патрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; незак., каго-што.

1. Вымаць вантробы. Патрашыць курыцу. □ [Дзядзька:] — Будзеш патрашыць рыбу і класці ў крапіву... Місько. [Матросы-рыбакі] рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Караткевіч.

2. перан. Разм. Даставаць, выцягваць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Тры немцы патрашылі ранцы і рэчавыя мяшкі палонных. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым.

Разм. Шоргаць некаторы час. [Пячнік] выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. Міша моцна стукнуў клямкай сенечных дзвярэй, спехам пашоргаў нагамі аб падлогу. Якімовіч. // Разм. Пайсці шоргаючы. — Пабудзі! .. — амаль загадаў Казюк, і Кастан, завесіўшы акно, пашоргаў у другую камору. Броўка. «Ляжы!» — строга адказала бабуля і пашоргала да акна. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак.

1. што. Распароць усё, многае. Перапароць усе швы.

2. каго-што. Пакалоць чым‑н. вострым усё, многае або ўсіх, многіх.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго. Разм. Перабадаць.

4. што. Разм. Абшукаць усё, усюды. Перапароць увесь двор. □ [Аляксей:] — Ты, брат, не помніш, дзе што кладзеш!.. — Я перапароў усю страху — не знайшоў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераплы́сці і пераплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. пераплыў, ‑плыла, ‑ло; зак., што, цераз што і без дап.

Пераадолець водную прастору ўплаў або плывучы на чым‑н. Пераплысці раку на лодцы. Пераплысці на другі бераг. □ Доўга Гэлька змагалася з бурлівымі хвалямі, стараючыся пераплысці вір... Чарот. Разведчык .. ледзь-ледзь пераплыў цераз Нёман на раненым кані. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Прышыць спадыспаду. Падшыць каўнерык да гімнасцёркі. Падшыць падкладку. // Прышыць падэшву або падносак да абутку. Падшыць валёнак.

2. Прышыць што‑н. падагнутае, падкасанае. Падшыць калошы штаноў.

3. Паклаўшы разам і ў пэўным парадку, змацаваць чым‑н.; далучыць да чаго‑н., змацоўваючы. Падшыць газеты за год. Падшыць даведку ў асабістую справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закруціць, завіць (пра валасы). Пазакручваць вусы. // Замацаваць, завязаць усё, многае. Пазакручваць дротам клямкі дзвярэй.

2. Абвязаць, абматаць чым‑н. усё, многае. Пазакручваць бінтам пальцы.

3. Загарнуць у што‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Маці] пазакручвала ў лахманы малодшых Сяргеевых сясцёр і брата. Чарнышэвіч.

4. Круцячы, завінціць усё, многае. Пазакручваць гайкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закрыць, накрыць чым‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Пазакрываць дзяцей коўдрамі.

2. Скласці што‑н. разгорнутае — пра ўсё, многае. Пазакрываць парасоны.

3. Закрыць, спыніць доступ куды‑н. ва ўсіх, многіх напрамках. Пазакрываць усе дарогі ў горад.

4. Спыніць дзейнасць, існаванне ўсіх, многіх устаноў, прадпрыемстваў і пад. Пазакрываць магазіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазвя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Звязаць, змацаваць усё, многае. Пазвязваць вяроўкі. □ Хлопцы пазвязвалі шнуркамі лыжы, пачысцілі і змазалі канькі і здалі іх на дзетдомаўскі склад — да наступнай зімы. Нядзведскі.

2. Перавязаць, звязаць чым‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Дыскусія магла б зацягнуцца надоўга, але я маргнуў салдатам, каб яны пазвязвалі рукі гітлераўцам. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Пазнаць што‑н., атрымаць уяўленне аб чым‑н. Я пазнаўся з тайнамі юнацтва. Гілевіч. // Адчуць на ўласным вопыце, зведаць. Пазнацца з бядою. Пазнацца са славаю.

2. Добра пазнаёміцца з кім‑н., падружыцца. Пазнацца з суседзямі. □ Толькі два дні прайшло, Шэмет не паспеў яшчэ ні сам добра агледзецца, ні з людзьмі пазнацца. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. чаго. Сапсаваць нейкую колькасць чаго‑н. Напсаваць паперы. □ Стары ўскіпеў: «Вядома, род мышыны Мне столькі напсаваў вашчыны!» Корбан.

2. Прынесці шкоду. [Гендарсан:] — А я вас затрымаю тут на пару дзён. Вы ў мяне пагасцюеце, гер Пфэрдсан! У нас знойдзецца аб чым пагаварыць. Спадзяюся, што гэта не напсуе вашай практыцы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)