кукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Ствараць гукі, падобныя на «ку-ку» (пра зязюлю). У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто.

2. перан. Разм. Цярпець нягоду; гараваць. — Добра, што загадзя перасялілі нас у дамы, — часта гаварыла маці, — а то кукавалі б у палатцы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кумі́р, ‑а, м.

1. Статуй язычніцкага бога; ідал. / Пра статуі антычных багоў, цароў і пад. Пакрышаны куміры, Багі пайшлі на хлам. Колас.

2. перан. Той, хто (тое, што) з’яўляецца прадметам асаблівай павагі, пакланення. На ўсё свой час... Былы ку мір Кампаній шумных, рэстаранаў Пабляк... Навек у Лету кануў... Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імунітэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.

1. Неўспрымальнасць арганізма да заражэння хваробамі. Набыты імунітэт. Прыроджаны імунітэт. // перан. Здольнасць процістаяць чаму‑н. Ідэйны імунітэт. □ Уменне аўтара думаць, бачыць паэтычна служыць добрым імунітэтам супраць дэкларацыі, просталінейных рашэнняў. «ЛіМ».

2. Выключнае права не падпарадкоўвацца некаторым законам, якое даецца пэўным асобам. Дыпламатычны імунітэт.

[Ад лац. imimunitas — вызваленне ад чаго‑н.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́рменны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да казармы, уласцівы ёй. [У семінарыі] дысцыпліна — казарменная. Усё пад суровым халодным наглядам. Таўлай. На гэты шырокі свет дазвалялі глядзець не іначай, як праз вузенькую шчыліну казарменнага акна. Чорны. // перан. Падобны на казарму. Спыніліся каля велізарнага, на выгляд казарменнага будынка. Новікаў.

•••

Казарменнае становішча гл. становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калары́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца багатым спалучэннем фарб, колераў (пра карціну, гравюру і пад.). Каларытны пейзаж. Каларытны нацюрморт.

2. перан. Своеасаблівы, характэрны, яркі. Мне адразу спадабаўся гэты своеасаблівы і каларытны цэнтр Палесся. В. Вольскі. І Лявон Бушмар і Сурвіла — гэта яркія, каларытныя вобразы іменна беларускага вясковага капіталіста. Адамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загру́з, ‑ла; зак.

Засесці, завязнуць у чым‑н. топкім, сыпкім. Загрузнуць у балоце. □ Наваліла замець такія гурбы, што з канём загрузнуць можна. Лынькоў. // перан. Заняўшыся чым‑н., апынуцца ў цяжкім становішчы. Азаркевіч зноў загруз у працы і часта нават забываўся, што трэба паесці. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закулі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца або адбываецца за кулісамі. Андрэй пацягнуў Вольгу і Паддубнага за сабою, пацягнуў за сцэну, каб вывесці закулісным ходам. Пестрак.

2. перан. Скрыты, тайны. Закулісныя перагаворы. □ Тышкевіч цярпліва чакаў сваёй чаргі. Чамусьці было прыкра, што вядзецца нейкая закулісная гульня ў размеркаванне партфеляў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залама́цца, ‑ломіцца; зак.

1. Сагнуўшыся, надламацца. Шыла заламалася ў падэшве бота.

2. Разм. Крута завярнуць убок (пра дарогу, рэчку і пад.). У лагчыне, праз мост пераскочыўшы, каленам заламаўся шлях. Скрыган.

3. перан. Страціць сілу, разбег. Гэта на нашых грудзях Заламаліся хвалі, Што над Еўропай, Як чорная ноч, бушавалі. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца або жыве за печчу. Запечны абібок — наш кот Цімох — .. шчасліва мурлыча пад промнямі ласкавага сонца. Брыль. // перан. Які жыве бязвыезна ў сваёй мясцовасці, не ведае свету. — Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. у што, чым і без дап. Забрудзіцца, вымазацца. Запэцкацца чарнілам. □ Вучні запэцкаліся ў смалу і гразь. Скрыпка.

2. перан. Зняславіць сябе ганебным учынкам. — Каму помсціць? Табе? Ты нават гэтага не варты, Мікола! Запэцкаешся аб цябе. Брудны ты з галавы да ног. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)