патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сліма́к, ‑а, м.
1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.
2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.
Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлевізі́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для прыёму або перадачы відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання. Тэлевізійная станцыя. Тэлевізійная студыя. □ Як гасцінны гаспадар і як гід адначасова, шафёр паказвае мне новыя дамы ў Століне — і жылыя, і адміністрацыйныя, на рэтрансляцыйную тэлевізійную вышку, на першакласны бальнічны гарадок. Місько. Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі нават шпіль тэлевізійнай вежы. Карпаў.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне. Тэлевізійная перадача. Тэлевізійны фільм. □ Першы тэлевізійны музычны спектакль для маленькіх гледачоў адбыўся. «ЛіМ».
•••
Тэлевізійны цэнтр гл. цэнтр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.
2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.
3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кавале́р, ‑а, м.
1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.
2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.
3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.
[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
казыро́к, ‑рка, м.
1. Шчыток у галаўным уборы, які выступае над ілбом; брыль (у 2 знач.). [Бондар] далонню падняў угару казырок.. шапкі і адкрыў высокі.. лоб. Чарнышэвіч. [Лёдзя] ледзь не наткнулася на каржакаватага хлопца ў кепцы з адарваным казырком і таму падобнай на берэт. Карпаў. // Шчыток, які надзяваецца без галаўнога ўбору, для аховы вачэй ад яркага святла.
2. Невялікі навес у чым‑н., над чым‑н. Спорны вясновы дожджык наляцеў знянацку і загнаў Паўла Гушчу пад казырок бліжэйшага пад’езда. Шыцік.
•••
Браць (узяць) пад казырок гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рдасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.
2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.
3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дво́рнік, ‑а, м.
1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.
2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)