адрэ́зак, ‑зка, м.

1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.

2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.

3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́тара, ‑ы, ж.

1. Пісьмовы знак азбукі, які звычайна абазначае пэўны гук мовы. Літара «в». □ Андрэйка прыхіліўся да стала, цяжка сапе і выводзіць буйныя, нязграбныя літары. Бядуля.

2. У друкарскім наборы — металічны брусок, пераважна з рэльефнай выявай такога, ці іншага друкаванага знака.

•••

Вялікая літара — загаловачная літара, якая адрозніваецца ад малой сваёй велічынёй, а іншы раз і напісаннем.

Літара ў літару — вельмі дакладна, літаральна (паўтараць, пераказваць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.

1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.

2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расі́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Тое, што і рускі. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх з сваім палескім акцэнтам. Колас.

2. Які мае адносіны да Расіі. Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.

1. Кроячы, выкройваючы адзенне або боты, разрэзаць (тканіну, скуру і пад.). Раскроіць матэрыял на касцюм. // Выразаць па мерцы часткі, дэталі чаго‑н. Раскроіць паліто.

2. Парэзаць на часткі (пераважна пра хлеб). [Служанка] наліла яшчэ кавы і раскроіла на дзве лустачкі апошні на талерцы акрайчык хлеба. Брыль.

3. Разм. Нанесці глыбокую сечаную рану; рассячы. [Марыля] махнула рыдлёўкай і адным ударам раскроіла .. [фашысту] чэрап. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжа́ль, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Дошка, пліта з напісаным на ёй тэкстам (пераважна свяшчэнным, культавым).

2. звычайна мн. (скрыжа́лі, ‑ей); перан.; чаго або якія. Пра тое, што захоўвае, куды занесены памятныя падзеі, даты, імёны і пад. Скрыжалі навукі. Скрыжалі гісторыі. □ І славу тую, што ўпісалі мы ў гістарычныя скрыжалі, наш горад панясе ў вякі. Машара. Таемны вы, зямлі скрыжалі! Чаго ў сябе вы не ўпісалі! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́цца, стаіцца; безас. незак., каму (пераважна з адмоўем).

Пра жаданне або магчымасць стаяць, спыніцца на месцы, не рухацца. — Пойдзем на нашу паляну, пагаворым, — прапанаваў Кастусь, бачачы, што Зіне не стаіцца па месцы. Ваданосаў. Затрымайлаў, грузны, чырванашчокі і шыракаплечы чалавек гадоў пад сорак, ужо сядзеў у акаваным вазку і ледзь стрымліваў за лейцы маладую, бы паглянцаваную кабылу, якой ні хвіліначкі не стаялася ў аглоблях. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэрнь 1, ‑і, ж., зб.

Уст. зневаж. Просты народ, людзі, якія належалі да ніжэйшых слаёў грамадства. З маленства.. [поп] расказваў сыну смешныя гісторыі пра мужыкоў і называў іх чэрню. Федасеенка.

чэрнь 2, ‑і, ж.

1. Тэхніка мастацкай апрацоўкі металічных вырабаў, пераважна сярэбраных, пры якой гравіраваны малюнак запаўняецца спецыяльным чорным сплавам (серабра, медзі, серы і інш.). // зб. Вырабы, апрацаваныя такой тэхнікай.

2. Спец. Чорная вугальная фарба арганічнага паходжання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бапіне́нка ’валеная хустка’ (ДАБМ, 946). Дыял. форма, замест *абапіне́нка (да *абапінаць, абапнуць ’нацягваць, абкручваць і г. д.’), што ясна з наступных назваў пераважна вялікай, зімняй, цёплай хусткі, якія прыводзяцца ў ДАБМ: апяна́льнік (945), хустка‑опына, ху́стка‑гопы́нка, ху́стка‑опі́нанка, апіна́ха, апіня́нка, во́пінка, опіна́ка, апі́ненкі (мн.) (946), хустка апіні́стая, напі́нка, апіна́тка, абапіна́ха, ху́стка‑опыно́чка, опіні́нка (947). Параўн. яшчэ апіна́лка ’вялікая хустка’ (Бяльк.). Назвы хусткі, утвораныя ад дзеяслова *pęti, *pьnǫ, вядомыя ў асноўным на поўдні і на паўд. усходзе Беларусі. Параўн. укр. обпина́ти ’надзяваць, нацягваць’, обпи́нка, опи́нка ’род адзення’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)