і́ндэкс, ‑а, м.

1. Паказальнік, спіс, пералік чаго‑н. Індэкс імён. Індэкс тавараў. Індэкс геаграфічных назваў.

2. Лічбавы паказчык, які выражае ў працэнтах паслядоўныя змены якой‑н. эканамічнай з’явы. Індэкс кошту жыцця. Індэкс цэн.

3. У матэматыцы — лічбавы або літарны паказальнік унізе літары, якая ўваходзіць у матэматычны выраз, каб адрозніць яго ад іншых, напрыклад: a5, xn.

4. Спец. Умоўнае абазначэнне звычайна ў выглядзе спалучэння лічбаў або літар, якое надаецца кніжным раздзелам у бібліятэчнай класіфікацыі.

[Лац. index.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́мурзацца, ‑мурзаюся, ‑мурзаешся, ‑мурзаецца; зак.

Разм. Вымазацца, запэцкацца ў што‑н. (звычайна пра твар). Цяпер з яго нельга і вока спусціць: то ён [Вадзімка] не туды затэпае, то ў якую гразь ўлезе і гэтак вымурзаецца, што страх глядзець і трэба грэць на сонцы ваду і мыць. Сабаленка. Усе агрэхі трэба выправіць растворам. А калі кельмы ў руках трымаць не ўмееш? І вымурзаешся ўвесь, і настрой сапсуеш сабе і людзям, і заробіш курам на соль. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсо́хнуць, ‑сохне; пр. адсох, ‑ла; зак.

1. Адмерці, засохнуць.

2. Разм. Страціць здольнасць рухацца, дзейнічаць. [Драпеза:] — У твайго, кажу, бацькі адсохла б рука, каб яго хто прымусіў так рабіць. Паслядовіч. Адсохні тая рука, што на бацьку падымаецца. Прыказка.

•••

Каб табе язык (мазгі, рукі) адсох(лі) гл. язык.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі — клятва ў тым, што я зраблю, зрабіў і пад. што‑н. або што не зраблю, не зрабіў і пад. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азары́ць, ‑рыць; зак., што.

1. Асвяціць, зрабіць бачным. Салют азарыў горад. Святло ад лямпы азарыла твар. □ Маланка яркая на міг кароткі Юнацкі азарыла сілуэт. Гаўрусёў.

2. Зрабіць вясёлым, ажыўленым. Сэрца ласкай азарыць. □ Ты спляці з вясковых кветак Радасці узоры, У цябе ж такія вочы, Што душу азораць. Русак.

3. Нечакана праясніць свядомасць, розум (пра думку, здагадку). У поцемках яго [іспанца] душы Затлела іскра спачування, Якая ўспыхнула на міг І розум азарыла думкай. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у пекле; пякельны. // перан. Незвычайны па ступені праяўлення. На міг здалося, што навокал апраметная цемрадзь. Карпаў. Прыўзнімаю галаву .. і жахаюся: пада мною — прадонне. Чорная, як сажа, апраметная бездань. Сачанка.

2. у знач. наз. апраме́тная, ‑ай, ж. Пекла, падземнае царства. — А вы, бацюшка, — перабіў яго Андрэй, — у Чыжэвічы да свае Юлькі ўсё яшчэ па лёдзе ходзіце ці праз мост? Па лёдзе цяпер страшна, праваліцеся ў апраметную. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да абысці.

2. перан.; каго-што і без дап. Разм. Кранаць пачуцці, турбаваць, хваляваць. Пажары, страляніна па начах у горадзе — недзе рэзалі, недзе білі, а хто каго — Лукавіцына гэта не вельмі абыходзіла. Крапіва. Пісар Дулеба хоць трохі і прыціх, але ўсё яшчэ храбрыцца. І не пісарства дорага яму — пляваць ён хоча на яго і плюе, — яму абыходзіць самы прынцып: ну, што будзе, калі гэтыя сацыялісты возьмуць верх? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

авантуры́зм, ‑у, м.

Дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках, накіраваных на дасягненне лёгкага поспеху, выгады; схільнасць да авантур. Сацыял-дэмакраты, вядома, нічога не могуць мець супроць таго, каб паўстаўшы мужык «дабіў да канца памешчыка», адабраў у яго ўсю зямлю, але яны не могуць удавацца ў авантурызм у пралетарскай праграме, не могуць засланяць класавай барацьбы супроць уласнікаў ружовымі перспектывамі такіх перабудоў землеўладання (хоць бы і дэмакратычных перабудоў), якія акажуцца толькі перасоўваннем класаў або разрадаў уласнікаў. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́здзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., каго-што.

1. Неаднаразова выязджаючы, пабываць у многіх месцах. З таго часу Ніна аб’ездзіла перакладчыцай пры высокім палкоўніку многія вызваленыя часцямі нашай Арміі гарады дзяржаў Заходняй Еўропы. Васілевіч.

2. Прывучыць каня хадзіць у вупражы, пад сядлом. На ўсім скаку мог заарканіць Касым самага дзікага жарабка, за кароткі час аб’ездзіць яго. Даніленка.

3. Яздой зрабіць больш прыдатным; абкатаць. Аб’ездзіць калёсы, матацыкл, машыну.

4. Укатаць, зрабіць прыдатным для язды (пра дарогу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абло́га, ‑і, ДМ, ‑лозе, ж.

1. Даўно не воранае поле, звычайна пакрытае дзірваном, травой. Узараць аблогу. □ За бульбай — аблога, зарослая піжмай, паўзучымі рамонкамі і яшчэ нейкай дзікай травой. Рылько. — Ляглі кругом нечапаныя аблогі, — уставіў Кукарэка. — Адзін сівец... Шчарбатаў.

2. Акружэнне войскамі умацаванага пункта (горада; крэпасці, раёна і пад.) з мэтай яго захопу. Шарэла... Аблогай ачэплен быў гай, Бой глухнуў у вольхах старых... Лойка. // Абкружэнне ўчастка лесу з мэтай правядзення аблавы.

•••

Ляжаць аблогай гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́зіс, ‑у, м.

1. Эканамічная структура грамадства на пэўным этапе яго развіцця. Сацыялістычны базіс.

2. Тое, што і база (у 2 знач.). 1903‑ці год. Зноў стачкі зліваюцца з палітычнай дэманстрацыяй, але на яшчэ больш шырокім базісе. Стачкі ахопліваюць цэлы раён, у іх удзельнічаюць больш сотні тысяч рабочых, масавыя палітычныя сходы паўтараюцца ў часе стачак у цэлым радзе гарадоў. Ленін.

3. У архітэктуры — тое, што і база (у 1 знач.). Базіс калоны.

[Ад грэч. basis — аснова, фундамент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)