завяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Замацавацца, сцягнуцца вузлом, бантам і пад. Гальштук добра завязаўся. // Абгарнуцца, накрыцца чым‑н., завязаўшы канцы вузлом. Марыя Кудзіна завязалася хусткай па самыя вочы. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Устанавіцца, распачацца (пра якія‑н. узаемаадносіны, узаемныя дзеянні). Завязалася гутарка. Завязалася сяброўства.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца, узнікнуць (звычайна пра плод). Пры клопатах такіх расліна забуяла між другіх, На ёй агурок цудоўны завязаўся. Корбан. На яблынях пышных у маі Завязаліся з кветак плады. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаро́х, ‑у, М ‑росе, м.

1. Травяністая расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках. Скасіць гарох. Абмалаціць гарох. Шчыпаць струкі гароху.

2. Круглае насенне (гарошыны) гэтай расліны, якое скарыстоўваецца для харчавання. Пражаны гарох. Суп з гарохам. □ У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожні, а другі з леташнім гарохам. Бядуля.

•••

Бобу ў гаросе шукаць гл. шукаць.

За царом Гарохам гл. цар.

Хто ў боб, хто ў гарох гл. хто.

Як гарох пры дарозе — пра чалавека, якога ўвесь час непакояць, крыўдзяць.

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам гл. сцяна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́ма, прысл.

У сваёй хаце, кватэры, там, дзе жывеш. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Старога Нахлябіча .. [Балеслаў] застаў дома, на дварэ. Чорны. // У сваёй сям’і, са сваёй сям’ёй. Жыла .. [Марыля] дома пры тату і браце. Брыль. // На радзіме, у родных мясцінах. — А дома там цяпер у нас не гэтак: усё ідзе нанова і добра. Чорны.

•••

Не ўсе дома ў каго гл. усе.

Ні дома, ні замужам — пра няпэўнае становішча каго‑н.

Як дома — свабодна (адчуваць, паводзіць сябе і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дым, ‑у; мн. дымы, ‑оў; м.

1. Сукупнасць дробных цвёрдых часцінак і газападобных прадуктаў, якія вылучаюцца ў паветра пры згаранні чаго‑н. Папяросны дым. □ Дым, горкі, як палын, і страшэнна ўдушлівы, расплываўся па зямлі. Хадкевіч. З комінаў узнімаўся белаваты дым. Шыцік.

2. Гіст. Хата, гаспадарка, якія лічыліся падатковай адзінкай у Старажытнай Русі.

•••

Пайсці (з) дымам гл. пайсці.

Пусціць дым у вочы гл. пусціць.

Пусціць (з) дымам гл. пусціць.

У дым — вельмі моцна, да крайнасці напіцца, быць п’яным. Напіўся ў дым у нейкай там папойцы. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустапа́сам, прысл.

Разм.

1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.

2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.

3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разлічыць.

2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.

2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.

3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.

4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрып, ‑у, м.

Рэзкі гук, які ўзнікае пры трэнні адзін аб адзін прадметаў ці іх частак. Скрып варот. Боты са скрыпам. □ Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, пачуўся скрып іржавых завесаў. Пальчэўскі. Фурманка ўжо зусім блізка. Вось яна параўнялася з Панасам, абмінула яго і паехала далей гасцінцам, пакідаючы за палазамі саней пісклявы скрып умёрзлага снегу. Галавач.

•••

За адным скрыпам — разам, адным заходам. Пойдзем за адным скрыпам, мне ўсё роўна ў магазін трэба... — сказала .. [Арына]. Карпаў.

Са скрыпам — з цяжкасцю або нехаця, марудна (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Тое, што і смаленне.

смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.

2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.

3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.

смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанабэ́рысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць фанабэрыцца; схільны да фанабэрыі, з фанабэрыяй. Ліхі і фанабэрысты, як кожны шляхціц, пан Мазурскі вызначаўся асаблівай лютасцю сярод іншых паноў усяго ваяводства. Якімовіч. Багаты і фанабэрысты быў .. бацька [Андрэя],.. любіў паздзекавацца з беднага люду. Ваданосаў. [Цішка Гартны] не любіў фанабэрыстых людзей і, калі заўважаў гэтую прыкрую хваробу, імкнуўся жорстка высмеяць яе пры першай сустрэчы з чалавекам. Хведаровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Фанабэрыстая натура. □ І як гэта ў Зіначкі з яе мілым, зусім дзявочым тварыкам хапіла тактоўнасці не заўважаць маю фанабэрыстую перавагу. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)