віхля́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які хістаецца з боку ў бок (пра чалавека і яго рухі). Ён [сведка] сапраўды ішоў нейкай няўпэўненай віхлястай паходкай і нібы прынюхваўся да таго, што адбывалася ў зале. Лынькоў.

2. Звілісты, пакручасты. Віхлястыя сцежкі. □ Паглыбляліся, выпростваліся віхлястыя і ленаватыя рачулкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́варат, ‑у, М ‑раце, м.

1. Унутраны, левы бок. Выварат аднабаковага трыкатажу.

2. Спец. Становішча, пры якім органы ці іх часткі вывернуты ўнутраным бокам наверх.

3. Тое, што і выварацень. Лес глушэў болей і болей. Часцей пападаліся забалочаныя нізіны, заваленыя вываратамі і гнілымі калодамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зі́мнік, ‑а, м.

Разм. Дарога, па якой ездзяць толькі зімой. З грэблі адыходзіў у бок зімнік, па якім вазілі зімой сена з балот. Лынькоў. Зімнікі заўсёды пракладаюцца найкарацей — нішто не замінае іх рабіць там, дзе ўлетку часам і нага чалавечая не можа ступіць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папамясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак., што і чаго.

Разм. Мясіць доўга, неаднаразова; памясіць многа чаго‑н. Папамясіць цеста. □ Яшчэ зімою, як замерзне [грэбля], ці ўлетку, калі спёка, сюды-туды, можна па ёй перабрацца на другі бок. Але восенню і вясною... Ого! Тут папамесім гразі. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паперано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.

Перанесці ўсё, многае або ўсіх, многіх. — Мікола, ідзі ды паперанось тыя мяхі ў сенцы, — сказаў як загадаў Надзя. Сабаленка. Чаратун павёў лодку вадою на паўночны бок, да большых кустоў.. Папераносіў да будана ламачча, разаслаў у будцы ватоўку. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Перамяшчэнне з аднаго месца ў другое бягом. Хутка і зладжана, перабежкамі, прабіраліся аддзяленні роты. Алешка.

2. Пераход на бок праціўніка.

3. Спец. Від канькабежнага кроку на паваротах.

4. Спец. Паўторнае спаборніцтва па бегу для ўдакладнення канчатковых вынікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбунава́ты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Падобны на стаўбун (у 1, 2 знач.). Спачатку я пазнаў яго [Казіка] шапку стаўбунаватую, з суконным брылем, а потым ужо і яго самога. Якімовіч. Максім падміргваў, ківаў стаўбунаватай галавой у бок хлява. Асіпенка. Расхіналіся і трапяталі на ветры стаўбунаватыя шлемы. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уту́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Разм. Пільна, не адводзячы вачэй глядзець на каго‑, што‑н. Раман заўважыў Андрэйку і быў спыніўся на нейкую хвіліну і ўтупіўся вачыма ў яго бок. Кавалёў. Коля ўстаў, падышоў да акна, нешта паўглядаўся, потым зноў ўтупіўся ў чарцёж. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

Разм. Хутка, жвава, імкліва рухацца, ісці і пад. Маці стаяла на дварэ і праводзіла вачамі фурманку, што шыбавала ў бок лесу. Колас. Яшчэ на золку паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Навуменка. Дарогай вернаю сахаты Шыбуе проста да ракі. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. Тое, што і каціцца¹ (у 1 знач.), але абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках.

Мячык качаецца па падлозе.

2. Пераварочвацца, перакульвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу).

К. ў траве.

Конь качаецца па зямлі.

Дзеці качаюцца ў снезе.

3. Ляжаць без справы, без сну (разм.).

К. да раніцы ў ложку.

4. Быць хворым (разм.).

Цэлы месяц качалася з пабітай нагой (разм.).

|| наз. кача́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)