спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.

2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спры́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спрытнага. Спрытнасць конніка. / Пра рукі, пальцы. Наўмыснік здзівіўся спрытнасці рук гэтага чалавека. Чорны. // Хуткасць у рухах; лоўкасць, спрыт. Хлопец адчуў незвычайную спрытнасць, пераходзячы на польку. Кулакоўскі. Ён — каменшчык, праўда, не знатны яшчэ, Ды, думаю, слава яго не ўцячэ — Такая ўжо спрытнасць у дужых руках, Такая рашучасць у карых вачах. Гілевіч.

2. Тое, што і спрыт (у 3 знач.). [Пасажыр:] — Давялося і мне некалькі гадкоў займець за .. лішнюю спрытнасць у справаздачах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад судзіць (у 3, 5 знач.).

2. у знач. прым. Прызначаны лёсам; абумоўлены чым‑н. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. Ужо даўнавата ў Якава пачало выспяваць перакананне, што тэхніка — яго суджаная дарожка. Кулакоўскі.

3. у знач. наз. су́джаны, ‑ага, м.; су́джаная, ‑ай, ж. Жаніх (нявеста). Ажаніўся суджаны, Шлюб узяў з другой... Куляшоў. Нявесты на радзіме горка плакалі, не прычакаўшы суджаных сваіх. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сып, ‑у, м.

1. Дробныя плямкі, прышчыкі на скуры і слізістых абалонках, якія з’яўляюцца ад некаторых знешніх уздзеянняў (холад, перагрэў і пад.) і ўнутраных прычын (некаторыя інфекцыйныя хваробы, парушэнне абмену рэчываў і пад.). Дзіцятка ж полымем гарэла, Па целу сып злаякасны пайшоў. Корбан. // Разм. Захворванне, пры якім з’яўляюцца прышчыкі, плямкі.

2. Разм. У тэхніцы — невялікая шурпатасць на паверхні металу пры пашкоджанні яго ржой.

3. Разм. У друкарскай справе — рассыпаны шрыфт з пераблытанымі літарамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́інства, ‑а, н.

1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траі́ць, траю, троіш, троіць; незак., што.

1. Разм. Дзяліць на тры часткі. Траіць бервяно.

2. Злучаць у адно з трох. Траіць ніткі. Траіць рады.

3. Спец. Тройчы пераворваць зямлю. Неяк пад восень, калі Аркадзь траіў папар у сваім калгасе, да яго на матацыкле пад’ехаў гэтакі ж малады, як і ён сам, хлопец. Сабаленка. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Прыказка.

4. Страляць, удараць і пад. па трох адначасова. Траіць з ружжа. Траіць на більярдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увагну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Прагнуцца ўнутр, утварыць паглыбленне. Хісткая, прашмуляная нагамі ступенька ўвагнулася і заенчыла пад яго [Пятрэся] ботам. Арочка. Стукнуў .. [сярэдні брат] сваёю булавою, — вароты толькі ўвагнуліся. Якімовіч.

2. Сагнуцца пад цяжарам чаго‑н.; згорбіцца. [Пушкарэвіч:] — Пастушок лямантуе, аж заходзіцца, а .. [воўк] увагнуўся, цягне на плячах авечку і ў вус не дзьме. Гурскі. / у перан. ужыв. Вадаспад тае славы сыплецца, сыплецца градам, А ён [чалавек] увагнуўся і скурчыўся — маленькі пад тым вадаспадам. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уваскрэ́сіць, ‑крэшу, ‑крэсіш, ‑красіць; зак., каго-што.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуць да жыцця таго, хто памёр; ажывіць. [Макар:] — Яго [бацьку] ўжо не ўваскрэсіш. Асіпенка.

2. перан. Выклікаць унутранае абнаўленне, зрабіць зноў жыццядзейным; аднавіць чые‑н. сілы. Спорт уваскрэсіў ранейшую сілу і спрыт. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне аб чым‑н., аднавіць у памяці што‑н. забытае. Я жыў у снах і дзень, і два, і месяц, каб хоць на міг твой вобраз уваскрэсіць. Федзюковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́шлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае ўдушша. Удушлівыя газы. // Які спірае дыханне, робіць яго цяжкім. Удушлівае паветра. □ Ахуталі ўсе бастыёны Агонь і ўдушлівы дым. Бачыла. Па густым і ўдушлівым паху канапель Багдан адчуў, што падыходзіць да Гугелевага агарода. Кулакоўскі. // перан. Які гняце, прыгнятае. Час, калі Мікалай Шчакаціхін пераступіў парог Маскоўскага універсітэта, быў навальнічна ўдушлівы. Ліс.

2. Такі, як пры ўдушшы. Усю зіму ледзь не ўсе палітвязні мелі хранічную прастуду і ўдушлівы кашаль. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узва́р, ‑у, м.

Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)