Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́р1 ’свойская рагатая жывёла’ (ТСБМ), ’худоба, статак’ (Некр. і Байк.), ’буйная рагатая жывёла’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), ’каровы; быдла’: kózy nie tavár (Пятк. 2), това́р ’тс’ (ТС, ПСл, Маш.), ’каровы і коні’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. таваръ ’маёмасць’: а таваръ их на грабежь (Альтбаўэр); сюды ж вытворныя тава́рац, това́рац ’каровы’, ’рагатая жывёла’ (Нар. Гом., ТС), ’жывёла, свойская скаціна (каровы, авечкі)’ (Нар. Гом.), тава́рына, това́рына ’(адна) карова’ (Мат. Гом., ТС), тава́раччы ’каровін’, тава́рачэ мʼясо ’ялавічына’ (лельч., Жыв. сл.). Укр. това́р ’свойская рагатая жывёла’, рус. паўдн. това́р ’гурт рагатай жывёлы’. Да прасл. дыял. (усходняга) *tovarъ ’свойская жывёла’, ’маёмасць’, прычым другое значэнне развіваецца ў ’прадукт працы, выраблены на продаж’ (гл. наступнае слова) і мела, безумоўна, вытворны ад першага характар, г. зн. ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’. Менавіта ў гэтых першасных значэннях запазычана з цюркскіх моў, параўн. тур. davar, tavar ’дробная хатняя жывёла, авечкі; хатняя жывёла; маёмасць’, караім., тат. тувар ’хатняя жывёла; жывёліна’, ’уючная жывёліна’ і інш., дзе яны захаваліся. Але ўжо раней назіраюцца натуральныя семантычныя зрухі: ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’ → ’маёмасць’, ’багацце’, параўн. ст.-цюрк. tawar, tïwar ’хатняя жывёла; маёмасць’, ed tavar ’(пагалоўе) жывёлы’, tavar ’маёмасць; даніна; дар’, ’дабро, багацце; тавар’, tavarluq ’скарбніца, казна’ і пад. (Ёлкіна, ЭИРЯ, 2, 116–129; Фасмер, 4, 67–68; Чарных, 2, 247; ЕСУМ, 5, 586 з далейшай літ-рай.). На думку Мартынава (Лекс. Палесся, 9), на поўдні Беларусі выцесніла старое гавя́да (гл.). Ст.-бел. товаръ ’свойская жывёла’ фіксуецца толькі ў XVII ст. і запазычана са ст.-укр. товаръ ’скаціна, пераважна рагатая’ (Зяневіч, АКД, 6).

Тава́р2 ’прадукт працы, выраблены на продаж; прадмет гандлю’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ст.-бел. товар ’тс’: выдеръ пять, бобръ и иншый товаръ весь у целости есть (пач. XV ст., КГС). Укр. товар ’тс’, рус. товар ’тс’, польск. towar ’тс’, чэш. tovar ’выраб; тавар’, старое н.-луж. towara ’тс’, славен. tovor ’груз; ноша’, серб.-харв. то̀вар ’тс’, балг. това́р ’груз; паклажа’, макед. товар ’тс’. Вынік ранняга семантычнага развіцця прасл. *tovarъ ад ’свойская жывёла’ да ’маёмасць’ і ’тавар’, пераходны этап дэманструе макед. товар ’мера вагі (у тым ліку збожжа, віна, солі, дроў і інш., што пераносіў наўючаны асёл)’, параўн. грэч. γομάρι ’паклажа, груз’ і ’асёл’, паводле Іліеўскага (Прилози, 22, 1–2, 22), прасл. *tovar роднаснае тур. davar, tavar ’свойская жывёла, маёмасць’. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1522; Глухак, 634 (зыходным лічыць ’паклажа на кані або асле, адкуль ’груз, ноша’ і ’асёл’).

Тава́р3 ’вырабленая скура на абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; узд., Жд. 1), ’суцэльныя загатоўкі на боты’ (Сцяшк.), ’матэрыял; вырабленая скура на боты, туфлі’ (навагр., ЖНС), ’фабрычная тканіна’ (карэліц., Шатал.), ’фабрычная матэрыя’ (лях., Янк. Мат.), тува́р ’суцэльныя загатоўкі для ботаў’ (Сакал.). Рус. дыял. това́р ’вырабленая скура; скура для абутку’. Звужэнне са спецыялізацыяй значэння тавар2 (гл.), параўн. наступнае слова.

Тава́р4 ’бярвенне (на плыту)’ (лоеў., чач., Мат. Гом.). Параўн. рус. разан. тава́р, тава́р пи́льнай ’першасна апрацаваны матэрыял (галоўным чынам пра піламатэрыялы)’. Метанімічны перанос з тавар2 (гл.) у значэнні ’маёмасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тут1 ‘у гэтым месцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Мал., ТС, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Вруб., Федар. 4, Сержп. Прык.; докш., карэліц., Янк. Мат.); ‘у гэты час, тады’ (ТСБМ), ст.-бел. тутъ ‘у гэтым месцы’, ‘сюды’, ‘тады’, ту́то, ту́та ‘тс’ (ГСБМ). Укр. тут, рус. тут ‘тс’, стараж.-рус. тутъ ‘тут’, ‘там’, ‘пры тым’, ст.-рус. тутъ ‘сюды, у гэтае месца’, польск. дыял. tut ‘тут, тады’, ст.-чэш. і мар. tuť ‘тс’, славац. tuto, харв. tute ‘тут’. Прасл. *tu‑ъ/*tu‑to, *tu‑ta, утворанае ад прыслоўя *tu ‘тут, у гэтым месцы’, якое мае першапачатковую форму М. скл. адз. л. займенніка ‘гэты’ (Борысь, 652) і ўказальнага займенніка (ta, to) (Фасмер, 4, 126; Праабражэнскі, 2, 22–23; Брукнер, 583; Махэк₂, 659; ESSJ SG, 697–698; ЕСУМ, 5, 686). Сюды ж: ту́тка ‘тут’ — тут, узмоцненае часціцай (суфіксам) ‑ка і яго варыянтамі (ашм., смарг., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс., ТС; в.-дзв., беш., ЛА, 2), ту́ткы ‘тс’ (драг., кобр., ЛА, 2), туцька ‘тс’ (полац., ЛА, 2); тут жа ‘адразу, без затрымкі’ (Юрч. Сін.); у складзе злучніка тут… тут ‘то… то’ (тут у зямлю рукі, тут к агню); ‘толькі’, ‘во… во’ (тут прывезлі швейныя машыны — тут разабралі) (Янк. 2); ту́та ‘ў гэтым месцы’, ‘тут’ (Нас., Бяльк., Яўс., Сцяшк. Сл., Гарэц.; в.-дзв., пруж., Сл. ПЗБ; лун., Шатал., ЛА, 2), ‘вось тут’ (Растарг.), туто (бяроз., ЛА, 2), ту́ты ‘тут’ (Нас.); прыслоўі, узмоцненыя часціцамі *‑ka/*‑ki: ту́така ‘тут’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Скарбы, Ян.; калінк., З нар. сл., ПСл, Гіл., Сл. Брэс., Мат. Гом.; івац., Нар. сл., ЛА, 2; петрык., Яшк. Мясц.; люб., Жыв. НС; карэліц., докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ); ту́такі ‘тут’ (Ян.); ту́такі/ту́тэка ‘тс’ (Мат. Гом.), ту́тыка, ту́тыкі ‘тс’ (Яўс.); ту́тыка ‘вось тут’ (кобр., Нар. лекс.), ту́тэка ‘тут’ (пін., там жа), ту́тэка, ту́тока ‘тут’ (ТС), ту́тыка ‘тс’ (Сл. Брэс.); прыслоўі, узмоцненыя дзвюма (звычайна ласкальна-памяншальнымі) часціцамі (ці суфіксамі): ту́та‑ч‑ка, ту́ты‑ч‑ка, ту́тэ‑ч‑ка ‘тс’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), тута‑ч‑кі ‘тс’ (жытк., Мат. Гом.); ту́тачка, ту́тачкі, тутычка, тутычкі, тутъчка, тутэчкы (гродз., палес., ЛА, 2); тутацька ‘тс’ (бых., Яшк. Мясц.; круп., Сл. ПЗБ, Вушац. сл., Сцяшк. Сл., Жд. 3, Яўс.), ту́тыцька ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ, Жд. 3, Яўс., Бяльк.), тутацькі ‘тс’ (бых., Мат. Гом.; талач., Шатал.), ту́тыцькі ‘тс’ (Яўс.), ту́тацькі, ту́тыцька, ту́тыцькі, ту́тыцікі, ту́тъцька (віц., маг., ЛА, 2), — адносна форм з цʼ Карскі (2–3, 69) меркаваў пра замену чʼ, а не тʼ, паколькі гэтыя формы вядомы толькі на поўначы Беларусі. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 204) проціпастаўляе падзвінскае ‑цьк‑а падняпроўскаму ‑тк‑а; гэта датычыць, відаць, сцягнутай формы та́цька (ушацк., там жа), якое з ту́тацька і ту́цька ‘тс’ (полац., там жа). Да ласкальна-памяншальных адносяцца формы ту́тэнька (жаб., ЛА, 2), ту́танькі ‘тс’ (калінк., З нар. сл., Сцяшк. Сл.) і ту́тэнькі ‘тс’ (івац., Сл. Брэс.); з ва‑фармантам (з указальным значэннем) зафіксавана ту́това ‘тут, блізка’ (Клундук), тутакава ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; свісл., Шатал.).

Тут2 ‘ мера, ступень’: вы так ядзіцё, што туту не знаеце (лёзн., Рэг. сл. Віц.). Няясна.

Тут3 ‘морва, Morus L.’ (Кіс.). З рус. тут ‘тс’, якое з цюркскіх моў: тур. tut, dut, азерб., тат., чагат. tut ‘тутаўнік’, апошняе з араб. tūt ‘тс’ (Фасмер, 4, 126; Міхельсон, 681; ЕСУМ, 5, 686).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шко́ла, ‑ы, ж.

1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў. Хадкевіч. // Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Шамякін. // толькі адз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. // зб. Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа. З. Астапенка.

2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе. Брыль. Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў. Дадзіёмаў. // Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу. // у спалучэнні са словам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.

3. чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі. Конан. Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі. Дудар. // Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы. Колас. Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай. Маўр.

4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча. // Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы. Колас. // Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.

5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры. Ларчанка. // Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця. «Беларусь». Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Лойка.

6. Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.

•••

Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).

Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.

Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.

Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.

Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.

Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.

Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.

Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.

Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.

[Грэч. scholē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.

1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені. Колас. Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку. Васілевіч. Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном. Якімовіч. / Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып. // перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка. Машара. З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна. Навуменка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Зарэцкі. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ. Брыль. Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору. Арабей. / Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг. Чорны. // Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся. Галавач. // Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці. Даніленка.

3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе. Панчанка. // перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца. Карпюк. Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале. Лойка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага. Дуброўскі. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам. Чарнышэвіч. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі. Астрэйка. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму. Карпаў. Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара. Пташнікаў.

5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс. Ставер. [Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Лынькоў. Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села. Асіпенка. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам... Савіцкі. Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі. Бядуля. // перан. Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі. М. Ткачоў.

6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон. Гартны. Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік. Мяжэвіч. З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку. Кухараў. // Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра. Ракітны. Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела. Корбан. З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай. А. Александровіч. // Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў. Паўлаў. Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў. Колас. За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі. Мікуліч. // перан.; на што. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Ярош. Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну. Новікаў. У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ. Звонак.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Броўка. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар. Зарэцкі. Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром. Ляўданскі. Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Дубоўка. / Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст. Быкаў.

8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека. Сташэўскі. За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах. Калачынскі. Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны. Хадкевіч. // З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты. Купала. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. // Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі. Сяркоў. // перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах. Дуброўскі.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература. Рамановіч. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі. Юрэвіч. // Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача. Хадкевіч. // перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Чарнышэвіч.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі. Пятніцкі.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна. Дубоўка.

•••

Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і уздыму, уздымеш, уздыме; пр. узняў, ‑няла, ‑ло; заг. узнімі і уздымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. (з зямлі, падлогі і пад.). [Чалавек] абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. Караткевіч.

2. Падняць, аддзяліць ад зямлі і пад., маючы столькі сілы, каб утрымаць (што‑н. цяжкае). Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Колас.

3. Падняць уверх, перамясціць у больш высокае становішча. Высока ўзняўшы ўгору рукі, маладая жанчына вешала на .. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. Завуч узняў акуляры на лоб і ўставіўся на Косцю. Карпюк. Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Быкаў. / Пра парус, сцяг. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго. Панчанка. // перан. Разм. Ставіць каго‑н. у больш высокае грамадскае становішча. [Клава:] — Там .. [Гаравы] быў і райком, і пракурор, і міліцыя. Усё разам. Хоць і там [у партызанах] яго вайна высока ўзняла. Асіпенка. // Падцягнуць уверх і замацаваць. Узняць заслону. // Загнуць уверх край чаго‑н. Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол. Колас.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Я зашпіліла гузікі старога плашча, узняла каўнер, але ад гэтага ніколькі не пацяплела. Савіцкі. Аляксей узняў капот — матор увесь пабіты. Новікаў. Дзядок, што першым зайшоў у вагон, гаспадарліва ўзняў сярэднюю лаўку і перагаворваўся з жанчынамі. Даніленка. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (галаву, вочы і пад.). [Саша і Пеця] спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў. Шамякін. [Студэнтка] ўзняла вочы да столі, нібы дзесьці там прачытала адказ. Прокша. Цаліна ўзняла свой светлы, прывабны твар. Кавалёў. // Узвысіцца дзе‑н., над чым‑н. Блішчыць рака. Гамоніць гай, Узняўшы ў неба кроны. Калачынскі. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

5. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Узняць полк у атаку. □ Канваіры ўзнялі нявольнікаў, пагналі далей. Ставер. Іх [людзей] узняў па трывозе Цімох з кірмаша на пажар. Куляшоў. // Разбудзіць, прымусіць устаць з пасцелі. А заўтра ўзніме на світанні касцоў ледзь чутны звон травы. А. Вольскі. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. (з нары, гнязда і пад.). Максім жа не загінуў ад звера, як гэта думалі людзі. Узняўшы з бярлогі мядзведзя, ён падштурхнуў яму ў лапы пана, а сам накіраваўся ў балоты. Машара. // Прымусіць каня перайсці на рысь, галоп і пад. Лёня нават Мяцеліцу ўзняў па рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка. Брыль. // Падняць уверх (пыл, снег і пад.). Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. / у перан. ужыв. Узняць у душы віхор пачуццяў. // перан.; на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў. Узняць масы на датэрміновае выкананне плана. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагопаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Узняць шум. Узняць паўстанне. Узняць плач. □ Надзя ў слёзы, цешча ўголас. Узнялі такі лямант, што Валодзька мусіў адкрыць карты. Гроднеў. Летам парабак панскі, Цімох Загула, узняў бунт у маёнтку, як прыйшоў з вайны... Куляшоў. І стала ёй [Аксінні] млосна, і села яна. Суседка трывогу ўзняла. Вярцінскі. // Падняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Шукаючы «красу, і светласць, і прастор», усё-ўсё светлае, што даваў паэту яго час, узняў .. [Багдановіч] у сваёй паэзіі. Лойка.

7. Зрабіць больш высокім. Узняць узровень вады. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах. [Паходня:] — Калі хочаш ведаць, дык я застаюся ў Старыцы, каб памагчы табе зноў узняць аўтарытэт эмтээс. Хадкевіч.

8. Павялічыць, павысіць. Узняць прадукцыйнасць працы. Узняць цэны. Узняць культурны ўзровень. □ — Знізіць крывую расцэнак, Якасць узняць вышэй!!! Лявонны. [Арэшка:] — Як, скажам, гэтыя мерапрыемствы павярнуць, каб надоі ўзняць? Пянкрат. // Падняць, павысіць (пра голас). — Не баюся я цябе! — апошнія словы .. [Аўгіня] сказала ўзняўшы голас. Колас. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой. Васілевіч.

9. Наладзіць, палепшыць (што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узняць гаспадарку. □ Наш Гомель — краса Беларусі, Цябе мы з руін узнялі, Табе ў вяках красавацца На роднай квяцістай зямлі. Русак. [Сяргей:] — Разеітая жывёлагадоўля ўзніме эканоміку калгаса. Шахавец. // Пабудаваць, паставіць што‑н. Ён [Ільіч] верыў, што мінуць нягоды І што свабодны чалавек Узніме новыя заводы, Пакорыць плынь магутных рэк. Смагаровіч. Манумент мы гэты ўзнялі, Каб не забываць сыноў і дочак, Што з франтоў дадому не прыйшлі, Але з намі ў будучыню крочаць. А. Астапенка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). Да нас у госці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, — Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар. Купала. Я быў упэўнены, што .. [Язэп] можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст. Бядуля.

11. перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць па ногі. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага. Цяпер Вацлаў быў у шостым класе. Караткевіч.

12. звычайна безас. перан. Узлаваць, вывесці з сябе. Выйшла [Дуся] разам з Віктарам, а гуляць не захацела. Віктара гэта ўзняло. Сташэўскі.

•••

Не ўзняць вачэй — не паглядзець ні на кога.

Узняць вочы — тое, што і падняць вочы (гл. падняць).

Узняць галаву — тое, што і падняць галаву (гл. падняць).

Узняць голас — тое, што і падняць голас (гл. падняць).

Узняць меч (зброю) — тое, што і падняць меч (гл. падняць).

Узняць на належную вышыню — давесці да высокага ўзроўню дасканаласці.

Узняць на ногі — тое, што і падняць на ногі (гл. падняць).

Узняць на штыкі — тое, што і падняць на штыкі (гл. падняць).

Узняць руку па каго-што — тое, што і падняць руку на каго-што (гл. падняць).

Узняць сцяг — тое, што і падняць сцяг (гл. падняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)