няла́скавы і неласка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не праяўляе ласкавасці ў абыходжанні з кім‑н.; суровы. Цяпер Зойка гаворыць добра і вучыцца някепска, але няласкавая дзяўчынка, панурая. Арабей. — Ты штось неласкавай стала да свайго паклонніка, Галіна, — сказаў Астапчык, ён быў даўно і добра знаёмы з Галінай і яе братам. Машара. // Які выяўляе суровасць, адсутнасць ласкавасці. Няласкавае абыходжанне. Няласкавы выгляд твару.
2. Няветлівы, недалікатны ў адносінах да каго‑н. Няласкавы прыём. Няласкавы гаспадар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няшча́сце, ‑я, н.
1. Бяда, гора; няшчасны выпадак. Мяне сустрэла першае вялікае няшчасце ў маім жыцці. На лаве пад абразамі ляжыць мой бацька — жоўты, як воск, з заплюшчанымі вачыма. Бядуля. Аднойчы здарылася няшчасце. Студэнту Падацюку шасцернямі сеялкі раструшчыла палец. Дуброўскі.
2. Няўдача, адсутнасць поспеху. Вадзік з усіх сіл шмаргануў вудзільна.. Вось няшчасце — зачапіўся кручок! Гамолка. Паўстанцы таксама любілі гэту дзікую, чарнавокую дзяўчынку, якая парою выручала іх ад голаду і іншага няшчасця. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні, часц. і злуч.
1. часц. узмацн. У адмоўных сказах указвае на поўную адсутнасць чаго-н.; узмацняе адмоўе.
На небе ні хмурынкі.
Нідзе ні расінкі.
Нідзе нікога, ні аднаго чалавека.
2. часц. ўзмацн. Ужыв. ў даданых сказах у спалучэннях са словамі «як», «куды», «хто» і пад., каб падкрэсліць, што дзеянне галоўнага сказа захоўвае сваю сілу пры любых абставінах.
Як ні спяшайся, усё роўна не паспееш.
3. часц. адмоўная. Ужыв. ў спалучэннях з Р назоўнікаў у безасабовых адмоўных сказах пры катэгарычнай забароне якога-н. дзеяння.
Ні кроку далей!
4. злуч. пералічальны. Ужыв. ў адмоўных сказах пры пералічэнні пры наяўнасці адмоўя.
Не чуваць ні песень, ні гоману.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вага́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.
2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.
3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўто́н, ‑у, м.
1. Спец. Найменшы інтэрвал паміж двума гукамі, найменшае павышэнне або паніжэнне голасу.
2. Колер, фарба, якія ўтвараюць пераход ад светлага тону да цёмнага. Вуліца ўся ва ўладзе паўтонаў: колеры зліваюцца ў мяккую прывабную шэрань, а гукі як бы трацяць сваю дзённую выразнасць і акрэсленасць. Навуменка. // перан. Адсутнасць рэзкіх пераходаў. Важнай адзнакай узросшага майстэрства А. Кулакоўскага з’яўляецца тое, што ён усё больш смела, ахвотна, упэўнена карыстаецца ў сваіх творах паўтонамі. Гіст. бел. сав. літ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.
2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ста,
1. Прысл. да чысты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.
3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.
•••
Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Нішчы́мны ’посны, без тлушчу, без закрасы’ (Касп., Шат., Некр., Сцяшк., Янк. 1, Вешт., Сл. ПЗБ), ’пусты, парожні; посны; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы’ (ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), нішчы́мный (нисчи́мный) ’пусты, звараны без закрасы’ (Нас., Бяльк.), сюды ж нішчы́мніца ’адсутнасць тлушчу, посніца’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Янк. 1–2; бых., Янк. Мат.), ’посная ежа’ (Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’нясмачная ежа’ (Нас.), нішчымно́та ’пустата, нястача’ (ТС), нішчы́мнік (нисчи́мникъ) ’бядняк, які харчуецца ўсухамятку’ (Нас.). Ад спалучэння ні з чым ’без нічога’, параўн. прыслоўе ў Насовіча з этымалагічным напісаннем: нисчи́мъ ’бедна, мізэрна; з пустымі рукамі’: Нисчимь всегды ядзим…; Нисчимъ жонку взявъ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аржаны́. Яшчэ Чачот адзначаў адсутнасць у беларускай мове кантынуантаў слова *ръжь пры наяўнасці прыметніка аржаны паралельна з жытні; праўда, у рукапісным слоўніку Грыгаровіча 1851 г. адзначана аржа ’жыта’ (Яшкін, 14). Слова аржаны фіксуецца ў старабеларускай мове (Булахаў, Працы IM, 7, 143), яго прыводзіць ужо Насовіч, яно шырока ўжываецца (Карскі, 1, 260), як і іншыя словы, утвораныя ад яго асновы: аржанішча, аржоння ’ржышча’, таксама: аржышча, (а)ржэўнік; параўн. назвы раслін: аржаніца (і аржэвіна — Сцяшк.); аржаніна ’жытні хлеб’ (Касп.); аржануха ’гарэлка’ (Нас.), ’зад’ (Мядзв.). Утворана з пратэтычным а‑ (іржышча — з пратэтычным і‑) і суф. ‑ан‑ ад агульнаслав. *rъžь ’жыта’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)