няда́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.
2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неймаве́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які значна пераўзыходзіць звычайную ступень чаго‑н. Неймаверная сіла. □ З неймавернай хуткасцю, як страла, ляціць .. [заяц] па светавой дарожцы, атуленай цемрай, нібы між дзвюх чорных сцен. В. Вольскі. Прыходзілася праяўляць неймаверную вынаходлівасць, каб забяспечыць цэх работай. Шыцік.
2. Такі, які цяжка сабе ўявіць; немагчымы. Неймаверныя ўмовы. □ Зыбіну гэтая вестка прыйшлася не тое што нечаканай — неймавернай: бацька быў яшчэ дужы, як не крануты нічым знутры дуб, здаровы.. і — раптам — памёр, прыязджай на пахаванне. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спало́ханы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.
2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.
1. Раптоўна ўспомніць пра што‑н.; раптам заўважыць памылку, недагляд і пад. [Карпенка] спахапіўся, што не паставіў па планцы прыцэл. Быкаў. Мікалай Яўсеевіч толькі цяпер спахапіўся, што нікога яшчэ не віншаваў з наступаючым Новым годам. Кавалёў. — Запражыце майго каня, — загадаў Мікалай Мікалаевіч, але спахапіўся і мякка паправіўся, — калі ласка. Грахоўскі.
2. Падхапіцца, схамянуцца. Алаіза так захапілася сваёй работай, што не звярнула ўвагі па грукат лесвіцы і спахапілася толькі тады, калі пастукалі ў дзверы. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трэль 1, ‑і, ж.
Пералівістае дрыжачае гучанне, якое ўтвараецца хуткім чаргаваннем двух суседніх тонаў. Нясмелае шчоўканне салаўя перайшло ў звонкую, пераліўчатую трэль. Стаховіч. — А ну, дай рог, — сказаў бацька. Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль. Караткевіч. // Пералівістыя гукі; частыя гукі. А Пракопаў нос вывеў такія грэлі, якіх не выводзіў яшчэ ні разу. Колас.
[Іт. trillo.]
трэль 2, ‑і, ж.
Спец. Спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цямні́ць, цямню, цемніш, цемніць; незак.
1. што. Рабіць цёмным або цямнейшым. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь. Лынькоў. // перан. Рабіць змрочным, хмурным. Але амаль кожны раз думкі [Хадоські] цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Мележ.
2. Разм. Гаварыць няясна, блытана; скажаць сэнс чаго‑н. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра.. Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камандзіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. камандзіраваць.
2. Службовае заданне, даручэнне, звязанае з паездкай куды-небудзь. Атрымаць камандзіроўку. □ [Тэхнолаг] літаральна за дзень да перавыбарнага сходу раптам па камандзіроўцы выехаў на месяц на Яраслаўскі аўтамабільны завод. Карпаў. // Паездка куды-небудзь са службовым даручэннем. Паехаць у камандзіроўку. Доўгатэрміновая камандзіроўка. □ Апошнія дні бацькі дома няма: ён у камандзіроўцы. Якімовіч.
3. Разм. Камандзіровачнае пасведчанне. Выпісаць камандзіроўку. □ Васіль паказаў .. камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.
2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ламані́на,
Разм.
1. Тупыя працяглыя болі ў касцях, суставах, мышцах. Хоць і адчувалася яшчэ ламаніна ў касцях і кружылася галава, але Рыгор узяўся за справу. Барашка.
2. перан. Знішчэнне, разбурэнне чаго‑н. старога, традыцыйнага; ломка. [Ячны:] — Я гэта, брат, чытаў нядаўна «Цаліну» і думаў, — няўжо і ў нас, калі калгас будзем рабіць, такая самая ламаніна пачнецца, як там?.. Брыль. // Неспакой, беспарадак, мітусня, выкліканыя нечаканай пераменай. Брат раптам ажывіўся і гаварыў далей: — Ламаніна там нейкая ідзе... І што цікава,.. што ламаніну.. распачалі жанчыны. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)