Ра́кавіна1 ’прамежак паміж капытоў у жывёлін’, ’раздвоены капыт (каровы, свінні, казы)’ (ганц., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), ракава́ціна (ганц., Сл. ПЗБ), рако́ўня (чэш., ЛА, 1), ра́кавішкі мн. л. (круп., Лекс. ландш., 56), ра́кавіца (добр.). Істотна, што назва азначае менавіта раздвоены капыт парнакапытных (каровы, свінні, казы). Па існуючай этымалогіі выводзіцца ад *raky, *rakъve ’абалонка’ (Фасмер, 3, 439). Аднак дня акрэслення першаснага значэння трэба звярнуць увагу на ўласна ’прамежак’, адсюль ра́кавіна развівае старажытную семантыку раздвоенасці ці выгнутасці (гл. рак1, 3, ракі).

Ра́кавіна2 ’ракавіна малюска’ (ТСБМ, Мат. Гом.), з-за адзінкавасці фіксацыі ў народнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. ра́ковина ’тс’.

*Ра́кавіна3, ра́ковіна ’нарост, гуз на дрэве’ (ТС). Імаверна, звязана з рак2 (гл.) ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рукая́тка ’частка прылады, за якую трымаюцца пры карыстанні’, ’частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, павароту і пад.’, рукая́ць ’рукаятка’ (ТСБМ); рукавя́тка ’тс’ (Касп.), рукавя́тка, рукава́тка ’кассё’, рукавя́тка, рукава́дка, рукая́тка ’ручайка’ (Сл. ПЗБ), рукая́тка ’ручка ў матавіле’, ’жменя лёну’ (міёр., Ск. нар. мовы), рукъвя́тка ’ручайка’ (круп., Нар. сл.). Укр. рукоя́тка, рукі́вʼя, рус. рукоя́ть, дыял. рукоя́тка, польск. rękojeść, чэш. rukojeťrukověť ’кіраўніцтва’), славац. rukoväť ’рукаятка’ і ’кіраўніцтва’, славен. rokovet ’пучок, жменя’, серб.-харв. ру̏кове̄т ’тс’, балг. ръкова́дка ’тс’, макед. раковатка ’тс’, ст.-слав. рѫкоѣть, рѫковѣть ’жменя, ахапак’. Прасл. *rǫkojětь, *rǫkovětь ’тое, што ахопіць рука’ — складаныя словы з *rǫkou̯ (дэрыват ад *rǫka, гл. рука) і *jęti ’браць’ (параўн. стараж.-рус. яти ’браць’, гл. яць, няць). Падрабязней гл. ESJSt, 13, 781 (з літ-рай); Фасмер, 3, 515.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступно́е, ‑ая, ‑ое.

1. Які прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Адступныя грошы.

2. у знач. наз. адступно́е, ‑ога, н. Разм. Плата, якая прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. [Паціеўскі:] Яны згадзіліся, што Пшыкальскі дасць Пытлевічу адступнога, і Пытлевіч сабе сваю студню выканае. Чорны. — Я табе адступнога дам, — запрапанаваў «святы». Колькі ты просіш? Навуменка. Андрэй набраў туфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Падумаўшы і зразумеўшы няправільнасць сваіх паводзін, намераў і пад., адмовіцца ад іх, змяніць іх. Ды адумалася Чапля, Што дарма за Жураўля, За балотнага суседа, Яна замуж не пайшла. Танк.

2. Разм. Выйсці з задуменнасці, усвядоміць што‑н. (пасля чаго‑н. нечаканага, раптоўнага); апамятацца, схамянуцца; сабрацца з думкамі. Сашка падышоў да самага таго стала, дае быццам быў прэзідыум. І ўжо сеўшы, ён адумаўся, што тут жа яго ніхто не ведае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́мак, ‑мка, м.

1. Умацаванае жыллё феадала. На сцяне вісела літаграфія ў рамцы — сярэдневяковы, з вежамі і гатычным дахам, замак на беразе возера. Карпаў. Тут, на землях радзівілаўскіх, пакутуюць людзі, а за жалезнымі варотамі, за высокім валам, у змрочным замку Радзівіла адвечнае гора народа. Бялевіч.

2. Палац, вялікі памешчыцкі дом.

3. Уст. Назва некаторых турмаў, астрогаў. Амаль два месяцы прасядзелі яны ў Мінскія замку — так тады называлася гарадская турма. «Маладосць».

•••

Паветраныя замкі — неажыццявімыя, нязбытныя мары, фантастычныя планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да брата (у 2 знач.). Брацкая сям’я народаў. Брацкі саюз. □ Яшчэ мацнейшымі сталі маральна-палітычнае адзінства савецкага грамадства, брацкая дружба ўсіх народаў нашай краіны. Брэжнеў. Дарагая Прыбалтыка, Землі родныя, брацкія! Годы лепшыя бацькавы Там палеглі за працаю. Панчанка.

2. Шчыры, таварыскі, сяброўскі. Брацкія адносіны. Брацкія поціскі рук. Брацкае прывітанне.

3. Які адносіцца да брацтва (у 2 знач.). Брацкія школы.

•••

Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. адзіную справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бронь 1 і (радзей) бро́ня, ‑і, ж.

Замацаванне якой‑н. асобы або прадмета за кім‑, чым‑н., якое робіць іх недатыкальнымі для іншых, а таксама дакумент на такое замацаванне. У Паўла і Васі .. была бронь, аднак хлопцы вырашылі ісці на фронт. Брыль. [Ермаліцкі] падаў на подпіс бронь на зарплату. Скрыган. Леў Раманавіч раптам адчуў, што.. хавацца далей за паперкай-бронню непрыстойна і нават злачынна. Асіпенка.

бронь 2,

У выразе: бронь божа — тое, што і барані божа (гл. бог).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вага́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.

2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.

3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)