Та́лент ’надзвычайныя здольнасці’; ’чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі’ (ТСБМ), ’прыродны дар, здольнасць’, ’пакліканне’ (Ласт., Сл. ПЗБ), тале́нт ’тс’ (Байк. і Некр.), та́лінт ’здольнасць да нейкага майстэрства ці мастацтва’ (Варл.). Праз польск. talent, з франц. talent ’здольнасць, прыродны дар’, што да лац. talentum ’грэчаская мера вагі і грашовая адзінка’ < грэч. ταλαντον ’тс’, гл. талант. Развіццё значэння ад ’каштоўная манета’, ’каштоўны дар’ да ’прыродны дар’, ’выключныя здольнасці’ (Брукнер, 564; Длугаш-Курчабова, 493).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тампа́к ’сплаў медзі і цынку залацістага колеру’ (ТСБМ), тамба́к ’тс’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт.), тамбако́вы ’тампакавы, бронзавы’ (Байк. і Некр.). Укр. томба́к ’сплаў медзі і цынку’, рус. томпа́к ’тс’, польск., чэш., славац. tombak ’тс’. Запазычана праз польскую або рускую мову з заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tómbak, франц., англ. tombac ’тс’ < малайск. tambaga (těmbaga) ’медзь’ < ст.-інд. tãmrakaḥ ’тс’ (ЕСУМ, 5, 595; Фасмер, 4, 76; Голуб-Ліер, 484; Махэк₂, 647).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тано́к ’карагод’ (Бяльк., Ян., Растарг., Арх. Вяр.), ’хаджэнне шырокімі радамі жанчын, якія ўзяліся за рукі’ (у час “ваджэння стралы”) (Земляроб. каляндар), ’карагод, танец’ (чашн., Нар. сл.), ’танец’ (Ласт.), памянш. тано́чак (тапочекъ) ’тс’ (часцей у песнях) (Нас.), мн. л. танкі ’скокі’ (Сержп. Прымхі), тано́к вадзі́ць ’харавод вадзіць’ (Нар. Гом.), танка вадзіці ’тс’ (гом., Д.-Хадак.). Да тан (гл.) пад уплывам польск. дыял. tanek ’танец’ (Фасмер, 4, 19), гл. та́нец.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тапча́н ’нізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тка́ха ’ткалля’ (Некр. і Байк., Ян., Жд. 1, Растарг., Нас., Ласт., Сцяшк. Сл., Уладз., Сл. Брэс., Шатал., Крыч.; ветк., ЛА, 4). Укр. тка́ха ’тс’, рус. дыял. тка́ха ’тс’. Паводле Сяткоўскага (Słow. nazwy, 114), скарочаная форма ад ткачы́ха з павелічальным (аўгментатыўным) значэннем; хутчэй ад тка́чка ’ткалля, прадзільшчыца’ (гл. ткач). Няпэўна; магчыма, утворана пад уплывам рус. пря́ха ’пралля’, параўн. ни пряха, ни ткаха (Нас.), вядомага і на частцы беларускай тэрыторыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Торт ’кандытарскі выраб са здобнага цеста’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, хутчэй за ўсё, з ням. Torte, якое праз італ. torto ’торт’ з познелац. tōrta ’від круглага і плоскага хлеба’, да лац. torquēre ’віць, круціць, сукаць; вярцець, пераварочваць’ (Фасмер, 4, 87; Махэк₂, 123; Голуб-Ліер, 138; ЕСУМ, 5, 608). Сюды ж то́ртавыя ця́сткі ’здоба’ (Сцяш. Сл.) — з польск. ciastka tortowe ’тортавае пірожнае’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раске́ліна ’язва, рана’ (Ласт.). Хутчэй за ўсё, фанематычны варыянт раско́ліна ’шчыліна ад расколу’ (Бяльк.), аднак нельга выключыць сувязь з магчымым, але не зафіксаваным слоўнікамі *расшчы́ліна < шчы́ліна (гл.) пры захаванні вядомага гаворкам гістарычнага спалучэння ‑ск‑ (адносна фаналагічнай праблематыкі прабеларускага sk‑ перад ě гл. Векслер, Гіст., 91–92). Адзінкавая фіксацыя з вельмі спецыялізаванай семантыкай можа сведчыць у аднолькавай ступені як аб экспрэсіўным характары націскнога, так і на карысць штучнага ўтварэння. Параўн. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Расхо́днік ’расліна Sticta pulmonacca, ужываецца простымі людзьмі замест груднога чаю’ (Нас.), ’расліна зайцава капуста’, ’падалешнік, лугавая расліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’блюшчык, Glechoma hederacea L.’ (Кіс.), разхо́днік ’тс’ (Ласт.), росхо́днік ’тс’ (ТС), укр. росхі́дник ’зайцава капуста, Sedum acre L.’, рус. росхо́дник ’тс’, польск. rozchodnik ’тс’, харв. razhodnik ’паслён, Solanum dulcamara L.’, славен. razhọ̑dnik ’тс’. Тлумачыцца тым, што яго адросткі “расходзяцца па зямлі” (Махэк, Jména, 95; Мяркулава, Очерки, 110). Гл. ход, хадзіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́стань ’гавань, порт’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; пух., Сл. ПЗБ), ’прыстанішча, прыстанак’ (Нас.; ігн., Сл. ПЗБ; ТС), ’прымацтва’ (Растарг.), ’месца, дзе вяжуць плыты’ (Мат. Гом.), ’месца на беразе вадаёма, дзе мыюць бялізну’ (Сл. ПЗБ). Да прыста́ць, прыста́ну < стаць (гл.). Рус. при́стань ’прыстань’, дыял. ’кладка на рацэ, возеры для паласкання бялізны’, укр. при́стани ’прыстанак’, польск. przystań ’прыстань’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 70) прапануе рэканструкцыю прасл. *pristanъ/ь//*perstanъ/ь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)