сяда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

1. Тое, што і садзіцца. Ты сядаеш [у тралейбус], і ля[ця]ць адлегласці, І ў дзівосны свет трапляеш ты. Лойка. Я стаўлю на бетон чамадан і сядаю на яго зверху. Пінчук. Мы [Рыбка і Зарудны] ў смаляныя лодкі сядалі, Нас клікалі далі. Куляшоў. Сонца сядала, і зелень дрэў кабыла аранжавае адценне. Караткевіч.

2. заг. сяда́й(це). Ужываецца як прапанова, загад сесці. — Што ж вы [Джэк] стаіце? Сядайце, — прапанаваў Ярохін, паказаўшы на крэсла. Шамякін. Правёўшы вялікі і слаўны паход, Чырвонае войска вярталася ў тыл? І раптам сігнал на трывогу падняў: — Сядай, пралетарый, ізноў на каня. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Паставіўшы, змясціўшы куды‑н., устанавіць належным чынам. Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю «канструкцыю». Караткевіч. І толькі зрэдку, трапляючы па справах у гэты дом, у якім калгаснікі ўсталявалі ваўначоску, той-сёй возьме бывала ды і прыгадае Ігната. М. Ткачоў.

2. Зрабіць моцным, устойлівым, надзейным існаванне чаго‑н. Усталяваць уладу. Усталяваць мір на ўсёй зямлі. // Прывесці ў пэўны парадак, наладзіць. Усталяваць жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаўту́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае адносіны да хаўтур, звязаны з хаўтурамі. Хаўтурны абрад. □ Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звону. Караткевіч. Санька — яго таксама ўзялі з сабою — смяяўся і радаваўся, забыўшыся, што гэтая рыба пойдзе на хаўтурны стол. Савіцкі.

2. перан. Сумны, тужлівы. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Быкаў. Усюды панаваў хаўтурны настрой: гаварылі ціха, хадзілі асцярожна, быццам недзе блізка ў хаце быў нябожчык. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш.-ласк. да храпа ​1.

хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чака́н 1, ‑а, м.

1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).

2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).

3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).

4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.

чака́н 2, ‑а, м.

Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Азлоблены, гнеўны, раз’юшаны. Яшчэ і папы тады, ярыя такія, старарэжымныя, былі, і а імі трэба было вытрымаць добрую сутычку. Ермаловіч.

2. Празмерны ў сваім праяўленні; вельмі моцны. Ты толькі ў заўтрашняе глянь! Узнятая напорам ярым, увесь свет калгасная ралля да іншых дзён вядзе, таварыш! Дудар. У гневе ярай бітвы Я перамог амаль. Караткевіч.

3. Поўнасцю адданы чаму‑н. (якой‑н. справе, занятку і пад.). Яры рэакцыянер. Яры манархіст. □ Права народнай гаворкі на ўжыванне ў царкве не маглі адмаўляць самыя ярыя паборнікі царкоўнаславяншчыны і старыны. Шакун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зара́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ранішняя або вячэрняя зорка. Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Караткевіч. Хутчэй, заранка ранняя, Спускайся на зямлю. А. Александровіч. // Увогуле зорка (у 1 знач.). Далёка наперадзе над дарогай успыхвалі густыя, чырвоныя заранкі. Пташнікаў. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў.

зара́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і малінаўка ​1. Івалгі аспрэчвалі першынство па мастацкаму свісту ў чырванагрудых заранак, жаваранкі не ўступалі па спевах чарнапёрым драздам. Вірня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.

2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пялёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Ударацца аб што‑н., утвараючы пры гэтым шум; плюхацца (звычайна пра ваду). Мора ў гэты час было спакойнае і ляніва пялёскалася аб гальку. Паслядовіч. Голас замоўк, але ўсім здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму і паплавы з шолахам дубоў, і Дняпро, што пялёскаўся ля берага. Караткевіч.

2. Рухацца, перамяшчацца ў вадзе, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. У недалёкай рачулцы пялёскаліся, відаць, качкі. Лынькоў.

3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. Каля.. [дачніц], з берага, пялёскаюцца і вішчаць ад захаплення іх дзеці. Васілевіч. З задавальненнем пялёскалася .. [Людміла] каля студні. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)