спапялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Спаліць датла, ператварыць у попел. Хадзіў агонь на двор з двара, Жалобна ветры вылі. Славуты домік песняра Фашысты спапялілі. А. Александровіч. Усё пярун тут спапяліў. Тут балявала смерць па-царску. Дайнека. / у перан. ужыв. Вочы .. [Сёмкі] гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой. Лынькоў.
2. перан. Растраціць у барацьбе з чым‑н. (жыццё, сілы і пад.). А ці не надта замнога для лёсу аднаго пакалення каханняў, надзей, запаветных імкненняў спапяліў ваенны пажар? Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угаво́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.
2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упы́нак, ‑нку, м.
Разм. Спакой. Дома ён не знаходзіў упынку. Маці адчувала прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Пальчэўскі. Памяць! Ні ўпынку, ні прыпынку ёй. Сабаленка.
•••
Без упынку — не перастаючы, не сціхаючы, не абмяжоўваючы сябе. Хтосьці без упынку балесна енчыць і стогне. Мядзёлка. Ліна балбатала без упынку. «Маладосць».
Няма (не мець) упынку — нельга стрымаць, спыніць. [Крывіцкі:] — Няма ўпынку на хлопцаў, усюды яны ўлезуць. Лобан. Ціха. Толькі лье і лье дождж, няма на яго сёння ўпынку. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што і без дап.
1. Зашываць дзірку ў якой‑н. тканіне, вырабе, не сцягваючы краі ў рубец, а пераплятаючы ніткі тым або іншым спосабам. [Маці] падняла Алесевы шкарпэткі з падлогі і .. пачала іх цыраваць. Броўка. Колькі год рукі зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. / у перан. ужыв. У смутку Марыля штоноч цыравала Нядоляй працёртыя дні. А. Александровіч.
2. Рамантаваць сетку (у 1 знач.), звязваючы разарваныя канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.
2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.
3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. дапоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.
1. Паўзучы, дасягнуць якога‑н. месца. Поўз [Міхась] на руках, з параненай нагой, толькі ў бялізне. Моўчкі дапоўз да ракі і, не могучы больш, пакаціўся зверху на лёд. Брыль. // перан. Паступова дайсці, пашырыцца да якога‑н. месца. Пад поўнач у некаторыя хаты дапаўзла нясмелая чутка, што «тут начуюць два бальшавікі». Чорны.
2. Разм. Марудна або з цяжкасцю дайсці, даехаць куды‑н. Толькі праз тыдн[і] два цягнік дапоўз ад Масквы да Мінска. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́бух, ‑у, м.
1. Хімічная рэакцыя з імгненным вылучэннем энергіі, якая суправаджаецца моцным гукам, успламяненнем і выклікае разбуральныя дзеянні. Выбух дынаміту. Выбух гранаты. Ядзерны выбух.
2. Выбуховая хваля. У гэты момант магутны раскацісты выбух скалануў вагон. Паслядовіч.
3. перан. Раптоўнае праяўленне якога‑н. дзеяння ці пачуцця. Рэвалюцыйны выбух. Выбух смеху, абурэння. □ Прамова скончана. У зале Выбух воплескаў, як шквал. А. Александровіч.
4. Форма скачкападобнага пераходу якой‑н. з’явы ад старой да новай якасці.
5. Імгненны выхад струменю паветра пры вымаўленні некаторых зычных гукаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зірк 1, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.
зірк 2, ‑у, м.
Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.
2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.
3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ліслівіць, дагаджае, падлізваецца. Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў трымаць рукі па швах, здалёку здымаць шапку. С. Александровіч. // Прасякнуты ліслівасцю, угодлівасцю; няшчыры. Ліслівы позірк. □ На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас. Жмырка вызначаўся сярод усіх нейкай ліслівай чуласцю і насцярожанасцю. Скрыпка.
2. Разм. Ласкавы, пяшчотны. [Бабейка] на дзіва быў рухавы, гаваркі — то прыветлівы і ліслівы, то заклапочаны і гнеўны, заўсёды ў дзеянні. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)