ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.
Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драма́ць, драмлю, дрэмлеш, дрэмле; незак.
Быць у паўсонным стане, нямоцна спаць. І тут Ігнась заўважае, што бацька прытуліўся плячамі да палукаша і дрэмле, і галава яго, як нежывая, ківаецца ва ўсе бакі. Чарнышэвіч. Абапёршыся локцямі на стол, .. [Сяргей], здавалася, пачаў драмаць. Шахавец. / у перан. Быць у стане спакою, бяздзейнасці, нерухомасці. Ціха драмала Палессе пад цёплым дыханнем сонца. Лынькоў. Гарадок драмаў у млявай цішыні, не паказваючы адзнак чаго-небудзь жывога. Ракітны.
•••
Не драмаць — дзейнічаць, праяўляць і актыўнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наня́ць, найму, ноймеш, нойме; заг. наймі; зак., каго-што.
1. Прыняць на работу, узяць для выканання якіх‑н. паслуг на пэўных умовах. Наняць рабочых. Наняць адваката. □ Наняў.. [гаспадар] старога цесляра і пачаў выбіраць месца для дома. Якімовіч. Вяселле Янушак спраўляў багатае... Наняў славутую на ўсю акругу .. духавую музыку. Дайліда.
2. Зняць за плату для часовага карыстання. Наняць кватэру. Наняць залу. □ Кінуў Арцём парабкоўства, наняў хатку. Бядуля. // Узяць за плату для пераезду, перавозкі. Наняць машыну. Наняць коней.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.
2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́людзь, ‑я, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Кашырын] страціў веру ў сябе і людзей, замкнуўся ў сваю шкарлупіну, стаў нелюдзем і пачаў выпіваць. Сяргейчык. // Неадабр. Які робіць не па-людску. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.
2. пераважна мн. (не́людзі, ‑яў). Вылюдкі, звяры. [Карнікі] былі сапраўдныя нелюдзі, бо іначай не выганялі б яны на сіберны холад старых і малых. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нерво́ва, прысл.
1. Узбуджана, усхвалявана; раздражнёна. Засунуўшы рукі ў кішэні пінжака.., [Галаўня] нервова пачаў хадзіць па кабінету. Гроднеў. — Не лёгкая сітуацыя, не лёгкая: праз столькі гадоў шукаць страчанае, — паспачуваў пасажыр, нервова раскручваючы газету. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. — Дапамогі! Дапамогі! — нервова крычаў кожны радок, кожнае слова.. рапарта. Шамякін.
2. Хваравіта, сутаргава. Адно вока раз-пораз торгаецца нервова, і здаецца часам, што Гардзей некаму падміргвае. Мележ. Тонкія худыя рукі .. [Каваля] нервова ўздрыгвалі і не знаходзілі сабе месца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́мятаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і памята́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што, пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам.
Тое, што і помніць. [Волечка:] — Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла. Чорны. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася.. [балота] тут. Колас. — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Зрабіць слабым, ненапружаным; аслабіць. [Іван] на хвіліну расслабіў мускулы, стараючыся раўней дыхаць. Быкаў. Стары расхваляваўся, успамінаючы, і хваляванне зусім расслабіла яго. Кірэенка.
2. Адпусціць, зрабіць слабкім (што‑н. туга звязанае, нацягнутае). Ляксей, пачуўшы перасцерагальны голас Данькі, пачаў коўзаць па падлозе нагамі як мог, кратаць звязанымі рукамі, каб расслабіць вузел. Ермаловіч. Жанчына расслабіла туга завязаную пуховую хустку, лёгка пакруціла маленькай галавой, а потым пачала расшпільваць паліто. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́таргавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.
2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.
3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.
Разм.
1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.
2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)