праны́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны ўсюды паспяваць, пранікаць, прабірацца, дзякуючы спрыту, хітрасці. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. Чарнышэвіч. Побач з .. [Ваўчком] відаць была камлюкаватая постаць Андрэя Вабейкі — пранырлівага камандзіра гаспадарчага ўзвода атрада, чалавека, пра якога партызаны гаварылі, што калі ён захоча, дык з-пад зямлі дастане. Хадкевіч. // Праніклівы, хітры (пра вочы). Пранырлівыя вочы Сімона.. кінуліся ўправа, улева. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́разь, ‑і, ж.

1. Скразная, звычайна вузкая адтуліна, прарэзаная ў чым‑н. Саўка зазірнуў у проразь дупла: там бялелі рэшткі воску і дзе-нідзе блішчаў мёд. Сачанка. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. Лынькоў. // Разм. Від мастацкай скразной разьбы. // Спец. Выраз, жалабок у прыцэльным прыстасаванні агнястрэльнай зброі.

2. Спецыяльная лодка для перавозкі жывой рыбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паказаць празмерную стараннасць у чым‑н., залішне пастарацца. І Анюта перастаралася. Карычневы пухір вырас значна большы, чым ён вырастаў кожны раз, калі яго надзімалі раней. А гэта прывяло да бяды — цацка лопнула. Корбан. [Цімохін:] — А капец той сам старшыня завяршаў .. Прыбег на поле, схапіў рыдлёўку і засыпаў капец зямлёй. Ды, відаць, перастараўся, зашмат зямлі накінуў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіртны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да спірту. Ад конніка .. патыхала моцным спіртным перагарам. Лынькоў. // Які змяшчае ў сабе спірт, робіцца са спіртам; алкагольны. Спіртныя напіткі.

2. у знач. наз. спіртно́е, ‑ога, н. Разм. Гарэлка, а таксама іншыя алкагольныя напіткі. Змітрок паглядзеў на багаты касцюм Ігара, па сіні ад частага ўжывання спіртнога твар і адказаў: — Здорава, відаць, жывеш! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускры́к, ‑у, м.

Разм. Раптоўны, адрывісты крык, выкрык. Раптоўна ўсе хлопцы прыселі, Ліда нават упала, з адчайным ускрыкам затуліўшы .. Верачку. Брыль. З усяго, што было пасля, мне толькі і запомніўся апошні ўскрык бацькі і збялелы як палатно твар забойцы, які ўжо ў наступную хвіліну, відаць, апамятаўшыся, шпурнуў ад сябе касу і кінуўся да бацькі, каб выцягнуць яго на сушэйшае месца... Шуцько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасцякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць халасцяком, без жонкі. Відаць, густ.. [Павалковіча] быў вельмі пераборлівы. Аб гэтым сведчыла ўжо тое, што, нягледзячы на сваю інтэлігентнасць, якую ён выстаўляў напаказ, і паўвалочку зямлі, домік з садам у Рымках, ён да гэтага часу халасцякаваў. Машара. [Доня:] — Ну, ну. То чаму халасцякуеш? Табе ж [Тодар] недзе ці не пад трыццаць ужо? Усё, канечне, выбіраеш. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае эмоцыі; выкліканы эмоцыямі, напоўнены эмоцыямі. Эмацыянальная прамова. Эмацыянальная гульня. □ А па вачах было відаць, што жанчына кожную хвіліну жыве багатым эмацыянальным жыццём. Арабей. І ўсё ж ад эпізода да эпізода фільм набірае тэмп і пругкасць, расце эмацыянальны напал падзей. «ЛіМ».

2. Здольны жыва рэагаваць на што‑н.; не разважны, нястрыманы. Эмацыянальны характар. Эмацыянальны чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́снасць 1, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан яснага; ясната. Яснасць неба. Яснасць позірку. Яснасць гуку. □ У вясковай сіняватай яснасці ярка відаць былі палі. Асіпенка. Новы дзень настаў, але яснасці ў сям’ю Вішнёвых ён не прынёс. Грамовіч. Твае мне любы месячныя ночы І яснасць зор, што свецяць над табой. Журба.

•••

Унесці яснасць гл. унесці.

я́снасць 2, ‑і, ж.

Уст. Тое, што і светласць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

край¹, -ю, мн. краі́, краёў, м.

1. Гранічная лінія, канечная частка чаго-н.

К. услона.

Наліць вядро да краёў.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой-н. прымеце.

Родны к.

Партызанскі к.

К. блакітных азёр.

Яго бачылі ў нашых краях.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка.

Прыморскі к.

Пярэдні край — перадавыя пазіцыі.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай.

З краю ў край, ад краю да краю; з краю да краю — па ўсіх напрамках.

Канца-краю не відаць — пра тое, чаго вельмі многа.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго-, што-н.).

Краем вуха — няўважліва, урыўкамі (слухаць каго-н.).

Край свету — вельмі далёка.

На краі магілы (гібелі) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца).

Хапіць цераз край — зрабіць або сказаць што-н. недарэчнае, лішняе.

|| памянш. краёк, крайка́, мн. крайкі́, крайко́ў, м.

|| прым. краявы́, -а́я, -о́е (да 3 знач.) і краёвы, -ая, -ае (да 3 знач.).

К. з’езд.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)