Пасалаве́ць ’паблякнуць ад стомы’ (паўн.-усх., КЭС), ’зрабіцца невыразным, мутным ад стомы, ап’янення (пра вочы)’ (ТСБМ). Да салаве́ць ’тс’, якое разам з рус. солове́ть ’мутнець’, укр. солові́ти ’хмурнець (аб поглядзе)’, рус. солово́й ’светла-шэры, жаўтлява-шэры’ з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням. salo, salawêr ’цёмны, мутны’, ст.-ісл. sǫlr ’жоўты, брудны’, англ. sallow ’бледны’ (Фасмер, 3, 712).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сяле́дзя ’гатунак бульбы’, разам са сле́дзеўка, сле́дзя ’тс’ (Скарбы, Сцяшк. Сл.) суадносіцца са следзь ’селядзец’ (гл.), што семантычна цяжка патлумачыць. Аднак іншая форма назвы сяле́зя ’тс’, зафіксаваная на Гродзеншчыне (ЖНС), арыентуе на магчымую сувязь з рэгіёнам Сілезія (суч. польск. Śląsk) па мадэлі амерыка́нка, варшоўка і пад. назвы гатункаў бульбы. Магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем запазычання з’яўляецца се́льскіе дзе́ці ’гатунак бульбы’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кало́нія, ‑і, ж.
1. Краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца імперыялістычнай дзяржавай. Калоніі еўрапейскіх дзяржаў. □ Гітлераўскія драпежнікі ставілі за мэту ліквідаваць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, заняволіць і фізічна знішчыць насельніцтва, ператварыць нашу рэспубліку ў калонію германскіх капіталістаў і памешчыкаў. Залескі.
2. Паселішча выхадцаў, перасяленцаў з другой краіны, вобласці. Грэчаскія калоніі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Нямецкія калоніі ў Расіі. // Згуртаванне землякоў у чужой краіне, у чужым горадзе. Руская калонія ў Капстанцінопалі.
3. Месца жыхарства асоб, паселеных разам з той або іншай мэтай — лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай. Дзіцячая выхаваўчая калонія.
4. Сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у злучэнні адзін з адным. Калонія водарасцей. Калонія каралаў. Калоніі мікробаў.
[Ад лац. colonia — пасяленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагна́цца, ‑ганюся, ‑гонішся, ‑гоніцца; зак.
1. за кім-чым. Кінуцца наўздагон з намерам дагнаць. Пагнацца за машынай. Пагнацца за злодзеем. □ Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Колас.
2. за чым. Пачаць дамагацца чаго‑н. (з адценнем асуджэння). Пагнацца за славай. □ [Дзіміна:] — Пагналіся за эканоміяй і, мусіць, нечага не дагледзелі. Карпаў. // за кім-чым, на каго-што. Паквапіцца на каго‑, што‑н., спакусіцца кім‑, чым‑н. Пагнацца на багацце. □ Усім узяў [Юзік]: і розумам, і ростам, і прыгажосцю. Не дзіўна, што і Люба пагналася за ім. Васілевіч.
•••
Пагнацца за двума зайцамі — старацца зрабіць дзве розныя работы адначасова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.
2. Добры, удачны. Складнае жыццё.
3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.
складны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашчапі́цца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.
2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Весяле́ц ’журавель’ (Мат. Гом., КСТ) разам з польск. wesełyk ’назва жураўля’ (Варш. сл.) і ўкр. весе́лик складаюць вузкі арэал, дзе гэта эўфемістычная назва, відавочна, даволі старая. Тое ж і ў Б. Грынчанкі: «Назва жураўля, якую трэба ўжываць замест журавель тады, калі гэтыя птушкі прылятаюць вясной, інакш будзеш журыцца цэлы год» (Грынч., 1, 141). Польск. wiesiołek ’асліннік, Oenothera’ і ’скрыпень, Epilobium’ не звязана з бел. весялец. Гл. васіле́ц.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
раздели́ть сов.
1. раздзялі́ць, падзялі́ць;
раздели́ть кни́гу на гла́вы падзялі́ць кні́гу на раздзе́лы;
расстоя́ние раздели́ло нас адле́гласць раздзялі́ла нас;
раздели́ть на всех раздзялі́ць на ўсіх;
2. перен. падзялі́ць; (присоединиться) далучы́цца; (пережить, испытать) перажы́ць (ра́зам), зазна́ць; часто переводится также оборотом в сочетании с глаг., соответствующим значению сущ.: раздели́ть с ке́м-л. го́ре и ра́дость падзялі́ць (перажы́ць ра́зам) з кім-не́будзь го́ра і ра́дасць;
раздели́ть чьё-л. мне́ние, взгля́ды далучы́цца да чыёй-не́будзь ду́мкі, по́глядаў;
раздели́ть чью́-л. у́часть зазна́ць ту́ю ж до́лю, што і хто-не́будзь;
раздели́ть чью́-л. любо́вь адказа́ць каму́-не́будзь узае́мнасцю (каха́ннем); см. разделя́ть;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які асыпаўся з дрэў, галін і г. д. (пра лісце, кветкі і пад.). У празрыстым паветры запахла выкапанай бульбай, апалым лісцем. Карпюк. // Які нізка апусціўся, абвіс. Апалыя галіны.
2. Схуднелы. Апалыя шчокі.
3. Які толькі што выпаў (пра снег). На дварэ перадвясеннія дні. На сцежках свежаапалы чысты снег. Галавач.
4. перан. Які пагоршыўся, сапсаваўся (пра настрой). А гэта ўсё разам яшчэ больш памацняла апалы настрой маладога настаўніка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)