарцёжная, ‑ай, ж. Памяшканне, спецыяльна абсталяванае для чарчэння; майстэрня, дзе робяць чарцяжы. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ска́рбец ‘скрынка для захавання грошай (асабліва царкоўных)’ (Нас.), скарбе́ц ‘тс’ (Байк. і Некр.), ‘капліца з магільнымі склепамі’ (Сцяшк.). З польск. skárbiec ‘памяшканне для захавання грошай, кладоўка’ (Кюнэ, Poln., 96). Ст.-бел. скарбець з ст.-польск. skarbiec; гл. Булыка, Запазыч., 299. Сюды ж, відаць, ска́рбец ‘жывёлагадоўчая ферма’ (Сл. рэг. лекс.) — з незразумелай матывацыяй (для “грамадскай” жывёлы?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лаба́з ’яма, склеп для агародніны’ (Сцяшк.), ’памяшканне, прызначанае для продажу або захоўвання зерня, мукі’, ’склад розных тавараў’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе лаба́з, лоба́з, лабо́з, ла́вас ’свіран для мукі; павець, пуня, мякіннік’, ’стажар’е на палях пад сцірту, стог’, ’памост на дрэве’ і інш. < комі lobos ’будан’, вянг. lomb ’лісце, галіна’ (Каліма, FUF, 18, 30).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сутарэ́нне ’памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле’ (ТСБМ), ’склеп, лёх’ (Некр. і Байк.). Ад польск. suterena ’(жылы) падвал’, suteryna ’тс’, якія запазычаны з франц. souterrain ’падземны; падзямелле; падземны ход’ ад лац. subterraneus, якое складзена з sub‑ ’пад’ і terra ’зямля’ (SWO, 714; Голуб-Ліер, 459). Канец зменены пад уплывам блізкага па значэнню скляпенне, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
анга́р, ‑а, м.
Спецыяльнае памяшканне, у якім захоўваюцца, стаяць і рамантуюцца самалёты. Загудзеў матор, узняўшы перад самалётам вецер, і, быццам хаваючыся ад гэтага ветру, пабеглі назад ангары. Шахавец. Ззаду, як на далоні, відзён стаў увесь гэты аўстрыйскі гарадок, пярэднюю палову якога займалі доўгія, быццам ангары, гмахі завода. Быкаў.
[Фр. hangar.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Памяшканне для стоража, невялікая хатка. Леснікова старожка, у якой жыў Дземідзёнах, у тыя дні была поўна раненых. Чыгрынаў.
2. Разм. Жанчына-стораж. [Лютынскі:] Старожка ідзе; я скажу, каб самавар паставіла. Крапіва. Тут мяне сустрэла наша школьная старожка цётка Аўдоля. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутарэ́нне, ‑я, н.
Памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле. Наверсе жылі жандары, а ўнізе ў сутарэнні — майстэрня. Галавач. Камера ў сутарэнні гэтага ж будынка была вузкая, сырая і вельмі цёмная. Кулакоўскі. [Чыжыку] пачало здавацца, што ён у крэпасці. У тым самым сутарэнні, дзе ляжаць параненыя. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увахо́дзіны, ‑дзін; адз. няма.
Разм. Урачыстая гулянка з выпадку перасялення на новае месца, у новае жылое памяшканне. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. Заўтра тут расставяць сталы і лаўкі, і напоўніцца хата шумам-гоманам вясёлых уваходзін. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыта́льня, ‑і, ж.
Спецыяльна абсталяванае памяшканне пры бібліятэцы, клубе і пад. для чытання ці заняткаў. Выпісаў калгас у сваю чытальню сёлета на тры тысячы рублёў газет, часопісаў. Бялевіч. Сапраўды добры [клуб]. Тут і .. лекцыйная зала, і бібліятэка, і чытальня, і пакоі для гурткоў мастацкай самадзейнасці. Дадзіёмаў.
•••
Бібліятэка-чытальня гл. бібліятэка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)