размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.
2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.
1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць. Шыцік. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага. Якімовіч. А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Паслядовіч. Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы. Шашкоў. // Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая? Машара. Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. Шамякін.
2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага. Лынькоў. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў. Якімовіч.
3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак., звычайна з інф.
Валодаць уменнем, навыкамі рабіць што‑н. Умець танцаваць. Умець іграць на скрыпцы. □ І стралок з.. [дзеда Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас. [Максім Астапавіч] умеў ставіць ветракі. Чорны. Абходчык я дарожны, Люблю людзей і свет І на дарозе кожны Чытаць умею след. Непачаловіч. // Быць абучаным чаму‑н., валодаць якім‑н. майстэрствам. — Кожны год я табе сеяць не буду, — сказаў [Ян]. — Гаспадар павінен умець усё. Чарнышэвіч. Людзей, якія ўмелі грамаце, можна было палічыць на пальцах. Сабаленка. // Валодаць якой‑н. здольнасцю, быць здольным да чаго‑н. [Таўлай] любіў хораша марыць, але зусім не ўмеў хваліцца. Брыль. [Уэст] умеў быць стрыманым, асцярожным і вёў усе свае справы з вялікім поспехам. Гамолка. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе [Глушко] ні пры якіх пераменах. Навуменка. // Магчы зрабіць што‑н. Не толькі есці без цябе не ўмеем, Мы без цябе не ўмеем, мама, жыць. Тармола. Косы мядзяныя, косы — як змеі... Іх параўнаць ані з чым я не ўмею! А. Вольскі. Чаго не бывае ў жыцці, часам трэба ўмець і дараваць. Арабей.
•••
Не ўмець звязаць двух слоў — тое, што і не магчы звязаць двух слоў (гл. магчы).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касаву́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм.
1. Глядзець скоса, убок; касіцца. Даведаўшыся, што Віктар едзе ў Зарэцкую МТС, .. [Рыгор] доўга тлумачыў, як лепш, туды ехаць, і ўсё неадабральна касавурыўся на дзверы кабінета Гардзеева. Даніленка. Аж да самага калгаса буланчык усё яшчэ недаверліва касавурыўся і трывожна стрыг вушамі. Якімовіч.
2. перан. Адносіцца недружалюбна, падазрона, варожа. Касавурыўся на .. [Зараніка] хіба адзін Ваўчок, які ўсё яшчэ лічыў, што мінулагодні нарыс Зараніка і выступленне Паходні .. падарвалі славу МТС. Хадкевіч. — Бачыш, як на цябе касавурыцца родная дачка, дарма што і падарунак здагадаўся за тры гады прывезці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. даўні.
2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.
3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.
2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бало́та, ‑а, М ‑лоце, н.
1. Нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю. Тарфяное балота. Багністае балота. Асушэнне балот. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.
2. толькі адз. Разм. Вялікая гразь на вуліцы, у двары. Балота скрозь на ўсім двары, Куды ні кінеш вокам — смецця горы. Корбан.
3. толькі адз.; перан. Усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Мяшчанскае балота. □ — Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй, — сказаў Сымон. — Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́ла, ‑а, н.
1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.
2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.
3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.
•••
Ні вуха ні рыла гл. вуха.
Суконнае рыла (уст.) — гандляр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.
1. Напоўніць грузам; нагрузіць. Загрузіць машыну мяшкамі. // Заняць, заваліць, запоўніць чым‑н. Загрузіць стол кнігамі. □ Усю зіму возяць туды [на рум] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.
2. перан. Разм. Забяспечыць работай у патрэбнай колькасці. Загрузіць трактары на поўную змену. / Пра чалавека. — Ты не ўяўляеш, як загрузяць цябе, калі тут аграномы, няхай і з сярэдняй адукацыяй, цэняцца, як золата. Хадкевіч.
3. Закласці, засыпаць куды‑н., у што‑н. Загрузіць вугаль у топку. Загрузіць сілас у яму. Загрузіць лён у мачулішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыраўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што да каго-чаго.
Зрабіць роўным каму‑, чаму‑н.; прыпадобніць да каго‑, чаго‑н. Другі, шпаркі, як барабан, голас даводзіў, што плуга да плуга не прыраўнуеш. Чорны. Вядома, што нельга было прыраўнаваць .. [майстэрню] да старой бляхарні. Мурашка.
прыраўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.
Адчуць рэўнасць да каго‑н. Я табе цяпер проста скажу: тады на свяце я нават крыху прыраўнаваў да цябе. Броўка. — А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, — адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша. — О, я прыраўную, Валя. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)