дэта́ль, ‑і, ж.
1. Частка цэлага, падрабязнасць, факт, штрых. Мастацкая дэталь. □ Жэня неяк паспешліва закончыла свой расказ, прыпомніўшы яшчэ дзве-тры дэталі нашага студэнцкага жыцця. Васілевіч. Па вокнах, архітэктурных дэталях і пад’ездах Юркевіч пазнаваў будынкі. Карпаў.
2. Частка механізма, машыны і пад. Завод будаўнічых дэталей. □ Багацель пачаў хадзіць вакол паравоза, уважліва аглядаючы і нават мацаючы кожную дэталь. Васілёнак.
[Фр. détail.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ёлка, ‑і, ДМ ёлцы; Р мн. ёлак; ж.
1. Тое, што і елка. Пад ёлкамі шарэлі штодня і ніклі апошнія лапікі снегу. Лынькоў.
2. Елка, ссечаная і ўпрыгожаная к святу Новага года. Навагодняя ёлка. □ Каля ёлкі карагоды, Песні, гутарка жывая... Колас. // Пра дзіцячае навагодняе свята з песнямі, танцамі вакол упрыгожанай ёлкі. Пайсці ў школу на ёлку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаўтаро́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З жаўтаватай дзюбай, з жаўцізной вакол дзюбы (пра птушанят). У гняздзе былі жаўтаротыя птушаняты. Лынькоў.
2. перан. Разм. Пра маладога нявопытнага чалавека. З тыдзень я абіваў парогі розных майстэрняў, фабрык і заводаў, гатовы пайсці на любую работу, але паглядзяць на мяне — і адмаўляюць. Жаўтароты. Гурскі. Хлопцы, дзяўчаты, што згрудзіліся ля вас, жаўтаротая, зялёная моладзь. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стылізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стылізаваць.
2. у знач. прым. Які мае выразныя прыкметы стылізацыі (у 1 знач.), з’яўляецца вынікам стылізацыі. Стылізаваная аповесць. □ Упершыню гледачы ўбачылі прыгожа, па-мастацку стылізаваныя беларускія вопраткі, агністыя жартоўныя беларускія народныя танцы. Рамановіч. Над грабніцай мазаічны партрэт Людовіка на ўвесь рост. Вакол партрэта стылізаваныя залатыя ліліі. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цветабо́й, ‑ю, м.
Разм. Час дружнага цвіцення раслін. Друг мой, павер, — хоць нас і дзеляць мілі, Душой і думкамі заўсёды я з табой, Жыву ўспамінамі, як некалі любілі Мы раннюю вясну і майскі цветабой. Васілёк. Вакол на лугавіне пад спакойным і добрым небам буйна цвілі травы: снежна-белыя, блакітныя, чырвоныя, пяшчотна-сінія... Была самая пара летняга цветабою. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чапе́ц, ‑пца, м.
1. Лёгкі галаўны ўбор у выглядзе шапачкі, які раней насілі замужнія жанчыны. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Караткевіч. Раздзялілі косачку дый на дзве касы, Абматалі косачку вакол галавы, Надзелі на косачку шаўковы чапец, Ды ўжо таго чэпчыка павек не скідаць. З нар.
2. Спец. Складка брушыны, якая ахоплівае і падтрымлівае тонкія кішкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прысло́н, прысло́нь, пры́слань, прысло́нік, прысло́ны ’месца, якое добра асвятляецца сонцам’; ’схіл гары, звернуты да сонца; сонечны бок’ (полац., Нар. лекс.; в.-дзв., даўг., брасл., маст., Сл. ПЗБ), прысло́ньне ’чырвоны слуп над сонцам на захадзе’ (кобр., Нар. лекс.), пры́сонне ’круг вакол сонца’ (Клім.). Спалучэнні прыназоўніка пры (гл.) і назоўніка *слонь, *сонь, што перадаюць старую форму прасл. *sъlnь ’сонца’, якая была заменена ў славянскіх мовах вытворным з памяншальным суфіксам *sъlnьce — літаральна ’сонейка’. Параўн. форму з поўнагалоссем рус. по́солонь ’па сонцу’, гл. Фасмер, 3, 340.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
павыраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Стаць высокімі, дарослымі (пра людзей). Прыйшоў .. [Зянон] з вайны і не пазнаў ні дзяцей — тыя павырасталі, ні жонкі — Дуся неяк змізарнела. Сабаленка. Язэпка рады быў кожнаму знаёмаму твару. А некаторых, з маладзейшых, ён ужо і не пазнаваў. Павырасталі без яго! Якімовіч. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць вялікім, высокім (аб жывёлах, раслінах). Птушкі павырасталі і цяпер збіраліся разам. Чорны. Маладыя флянцы сасонак, пасаджаныя калісьці радамі, павырасталі ў гонкія дрэвы. Пальчэўскі.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца — пра ўсё, многае. Вакол гарнізона да восені, быццам грыбы, павырасталі дзоты. Брыль.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паўстаць перад вачыма — пра многіх, многае. Сяргей хутчэй адчуў, чым убачыў, што вакол яго фашысты. Нібы павырасталі з зямлі. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апіса́ць, апішу, апішаш, апіша; зак., каго-што.
1. Падрабязна расказаць пра каго‑, што‑н.; абмаляваць каго‑, што‑н. сродкамі пісьмовай мовы. Я не буду ўнутр залазіць Падзеяў саўгасных, Апішу толькі, што бачыў Болей-меней ясна. Купала. // перан. Зрабіць тое самае вусна.
2. У сістэматычным парадку пісьмова перадаць асаблівасці, прыметы або склад чаго‑н. з навуковай мэтай. Апісаць гаворку. Апісаць старажытны рукапіс.
3. Скласці поўны спіс якіх‑н. рэчаў дзеля іх ўліку. Апісаць інвентар. // Зрабіць улік і ацэнку маёмасці пры накладанні на яе арышту. Прыйшла сельсавецкая камісія і апісала малатарню. Чорны. // Завяшчаць што‑н. каму‑н. Апісаць хату на дзяцей.
4. Начарціць адну фігуру вакол другой з захаваннем пэўных умоў. Апісаць акружнасць вакол трохвугольніка.
5. Зрабіць рух па крывой, перамясціцца па крывой. Калі ракета апісала дугу і падала ўжо на зямлю, Арцыховіч.. заўважыў сілуэт салдата. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)