небяспе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які пагражае небяспекай, можа прычыніць няшчасце, зло, шкоду. Становішча для рэспублікі стваралася небяспечнае, прыходзілася прымаць надзвычайныя меры. Колас. [Крушынскі:] — Я занядужаў яшчэ раней за вас і мая хвароба больш небяспечная за вашу. Бядуля. // Звязаны з небяспекай, рызыкай. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любі́цца, люблюся, любішся, любіцца; незак.
Разм.
1. Любіць адно аднаго. [Агей:] — Як жаніўся, не хацела дзеўка замуж ісці, хоць і любіліся з ёю. Галавач. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне. Колас.
2. безас. Аб магчымасці, жаданні любіць. Будзьце [людзі] прасцей, будзьце прасцей, Пакуль любіцца. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдрамну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Заснуць неглыбокім сном на кароткі час; задрамаць. Чаму ў першы момант [Зайцоў] не разабраў, адкуль ехалі, цяжка было сказаць, мабыць, усё-такі прыдрамнуў, хоць і ўсімі сіламі не паддаваўся сну. Кулакоўскі. — Чалавек можа прыдрамнуць, недачуць.. уночы, а гэты вартаўнік [аўчарка] — абсалютна верная справа. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́ха, ‑і, ДМ пысе, ж.
Фанабэрыстасць, ганарыстасць. За гэтыя гады Юрага памужнеў, а на яго твары.. з’явілася пыха і самазадаволенасць, хоць у кішэні было па-ранейшаму пуста. С. Александровіч. Мне было відаць, што Піліп Сямёнавіч адразу разгадаў таго фанабэрыстага, гультаяватага дзецюка. Хацеў збіць з яго пыху, трапным жартам падкасіць. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спазне́нне, ‑я, н.
Парушэнне тэрміну выканання, здзяйснення чаго‑н., больш позняя яўка каго‑н.; выкананне чаго‑н. у больш позні час. Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ прыйдуць вучні. Колас. [Васю] вось і пра веснавую сяўбу трэба дбаць, каб, хоць і са спазненнем, управіцца з ёю. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спахмурне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Я сядзеў ля адчыненага акна і з надзеяй пазіраў на спахмурнелае неба: хоць бы адзін прасвет. Шыловіч.
2. Які стаў панурым, сумным (пра чалавека). Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Колас. Па раптам спахмурнелым.. [Алесевым] твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уле́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.
Змагчы прабыць некаторы час у ляжачым становішчы; астацца ляжаць. — Хоць Міхаіл Пятровіч прыпісаў мне пасцельны рэжым, але ўлежаць я не мог. С. Александровіч. Снарады клаліся густа і трапна. Улежаць пад такім агнём было цяжка. Машара. — Ты думаеш, дзеравіна гэта доўга ўлежыць тут? — паківала галавой жанчына [экскаватаршчыку]. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цясля́рны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і цяслярскі. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны. Потым жа, калі завялі пчол у калгасе, Тодар стаў пчалаводам, а Грысь хоць заўжды і дапамагаў яму ва ўсім, больш займаўся цяслярнай справай. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чапяла́, ‑ы, ж.
1. Жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу скаварады. [Зося] спрытна выхапляе чапялою з печы скавараду. Крапіва.
2. перан. Зневаж. Пра высокага, няўклюднага чалавека. Дзе ж Кузьма? Куды падзеўся?.. Дзе ты, злыдзень касавокі? Хоць бы хто, як змёў віхор. Чапяла старая толькі Крадкам выпаўзла на двор. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)