міра́ж, ‑у, м.
1. Аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце ўзнікаюць уяўныя адлюстраванні далёкіх наземных прадметаў або ўчасткаў неба ў выніку заломвання сонечных праменняў у нераўнамерна нагрэтых слаях атмасферы. І раптам Засмужац перад сабой убачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Мележ.
2. перан. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, тое, што не можа здзейсніцца. Штодзень святлей, шырэй разлогі, І гэта не міраж. Ідуць-бягуць шляхі-дарогі, змяняецца пейзаж. Пушча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.
Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўзна́к, прысл.
1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.
2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.
3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павады́р, ‑а, м.
1. Той, хто водзіць каго‑н. Павадыр мядзведзя. □ Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлопца-павадыра. Чарот. Сляпы сляпому не павадыр. Прыказка. // Той, хто паказвае дарогу; праваднік. Павадыр каравана. □ Ісці было нядоўга, але такімі сцежкамі, што без павадыра загубіўся б тут на першай вярсце. Якімовіч.
2. Разм. Важак, кіраўнік якой‑н. групы. Павадыр атрада. □ Толькі адзін павадыр табара аднавокі Ілка сядзіць .. з малымі пры самым агні. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перайна́чыць, ‑чу, ‑чын, ‑чыць; зак., каго-што.
Змяніўшы, зрабіць іншым; перамяніць. Перайначыць жыццё. Перайначыць характар. □ У гэты момант я зусім яшчэ не думаў, што прыму рашэнне, якое пазней перайначыла ўсе мае меркаванні. Галавач. Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. // Падаць у іншым выглядзе, змяніць пры пераказе, перадачы і пад. Перайначыць матыў песні. □ Там, у кнізе, гэта было напісана ад трэцяй асобы, я перайначыў у думках усё на першую асобу і — запомніў назаўсёды. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падо́нкі, ‑аў; адз. падонак, ‑нка, м.
1. адз. няма. Рэшткі вадкасці з асадкамі на дне пасудзіны.
2. перан. Дэкласаваныя, разбэшчаныя, злачынныя элементы грамадства. [Завербаваныя] былі выпадковыя людзі, розныя падонкі, якія трапілі ў рады Чырвонай Арміі, ратуючыся ад суда і следства, ім было ўсё роўна, каму служыць, абы толькі не сядзець за калючым дротам і не галадаць... Машара. Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала: — Падонак ты! Што ты разумееш? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начо́с, ‑у, м.
1. Спец. Доўгі ворс на тканінах і трыкатажных вырабах.
2. Разм. Валасы ў прычосцы, начасаныя на лоб, вушы, скроні. Ад ранейшага гарнітура астаўся адзін капялюш; як заўжды ссунуты на патыліцу, ён адкрываў шышкаваты лоб пад кароткім начосам чорнага густога чуба. Карамазаў. // Прычоска ў выглядзе пышна ўзбітых валасоў. Даўгалыгі юнак цягне ў ваду сваю сяброўку ў зграбным сінім купальніку, дзяўчына прытворна ўпіраецца, пры гэтым не забывае ўсё ж схаваць пад гумавай шапачкай дарагі пышны начос. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Качаючы, зрабіць, прыгатаваць нейкую колькасць. Накачаць галушак. □ [Тхорык:] — Пайду, мне трэба яшчэ шроту накачаць. Кулакоўскі.
2. Выгладзіць пры дапамозе качалак у нейкай колькасці (пра бялізну і інш.).
3. перан. Разм. Напаіць зусім п’яным. От я аднаго разу набраў гарэлкі.., накачаў свайго механіка да таго, што не разбярэш, што ён мармыча і чаго галавой матляе. Шынклер.
4. Тое, што і напампаваць. — Хлопцы, — прашу я іх, — памажыце гору, накачайце вады са студні. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́ціна, ‑ы, ж.
Высакародны метал шаравата-белага колеру, які вызначаецца высокай коўкасцю і цягучасцю і выкарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў, лабараторнага посуду і пад.
[Ісп. platina.]
плаці́на, ‑ы, ж.
Гідратэхнічнае збудаванне на рэках і іншых вадаёмах для падняцця ўзроўню вады з мэтай стварэння штучных вадасховішчаў, для атрымання энергіі і пад. Драўляная старая плаціна перагарадзіла рэчку. Асіпенка. З вёскі цераз узгорак .. вілася пешаходная сцежка, праходзіла ля млына цераз дарогу, пры самым мосце над рэчкай і плацінай, і бегла далей. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праба́чыць, ‑бачу, ‑бачыш, ‑бачыць; зак.
1. Зняць віну за што‑н., не лічыць за віну што‑н. [Васіль:] — Ужо хай прабачыць Марына Мікалаеўна за такія турботы. Кавалёў.
2. заг. праба́ч(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. як выказванне шкадавання за прычыненыя турботы (часам у якасці пабочнага слова). — Але, прабачце, я не разумею, як вы наогул ставіцеся да завода? Карпаў. // Ужываецца для выражэння пратэсту, нязгоды з чым‑н. [Канькоў:] Партыя папраўляе, а ты, крытыкі спалохаўся. Не, брат, прабач. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)