перазме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Прадугледжаная графікам работы прадпрыемства замена рабочых адной змены рабочымі наступнай змены. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. М. Стральцоў. Пры такім спосабе значна менш траціцца часу на перазменкі, на здачу-прыёмку інструментаў. «ЛіМ».
2. Разм. Тое, што і змена (у 5 знач.). [Антон:] — Трэба купляць новыя боты — на перазменку. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.
2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.
Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рава, ‑а, н.
1. Разм. Бруха, жывот. Нядоўга думаючы, .. [насарог] схіліў галаву ўбок і запусціў два страшэнныя рагі ў чэрава мастадонта. Маўр. Дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе. Колас.
2. Унутраная частка жывата чалавека, жывёлы. Развіццё плода ў чэраве маці. // перан.; чаго. Унутраная частка чаго‑н. Тумілін адчыніў вузкія дзверцы і знік у чэраве электрапечы. Савіцкі. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.
1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.
2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.
•••
Вытрасці душу (дух) — а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
1. Парваць, разарваць на часткі. Спакойна і ўпэўнена.. я выцягнула бюлетэнь з сумачкі, падрала яго на дробныя кавалкі. Савіцкі. [Валя:] — А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.
2. Знасіць, неахайна або доўга носячы што‑н. Падраць абутак. Падраць за лета рубашку.
3. Разрываючы, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і звяроў). Каршун падраў усіх курэй.
4. і чаго. Перацерці на тарцы нейкую колькасць чаго‑н. Падраць крыху бульбы на бліны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наткнуцца, ускаціцца на каго‑, што‑н. Бочка пакацілася на нагу.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Коцячыся, набегчы, пакрыць сабою. [Васіліна] стаяла, чакаючы, пакуль накоціцца і ўдарыць па нагах хваля — мяккая, ласкавая і цёплая. Савіцкі. // З’явіцца (пра слёзы). Накаціліся слёзы на вочы і ў Алімпы. Сабаленка.
3. перан. Нечакана ўзнікнуўшы, ахапіць. З поўдня накацілася на лагер водгулле.. выбуху. Курто. Некалькі дзён.. [Анэля] не выходзіла з хаты, думала, што гэтая навала так жа хутка адкоціцца, як і накацілася. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засяро́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад засяродзіць.
2. у знач. прым. Накіраваны, звернуты поўнасцю на што‑н. адно. Засяроджаныя думкі. Засяроджаны погляд. // Які займае, захапляе чалавека цалкам (пра пачуцці, настрой і пад.).
3. у знач. прым. Цалкам паглыблены ў свае думкі, справу (пра чалавека). Сама Аксана была ўжо не тая — вясёлая, гуллівая, а задумлівая, засяроджаная. Сачанка. Міхась быў засяроджаны і пануры: у лесе ён пасварыўся з аб’ездчыкам. Савіцкі. // Які выражае паглыбленасць у свае думкі, справу. Засяроджаны выгляд. □ Бялявы твар .. [дзяўчыны] засяроджаны, яна слухае сяброўку. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасло́йка, ‑і, ДМ ‑слойцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. праслойваць — праслаіць і стан паводле знач. дзеясл. праслойвацца — праслаіцца.
2. Р мн. ‑слоек. Слой, пласт чаго‑н. у чым‑н. Праслойкі ў белым мармуры. □ Вяндліна была смачная, з роўнымі, бы адмеранымі, праслойкамі мяса і сала. Савіцкі.
3. Р мн. ‑слоек. Грамадская група, якая не ўваходзіць у які‑н. клас грамадства ці чым‑н. адрозніваецца ад яго. Дробнабуржуазная праслойка. □ [Сундукоў:] У гэтых палках, таварыш Камісараў, вялікая праслойка эсэраў, анархістаў. Маўзон. // Група, якая з’яўляецца састаўной часткай калектыву. Маладзёжная праслойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)