распушы́ць, ‑пушу, ‑пушыш, ‑пушыць; зак., што.

1. Расцерабіўшы, расчасаўшы, зрабіць пушыстым (шэрсць, валасы, пер’е і пад.). Вецер распушыў яе густыя залацістыя косы. «Маладосць». // Натапырыць (поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак). [Папугай] чубок распушыць і скрыпіць, як стары дзядок: «Добры вечар». Даніленка. // Раскрыць, распусціць (пупышкі, кветкі). Вербалоз толькі што распушыў свае каткі. Дамашэвіч.

2. перан. Разм. Раскрытыкаваць каго‑н., насварыцца на каго‑н. Бацьку сёння на сходзе распушылі пасля справаздачы, знялі з старшыні калгаса. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́яны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассеяць.

2. у знач. прым. Раскіданы на вялікай прасторы. Рассеянае насельніцтва. □ Збіраліся салдаты з рассеяных часцей. Чорны.

3. у знач. прым. Аслаблены ў выніку распаўсюджання ў розных напрамках. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.

4. у знач. прым. Такі, у якога рассейваецца ўвага; няўважлівы. — Са мной гэта часта здараецца, ды — нічога, я чуў, што і прафесары бываюць рассеяныя. «Полымя». // Які выказвае няўважлівасць. Рассеяны погляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́за, ‑ы, ж.

1. Адзенне, якое надзявае свяшчэннік пры набажэнстве. Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Колас. Айцец Ануфрый быў у пазалочанай рызе. П. Ткачоў. // Параднае, упрыгожанае золатам і серабром адзенне маскоўскіх цароў.

2. Металічная накладка на іконах, якая пакідае адкрытым толькі здымак твару і рук. Тады ён [Юхім] кінуў чарку і ў святліцу, Дзе спала Наста некалі, пайшоў, Там запаліў васковую грамніцу Пад рызамі закураных багоў. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэгла́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Уст. Інструкцыя, службовы статут, звод правіл. У Куцага чэшуцца рукі да бойкі, але ён ведае рэгламент, дзе сказана, што біць нельга. Пестрак.

2. Устаноўлены, прыняты распарадак з’езда, схода і пад. Устанавіць рэгламент. Рэгламент пленарнага пасяджэння канферэнцыі. // Разм. Час, адведзены згодна з устаноўленым распарадкам на выступленне. Гэта нават не нарада, гэта хутчэй аператыўнае пасяджэнне баявога штаба ў палявых умовах. Рэгламент — тры хвіліны. Уносіць толькі канкрэтныя прапановы. Грахоўскі.

[Ад фр. règlement.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Выражэнне незадавальнення, нараканне з прычыны якіх‑н. непрыемнасцей, болю і пад. Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Якімовіч. У лірычных вершах паэтэсы [Цёткі], а таксама ў яе пісьмах чуюцца скаргі на цяжкія пакуты, якія ёй прыносіла хвароба. Шкраба.

2. Афіцыйная заява аб незаконным або няправільным дзеянні якой‑н. асобы, установы, арганізацыі. Касацыйная скарга. □ Старая Марцініха пісала скаргу на свайго сына. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склі́каць, склі́чу, склі́чаш, склі́ча; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць куды‑н. (усіх, многіх); паклікаўшы, сабраць дзе‑н. (усіх, многіх). З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Лынькоў.

2. Сабраць удзельнікаў (якога‑н. сходу, парады, калегіяльнага органа і пад.) для работы, дзейнасці. Склікаць канферэнцыю. □ Вярнуўшыся, Курловіч склікаў праўленне і ўсё калгаснае начальства. Дуброўскі. Пазнаёміўшыся са справаю, Сямён Пятровіч склікаў падрыхтоўчае пасяджэнне суда. Капусцін.

скліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да склі́каць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і сыпкі (у 1 знач.). Тут ру да сапраўды падобная на соль — сыпучая, толькі ружовая. Чаркасаў. З пылам сыпучым .. Вецер пад полем не раз пралятаў. Колас. За вокнамі скавытаў вецер і гнаў сухі сыпучы снег. Грахоўскі. Ад грэйдэрнай сыпучай магістралі Сцяжынка ўлева павяла. Астрэйка.

2. Які рассыпаецца; пушысты, лёгкі (пра валасы). Люська спярша расчэша свае вільготныя кудзеркі, затым бярэцца за Сабініны валасы — важкія, сыпучыя каштанавыя пасмы. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трухля́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ператварыўся ў парахню ад гнілі і часу. Суцяшае галку драч: «Ты цяпер ужо не плач. Хай гарыць гняздо пустое на трухлявым сухастоі...» Грахоўскі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны, — усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. Колас. // перан. Які аджыў свой век; непатрэбны. Хто ведаць мог, .. Што гэта слова Зрушыць турмаў краты, Зруйнуе свет Трухлявы і стары. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)