заці́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.

2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згру́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся; зак.

Разм. Сабрацца дзе‑н. шчыльным натоўпам, гуртам. Наладчыкі, мантажнікі згрудзіліся каля інжынера, пазіралі ў яго чарцяжы. Арабей. Хутка перад сцэнаю і ў праходзе згрудзілася некалькі дзесяткаў дэлегатаў, а тыя, што засталіся на сваіх месцах, падняліся з крэслаў. Галавач. // Сабрацца групай, кучай. Ільдзіны з трэскам і хрустам напіралі адна на другую, і нарэшце ўся гэтая маса лёду, што згрудзіўся на рацэ, пачала рухацца. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

Распаўсюдзіць благія чуткі пра каго‑, што‑н.; зганьбіць, ачарніць. — Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Быкаў. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў. // Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць добрага імя; абняславіць. — Я табе аддала ўсё. А ты... зняславіў, насмяяўся... З дзіцем хочаш пакінуць? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іскры́цца, іскрыцца; незак.

Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

істэры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да істэрыі, да істэрыкі. Істэрычны псіхоз. Істэрычны прыпадак.

2. Схільны да істэрыі, які ўпадае ў істэрыю. Істэрычная натура. □ [Люся Ніканава] іграла Таццяну то занадта істэрычнай, то, наадварот, празмерна чэрствай. «Полымя».

3. Характэрны для істэрыі, для істэрыка; такі, як пры істэрыі. Істэрычны голас. □ — Го-го-го! — зарагатаў пан, — го-го-го! — і браўся за бокі. Рогат нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ветрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Змяніць, разбурыць што‑н. уздзеяннем ветру, кліматычнымі ўмовамі. На кольненскіх, боркаўскіх, млінкоўскіх палях стаяць велізарныя штабялі торфу з гноем, складзеныя дбала, па-гаспадарску: іх ні сонца не высушыць, ні вецер не выветрыць, ні паводка не змые. Палтаран. // Добра праветрыць, прымусіць знікнуць пад уздзеяннем ветру, свежага паветра.

2. перан. Прымусіць забыць. Сэрца — не сухое поле. З яго не выветрыш памяці па пясчынцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адстаўны́, ‑ая, ‑ое.

Які знаходзіцца ў адстаўцы. Трапіў [Цімох] на сядзібу НІыпшынскага Яна — Адстаўнога маёра, былога улана. Куляшоў. Такая ўвага да яго, «адстаўнога настаўніка», як ён называў сябе, не магла б нг крануць, калі б дырэктар прыйшоў адзін. Шамякін. // Разм. Якога адхілілі. Дамоў прыехаў. Кажуць, трэці дзень Грыміць тваё вяселле (я ж не веру). Вянок з гароху хочуць мне надзець Сябры, як адстаўному кавалеру. Барадулін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмаўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аднаўляць — адмовіць і адмаўляцца — адмовіцца. // Адмоўны адказ на просьбу, патрабаванне і пад. [Лінкевіч] уяўляў, што яго просьбу можа задаволіць старшыня, і таму зразумеў словы Шаманскага, як адмаўленне. Дуброўскі.

2. Непрызнанне чаго‑н. Сіла рамана [«Трэцяе пакаленне»] Кузьмы Чорнага ў адмаўленні старога і сцверджанні новага, у вялікай мастацкай праўдзе, з якой робіць гэта. Галавач.

3. Тое, што фактам свайго існавання адмаўляе, выключае магчымасць існавання чаго‑н. іншага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцугі́, ‑оў; адз. няма.

Металічны інструмент, які выкарыстоўваецца ў кавальскай справе для захоплівання і заціскання жалеза. Юнак выхапіў абцугамі цяжкі кавалак распаленага жалеза, кінуў яго на кавадла. Гамолка. // перан. Тое, што скоўвае, заціскае развіццё чаго‑н. Горад паказан у абцугах крызісу, у пакутах беспрацоўя і ў барацьбе за дыктатуру працы. У. Калеснік. // перан. Акружэнне, ахоп праціўніка з двух бакоў.

•••

Трапіць у абцугі гл. трапіць.

Узяць у абцугі гл. узяць.

[Польск. obcęgi з ням. Zange.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атрыма́цца, ‑аецца; зак.

1. Выйсці, удацца, аказацца якім‑н. (у выніку якога‑н. дзеяння). Новая кватэра атрымалася даволі ўтульная. Шахавец. Жарту не атрымалася, атрымалася голая, суровая праўда. Васілевіч. // Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. З яго атрымаецца добры доктар.

2. Здарыцца, адбыцца як вынік чаго‑н. Як цікава атрымалася тады, у дзень.. першай, сустрэчы з Андрэем. Васілевіч. Ды толькі канфуз атрымаўся з пуцёўкаю — Не ў той, заблудзіўшы, ён [лектар] трапіў калгас. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)