спасці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спасціг, ‑ла; зак., каго-што.
Разм.
1. Зразумець, усвядоміць сэнс, значэнне чаго‑н.; пранікнуць у сутнасць чаго‑н. [Нічыпар] адчуваў, што ў Лявонавых словах ёсць нешта хітрае, але спасцігнуць яго не мог. Чарнышэвіч. Чытаючы вершы маладых паэтаў, мне ў першую чаргу хочацца спасцігнуць духоўны свет новага пакалення. Грахоўскі. Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці. Караткевіч.
2. Выпасці на долю каго‑н.; надарыцца з кім‑н. Што ж, бяда пакуль мінула .. [Рыбака], спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Быкаў. [Жанчына:] — А ці ведае хто-небудзь... ці ведаеце вы, які лёс спасціг... дзяўчат... Кірэенка.
3. Дагнаць. Ды .. [паляўнічыя] і не ведалі добра, у якім месцы спасціг здабычу Музбалак. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаіць.
2. у знач. прым. Які скрывае ад іншых свае пачуцці, настрой, думкі і пад.; скрытны. Аляксандра — кабета стоеная. Шуснуўшы цішком разы са тры ў бор, грыбамі сваімі пахвалілася толькі тады, калі ўбачыла, што лес пусты. Навуменка.
3. у знач. прым. Які скрываецца, утойваецца ад іншых. Кажа [старшыня] спакойна, але ў гэтых спакойных словах чуецца стоены гнеў, раздражнёны крык: — Сарвеш ты мне надоі, Васіль Фёдаравіч, з такім падкормам. Шамякін. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай. Быкаў. // Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але знешне яшчэ непрыкметны. А як ні старалася Вера Антонаўка жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць .. стоенай і даволі ўпартай барацьбы. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супы́нак, ‑нку, м.
1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.
2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.
•••
Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.
2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.
3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.
1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.
2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.
3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атруці́ць, ‑ручу, ‑руціш, ‑руціць; зак., каго-што.
1. Прымусіць памерці, даўшы атруты. [Стэфа:] — Шкада сабаку. А што з ім? [Гаспадыня:] — Атруцілі. І ведаю нават хто. Савіцкі. — Мама, мама! — пачаў Юрка. — Ты ведаеш, чаму наш Лёнька памёр? Гэта ж Хімка атруціла яго? Гроднеў. // Пашкодзіць, ужыўшы атрутнае рэчыва. Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. Чорны.
2. Зрабіць шкодным што‑н., усыпаўшы атруты. Атруціць ваду.
3. перан. Зрабіць шкодны ўплыў на каго‑, што‑н. [Леанарда:] — Душу мне атруцілі багачы. Клімковіч.
4. перан. Пазбавіць радасці, зрабіць непрыемным. [Аўгіння:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бага́цце, ‑я, н.
1. Матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя накапленні. Іменна ў пачатковы перыяд таварнага абарачэння ў грошы ператвараецца толькі лішак спажывальных вартасцей. Такім чынам золата і серабро самі сабой становяцца грамадскім выражэннем лішку, або багацця. Маркс. // Раскоша, шыкоўнасць. Багацце абсталявання. Багацце ўбрання.
2. Наогул маёмасць, набытак. [Ахрэм] у нас вартаўнік вялікага багацця — усёй калгаснай жывёлы. Кавалёў. // Мноства чаго‑н. Багацце тавараў. Багацце фактычнага матэрыялу. // Нешта асабліва каштоўнае сярод іншага. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. В. Вольскі. Маё багацце — песня любай ліры. Кляшторны.
3. Сукупнасць прыродных рэсурсаў. Прыродныя багацці. Багацце жывёльнага свету. Багацце расліннага покрыву. □ Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу. Быкаў.
4. Мноства разнастайных якасцей. Духоўнае багацце савецкага чалавека. Багацце акцёрскай палітры. Інтанацыйнае багацце верша. Багацце колераў. Багацце пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Наліць па каплі нейкую колькасць чаго‑н. Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў. Шамякін.
2. перан. Разм. Нагаварыць на каго‑н., данесці аб чым‑н. [Зіна:] — Брыгадзір накапаў. Падліза. У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.
накапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што і чаго.
1. Капаючы, нарабіць паглыбленняў. Накапаць ям. Накапаць канаў. □ Уздоўж.. [тракту].. калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Чыгрынаў. // Капаючы, зрабіць што‑н. У цемры ночы невыразна чарнеў высокім хрыбтом ладны бруствер, які накапаў гэты баец. Быкаў.
2. Капаючы, здабыць нейкую колькасць чаго‑н. Накапаць мех бульбы. Накапаць пяску. □ [Лабановіч:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца 1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).
2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.
3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.
•••
Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)