чатырохта́ктны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які складаецца з чатырох тактаў; які працягваецца чатыры такты. Чатырохтактная паўза.

2. Такі, у якім рабочы працэс адбываецца за чатыры такты поршня (пра рухавік унутранага згарання). Чатырохтактны рухавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Тое, што і шаснуць (у 1, 2 знач.). Раптам здалося, што за акном па вуліцы нехта прайшоў і шаснуўся ў брамку. Скрыган. Змяя мякка шаснулася ўніз. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыке́ты, ‑аў; адз. шчыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.

Тое, што і штыкеты. Высокія шчыкеты навакол рынку былі аплецены зверху калючым дротам. Якімовіч. За шчыкетам квітнелі чырвоныя, жоўтыя і белыя цюльпаны. Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́лаўка, ‑і, ДМ ялаўцы; Р мн. ялавак; ж.

1. Ялавая карова. Чорная карова-ялаўка насілася берагам, як ашалелая. Пташнікаў.

2. Спец. Скура каровы, якой больш за паўтара года; выраб з такой скуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гвалт, ‑у, М ‑лце, м.

1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго‑н.; здзек. Выходзяць на бітву аршанцы, Суровы ідзе Магілёў, Каб помсціць фашысцкім паганцам За гвалты, за здзек і за кроў. Астрэйка.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н.; уціск. Паказваючы, напрыклад, урадніка, Ф. Багушэвіч падкрэслівае, што ён чыніць гвалт і прымус імем цара. Шкраба.

3. Крык, шум, лямант. Убачыўшы мядзведзіцу ў лесе ці на дарозе, людзі страшэнна палохаліся, узнімалі гвалт. В. Вольскі. Да сябе.. [Люба] не запрашала Ігнася. Ведала, як скрыва паглядзелі б бацькі і які гвалт узняўся б .. у хаце. Мурашка.

4. у знач. прысл. гва́лтам. Супраць волі, жадання; сілай. Мужчыны гвалтам пасадзілі.. [Грэт] у лодку. Маўр.

5. у знач. выкл. Разм. Кліч аб паратунку ў выпадку небяспекі. Ратуйце, гвалт!

•••

Хоць гвалт крычы гл. крычаць.

[Польск. gwalt з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.

2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.

3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.

4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.

5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.

6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́дзіла, ‑а, н.

1. Чучала ў выглядзе чалавека, якое выстаўляецца на палях, агародах для адпужвання птушак. За плотам сярод канапель стаіць там пудзіла, стаіць, здзіўлена растапырыўшы ў бакі рукі, і цікуе за ўсімі з-пад нізка насунутай на колік шапкі. Галавач. У гародзе, за пахілым парканам матлялася на ветры пудзіла на вераб’ёў. Арочка. // перан. Пра тое, што выклікае страх, сполах у каго‑н. Царская Расія была пудзілам для нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Еўропе.

2. перан. Пра неахайна, непрыгожа апранутага, брыдкага чалавека. [Гусоўскі:] — Глядзі, якім пудзілам апранулі! Цікава, для чаго такая маскіроўка? Навуменка. [Насця:] — Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Колас.

•••

Пудзіла (агароднае) гарохавае — пра смешна, безгустоўна адзетага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́т, ‑а, М ‑браце; мн. сабраты, ‑оў і сабрацці, ‑яў; м.

Таварыш па прафесіі, занятку. [Вучоныя:] За гонар мы палічым Прыняць яго [Скарыну] ў наша кола, як сабрата. Клімковіч. Пра дух непакорнасці тых гавару, Каму капітал плаціць кратамі, ссылкай. Там і сёння Сабраццям тваім па пяру Не даходзяць ад маці пасылкі! Арочка. // перан. Разм. Хто‑, што‑н. у шэрагу падобных істот, прадметаў, з’яў. [Шабанаў:] — Рыбы, палічылі мяне за свайго сабрата, якога мора выкінула на бераг. Шыцік. — Што ж датычыцца маіх ведаў і вопыту, — дадаў Гогіберыдзе, — то, па думцы многіх, я не горшы за сваіх сабраццяў. Самуйлёнак. На высокім беразе Заходняй Дзвіны стаіць адзін з самых старадаўніх мураваных будынкаў на тэрыторыі нашай рэспублікі — трэці сабрат Наўгародскага і Кіеўскага Сафійскіх сабораў — Полацкі Сафійскі сабор. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)