абце́рціся, абатруся, абатрэшся, абатрэцца; абатромся, абатрацеся; пр. абцёрся, ‑церлася; заг. абатрыся; зак.
1. Абцерці сябе; выцерціся. Абцерціся ручніком. □ Потым [Пятрок] збольшага абцёрся рукавамі сарочкі і ўвайшоў у хату. Нікановіч. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Чарнышэвіч. // Ачысціцца, выцерціся, стаць бліскучым ад частага ужывання, трэння. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцерціся ад частага ужывання, нашэння, трэння. Фарба на шафе абцерлася. □ Калі [Сідар] узяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач.
3. перан. Разм. Засвоіць манеры, набыць звычкі, прынятыя ў калектыве, асяроддзі. Цяжка было ў школе, пакуль збольшага абцёрся. Таўлай. Нібыта Гарбачэня, няўжо ж, — прыглядаючыся, гаварыў пастух. — А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.
1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.
2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.
3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуллі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вясёлы, жартаўлівы. Гуллівы настрой. □ Голас у .. [Аксаны] чысты, лёгкі, і песня гэткая ж лёгкая і гуллівая, як бліскучыя чорныя яе вочы. Галавач.
2. Ахвочы пагуляць; гарэзлівы, шустры. Гуллівае дзіця. Гуллівая вавёрка. □ Мігатліва бліскацелі трапяткія крылачкі гуллівых стракоз. Пестрак. // перан. Рухавы, зменлівы. [Жыта] то калышацца вясёлымі гуллівымі хвалямі, то нікне шэрымі каласамі ў нейкай задуме. Дуброўскі. Зіму змыюць паводкі гуллівыя. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дазору, прызначаны для дазору. Дазорная служба. Дазорная вышка. Дазорны атрад.
2. у знач. наз. дазо́рны, ‑ага, м. Тое, што і дазорац (у 2 знач.). Драмалі партызаны, то лежачы па адным, то па некалькі чалавек разам, а наперадзе бязгучна хадзілі ўздоўж рэчкі дазорныя. Галавач. Глядзі, дазорны, пільнымі вачыма, Даль аглядай трывожную як след. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць адвыкнуць ад чаго‑н. Адвучыць ад дрэннай прывычкі. □ Тры гады, якія пражыла Малання ў горадзе, адвучылі Кандрата бачыць у ёй сваю сялянку. Галавач. [Трахім:] — Мне яшчэ ў маладосці адзін вучоны чалавек гаварыў: «Калі ваўку не даваць мяса змалку, дык можна адвучыць яго ад драпежніцтва». Пальчэўскі.
2. Разм. Закончыць вучэнне, перастаць вучыць, навучаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адры́вісты, ‑ая, ‑ае.
Які раптоўна абрываецца; перарывісты (пра гукі). Зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Брэх вясковых сабак пераклікаўся з глухім адрывістым брэхам нямецкіх аўчарак. Васілевіч. // Пра гаворку, якая перапыняецца частымі паўзамі, складаецца з асобных слоў, кароткіх, рэзкіх выказванняў. Злосна і падоўгу круціць дзяжурны ручку апарата, а пасля гэтак жа злосна і падоўгу крычыць у трубку адрывістыя, неразборлівыя словы. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каза́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. казаць (у 1 знач.). [Унук] перабівае ціхую стройную плынь казання і слухання. Гарэцкі. // Размовы, гутарка. — Крычым мы таму, што казаць не ўмеем. Казанне наша мала дапамагае, дык мы крычым. Галавач.
2. Прамова рэлігійна-павучальнага характару; пропаведзь. У нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка. Скрыган. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злава́ць, злую, злуеш, злуе; злуём, злуяце; незак.
1. каго-што. Выклікаць, абуджаць злосць у каго‑н. Мяне.. асабліва злавала чамусьці прысутнасць дзяўчыны. Карпюк. Лёдзя села за стол і, каб не злаваць бацьку, узялася сілком есці. Карпаў.
2. Тое, што і злавацца. [Таня] злавала на дзяўчат, калі тыя пачыналі размаўляць, не вытрымліваючы маўчання. Шахавец. Бурліць вадаспад, злуе, успенены злосцю, імчыцца па каменных глыбах. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лібера́л, ‑а, м.
1. Прыхільнік лібералізму (у 1 знач.); член ліберальнай партыі.
2. перан. Разм. Той, хто ліберальнічае, займаецца шкодным патураннем. [Сівалоб:] — Дзе ваша пільнасць! Вы — гнілы ліберал! Лепш зусім нічога не пішыце пра ферму, чым узносіць на шчыт немаведама каго. Сабаленка.
3. Уст. Чалавек, які свабодна мысліць; вальнадумец. Наздра ў горадзе лічыўся лібералам і сам аб гэтым заўсёды казаў з задавальненнем. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)