па́мятны, ‑ая, ‑ае.

1. Які добра захаваўся ў памяці, незабыўны. З адной памятай ліпеньскай ночы.. лес для мяне стаў усім — і домам, і школай, і месцам шматлікіх дзіцячых забаў і гульняў. Сачанка. Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым. Броўка.

2. Які служыць для заметак, для даведак. [Уладзік:] — А як ты яго знойдзеш? — Па памятных кніжках Мінскай губерні. Колас.

3. Які служыць для напаміну аб кім‑, чым‑н., які зроблены як памяць аб чым‑н. Памятны медаль. Памятны вымпел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Суправаджаць свістам спевы, танцы; пасвістваць (у такт чаму‑н.). Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Колас.

2. Пасвістваць, свістаць. Аслабелы Шнураў, седзячы на канапе, захроп, прысвістваючы. Гурскі. Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У полі моцна прысвістваў сыраваты вецер, балюча секлі твар сняжынкі. Мыслівец.

3. Гаварыць з прысвістам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́зам, прысл.

Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.

•••

Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.

2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.

3. і без дап. Паліць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барада́ч, ‑а, м.

1. Разм. Чалавек з барадой (у 2 знач.). У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Колас.

2. Вялікая драпежная птушка сямейства ястрабіных з пучком пер’я пад дзюбай. // Пра жывёлін і птушак з бародамі. Барадач-казёл смакуе галінкі маладых дрэўцаў. Сачанка. У прыціхлым асінніку паназіраў за барадачом-глушцом, што карміўся мядзяным лісцем. Ігнаценка.

3. Паўднёвая шматгадовая расліна сямейства злакаў, якая з’яўляецца добрым кормам для жывёлы і выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брод, ‑у, М ‑дзе; мн. брады, ‑оў; м.

1. Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, па якім можна перайсці, пераехаць; пераход, пераезд. [Хлопцы] глядзелі, як Мікалай пераходзіў бродам рэчку. Чорны. [Раманенка] добра ведаў брады і без затрымкі пераправіўся цераз рэчку. Шамякін. Па дарозе можна сустрэць доўгія гнілыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. Сачанка.

2. След, пракладзены на сенажаці, на полі, каб размежаваць участкі. Дзядзька Марцін правёў брод аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпрасі́цца, ‑прашуся, ‑просішся, ‑просіцца; зак.

Просячы, дамагчыся дазволу пайсці, паехаць куды‑н.; адмовіцца ад чаго‑н., не ўдзельнічаць у чым‑н. У нядзелю, калі цывільныя рабочыя не працавалі.. [Эдварду Лявэру] ўдалося адпрасіцца раней на некалькі гадзін пакінуць работу. Чорны. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль. // Просячы, выбавіцца з цяжкага становішча. Ледзь адпрасіўся [ад чарцей] бедны Янук. І ўжо да самай смерці не браў у рот гарэлкі. Сачанка. Ад смерці не адкупішся і не адпросішся. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спады́спаду, прысл.

Знізу, з ніжняга боку. Памачыў [Тараска] пёрка ў тут і намазаў кошцы лапкі спадыспаду, самыя лапкі. Юрэвіч. Пад гарой вялізны камень, сівы ад моху і мокры спадыспаду. Асіпенка. // З-пад чаго‑н. Але вось спадыспаду я выцягнуў яшчэ адну кніжку — «Зямлю» Кузьмы Чорнага. Лобан. // перан. З самых глыбінь чаго‑н. Я сядзеў, успамінаў бацьку, і аднекуль з сярэдзіны, спадыспаду, з самай душы, лезла, кралася думка: майму бацьку ўсё ж будзе лягчэй, чым дзядзьку Яўмену. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступа́к, ‑а, м.

Абл.

1. Частка нагі ад костачкі ўніз; ступня. Пасля першага дня балела ўсё цела, як пабітае, кожны мускул адзываўся болем, пачынаючы ад шыі і канчаючы ступакамі ног. Дамашэвіч. // Ніжняя паверхня ступні; падэшва. Да самых маразоў Нічыпар хадзіў босы, і зноў жа таму, што не любіў якіх-небудзь турботаў. — Ступак у мяне нічога не разбірае, — апраўдваўся ён перад людзьмі. Кулакоўскі.

2. Абутак на ступні ног. Намацвае [Амброзім] пад лавай ступакі, саджае ў іх ногі, апранае кажух. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)