навізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць і якасць новага (у 2, 3 знач.). Навізна поглядаў. Навізна ўражанняў.

2. Нешта новае, незнаёмае; тое, што нядаўна адчулі, аб чым нядаўна дазналіся. І кожны раз гэты горад, родны і блізкі, радаваў і хваляваў светлай навізной. Хадкевіч. Усё.. [у кватэры] вабіла навізною, а хатнія рэчы былі расстаўлены па-старому. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́крыўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Тое, чым накрыта зверху што‑н. Накрыўка каструлі. Накрыўка люка. □ Трошкі ўзбоч ад фабрыкі мясціўся старэнькі цвікавы завод. Яго можна было адрозніць па жалезнай з накрыўкай трубе. Сабаленка. Вогнішча абстаўлена чыгункамі, варэйкамі і кацялкамі, у якіх булькоча і, прыўзнімаючы накрыўкі, пускае пару страва. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

Пакрыцца, прыкрыцца чым‑н. зверху; захутацца. Каб не кусалі камары, Ігнат накрыўся посцілкай і спаў. Капыловіч. Лёг, накрыўся з галавой і крыху наплакаў. Чарнышэвіч. Маці, не дачакаўшыся, пакуль спыніцца снег, накрылася вялікай хусткай і пайшла ў Сасновічы па мёд. Брыль.

•••

Хвастом накрыцца (неадабр.) — знікнуць, учыніўшы што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; ‑стаімся, ‑стаіцеся; заг. настойся; зак.

Разм.

1. Доўга, многа пастаяць; правесці доўгі час стоячы. [Пеця] добра настаяўся ў калідоры, перш чым адважыўся прыадчыніць дзверы і зазірнуць у клас. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і настояцца. [Маці:] — Леташняя [настойка] яшчэ. Так настаялася ўжо, што проста чысты спірт. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўза́хапкі, прысл.

Разм.

1. Стараючыся зрабіць што‑н. першым, пераганяючы адзін аднаго ў чым‑н.; наперабой. Да груш было яшчэ з кіламетр, а мы, сарваўшыся з месца, як спуджаныя вераб’і, пускаліся навыперадкі і наўзахапкі падбіралі смачныя паданкі, разграбаючы апалае лісце. Ракітны.

2. Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неакрэ́сленасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць неакрэсленага. Рамэо-Платонаў пераадольваў неакрэсленасць, расплывістасць многіх сваіх папярэднікаў у гэтай ролі. «Полымя». Атмасферы чагосьці важнага, што мае вось-вось адбыцца, вельмі добра адпавядаюць семантычная неакрэсленасць, трывожнасць мовы. Бярозкін.

2. Неакрэсленае становішча. У гэтай неакрэсленасці была і нейкая свая прываблівасць: цікава ж ведаць, чым яно ўсё скончыцца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўпра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы, ж.

Разм. Немагчымасць выканаць, зрабіць усё, што патрэбна; непаладкі ў чым‑н. Вагонаў пятнаццаць, а то і ўсе дваццаць пяць грузіцца [на станцыі] штодня.. Як дзяжурыць бацька на станцыі, дык ужо і цяжкавата, няўпраўка часам бывае. Шынклер. [Лясовіч:] — З камбайнерамі ў нас няўпраўка, прыйшлося паставіць і Амельку і Віцьку. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. пабярог, ‑берагла, ‑берагло; зак., каго-што.

1. Не растраціць, прыберагчы, захаваць. Паберагчы грошы. Паберагчы прадукты.

2. Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да каго‑, чаго‑н., праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. Паберагчы дзіця. Паберагчы здароўе. □ Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дле, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паводле» выражае аб’ектыўныя адносіны і абазначае: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з якімі‑н. прыметамі. Апісанне Палесся падаецца паводле Я. Коласа. □ Гаварыў.. [Туравец] непаслядоўна, паводле таго, як успамінаў, але гэта не змяншала ўражання ад загада. Мележ. Нізкія, паводле даўжыні сваёй, будынкі стаялі паабапал двара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго.

Прымушаць ісці, рухацца хутчэй, панукаючы або сцябаючы чым‑н. Рыгор узлез на воз і падаў Сёмку знак паганяць каня. Гартны.

паганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Ганяць некаторы час. Паганяць галубоў. Паганяць па матэматыцы.

2. Разм. Акучваць, абганяць некаторы час. Паганяць бульбу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)