стушы́ць, стушу, стушыш, стушыць; зак., што.
Разм. Звесці зусім; патушыць. [Макрына] пачала дзьмухаць прытухшыя смалякі — зусім стушыла. Баранавых. // перан. Не даць магчымасці развіцца чаму‑н. Бо там... Дзе ўдар З халоднага пагана У дзікай роспачы Стушыў агонь грудзей, Дзе кроў цякла З глыбокай, свежай раны, — Там кветкі вырастуць, Красы, жыцця, надзей!.. Трус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стырно́, ‑а, н.
1. Руль. Камбайн папыхвае дымком, Здаецца — люльку курыць. Сядзіць Аўдуля за стырном, Пад сонцам вочы жмурыць. Калачынскі.
2. перан.; чаго або якое. Кніжн. Тое, пры дапамозе чаго кіруюць чым‑н. Наша партыя .. разбіла і скінула ўладу капітала ў Расіі і ўзяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сурага́т, ‑у, М ‑гаце, м.
Замяняльнік натуральнага прадмета, прадукту, які мае толькі некаторыя яго ўласцівасці. Сурагат слановай косці. Сурагат цукру — сахарын. // перан. Тое, што замяняе сабою што‑н. Мастацкая літаратура толькі тады будзе дзейснай і сапраўднай зброяй у руках партыі, калі яна будзе сапраўды мастацкай, а не сурагатам мастацтва. Чорны.
[Ад лац. surrogatus — пастаўлены замест іншага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапло́, ‑а, н.
1. Прылада, пры дапамозе якой трэплюць лён. З траплом у руцэ ў старой, старой адрыне стаю ля плоймы лёну на калу. Машара.
2. перан. Разм. Чалавек, які гаворыць лухту, бязглуздзіца; многа гаворыць. — Ну і трапло ты, Ваня, першы раз чалавека ўбачыў, а такое гаворыш, — абураецца яго сусед. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трупце́ць, ‑ціць; незак.
Разм. Утвараць глухі нячысты гук (пра надтрэснутую пасуду). — Моцная [міска], — сказала Парфеніха, — не трупціць. Баранавых. / у перан. ужыв. Кірэй падышоў да брата, страсянуў яго руку, прытуліў да сябе і моцна пастукаў яго па плячах, нібы прабуючы на слых, які гук выдае яго цела — Ці здаровае, ці не трупціць. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узме́жак, ‑жка, м.
Край мяжы; мяжа. З агародаў на росныя ўзмежкі выкочваліся пярэстыя і доўгія .. гарбузы. Адамчык. На ўзмежках палеткаў чырванеюць буйныя ягады шыпшыны. Брыль. / у перан. ужыв. Шмат новага адкрывае сёння навука якраз на ўзмежках, што раздзялялі дагэтуль фізіку і хімію, біялогію і фізіку, фізіку і медыцыну і інш. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укле́іць, уклею, уклеіш, уклеіць; зак., што.
1. Уставіўшы, прыклеіць да чаго‑н. Уклеіць карту ў кнігу.
2. перан.; і чым. Разм. Панесці ўдар, моцна выцяць, ударыць; адлупцаваць. [Тамаш:] — Дагані, дагані, сынку, ды цуглямі па хвасце ўклей! Чорны. [Апацей Еўдаксеевіч:] — Я яго, гада печанага, каб уладу меў, разлажыў бы .. ды ўклеіў, ды ўсыпаў... Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ую́н, ‑а, м.
1. Прэснаводная, вельмі рухавая рыба сямейства ўюновых з падоўжаным чэрвепадобным целам. Мяса ўюна тлустае, мяккае і крыху саладкаватае на смак. Матрунёнак.
2. перан. Разм. Рухавы, жвавы чалавек. [Сімачка] здрыганула ножкамі і ўюном выкаўзнулася, каб самой пабегчы да дзяцей. Гроднеў. // Пранырлівы, лаўкач. Гэты ўюн заўсёды выкруціцца.
•••
Віцца ўюном гл. віцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фармазо́н, ‑а, м.
Разм. уст. Тое, што і франкмасон. Фармазоны здаліся.. [Загорскаму] аж да немагчымасці нуднымі, — сядзяць сабе.., як шчуры, са сваімі цыркулямі ды малаткамі, адцягнулі сцены чорным аксамітам, адабралі ад свету яго фарбы. Караткевіч. // перан. Вальнадумец. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Войцік:] — Яму давяраюць. Дзіўна толькі, як не раскусілі гэтага фармазона? Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чапяла́, ‑ы, ж.
1. Жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу скаварады. [Зося] спрытна выхапляе чапялою з печы скавараду. Крапіва.
2. перан. Зневаж. Пра высокага, няўклюднага чалавека. Дзе ж Кузьма? Куды падзеўся?.. Дзе ты, злыдзень касавокі? Хоць бы хто, як змёў віхор. Чапяла старая толькі Крадкам выпаўзла на двор. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)