хрэ́сьбіны, ‑бін; адз. няма.

Тое, што і хрысціны. [Міхалка:] — Бярэ [поп] за хрэсьбіны, бярэ за шлюб, бярэ і за хаўтуры. Усё дай і дай. Бядуля. У маладосці, бывала, Сынклета не тое, што на кірмаш, на хрэсьбіны адна не пойдзе. Гроднеў. / у перан. ужыв. [Колас:] — У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гадка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Памянш.-ласк. да ягада. Гэта толькі кветачкі, а ягадкі яшчэ будуць. Прыказка.

2. (звычайна ў зваротку). Разм. Ласкавая назва каго‑н. (часцей жанчыны). — Паплач, ягадка, і табе лягчэй стане... Сэрца адпусціцца. Бядуля.

•••

Аднаго поля ягадкі — тое, што і аднаго поля ягады (гл. ягада).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.

2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Усклікваць «вох», глыбока ўздыхаць, выказваючы пачуццё прыкрасці, непрыемнасці, жалю, болю і пад. Халуста пачаў бегаць па млыне, хапацца рукамі за галаву, вохкаць, айкаць, стагнаць, стукаць кулакамі ў грудзі. Чарнышэвіч. // Адзывацца гукамі, падобнымі на вохканне. Дзесь далёка-далёка вохкала зямля. Колас. Усю зіму вохкаў лес. Кіпела ў ім жыццё. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згрызо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.

Разм.

1. Душэўныя мукі, перажыванні. Ніколі панна Анэля .. не мела такой згрызоты, як у гэты вечар: «жартачкі», Ядвіська замуж выходзіць, а яна, Анэля, у старых дзеўках астанецца. Бядуля.

2. Спрэчкі, звадкі. Уласніцкія імкненні Міхала стварылі ў яго сям’і атмасферу варожасці, згрызот, калатні і фактычна прывялі яе да распаду. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мануме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў гонар якой‑н. выдатнай падзеі, асобы; помнік. Аўтобус прыпыніўся на Круглай плошчы насупроць манумента-помніка героям Айчыннай вайны. Паслядовіч. // Велічны помнік над магілай.

2. перан. Што‑н. велічнае, створанае чалавекам, якое застаецца як памяць аб ім. А яго [Леніна] найлепшы твор, Найлепшы манумент — СССР. Бядуля.

[Лац. monumentum ад moneo — напамінаю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы дзіваку, такі, як у дзівака. Дзівацкія мары. Дзівацкая натура. □ [Сымон] сваім такім дзівацкім талентам сам захапляўся, [па]глыбляў яго, развіваў, адшліфоўваў. Бядуля.

2. Дзіўны, незвычайны. У групе ішлі і дзве жанчыны: адна маладая ў саламяным капелюшы з дзівацкім заломам наперадзе. Пестрак. [У Астапа] было ў запасе шмат цікавых гісторый .. пра дзівацкія справы баброў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карчма́, ы́; мн. ко́рчмы (з ліч. 2, 3, 4 карчмы́), ко́рчмаў; ж.

Пітны дом з начлегам у дарэвалюцыйнай Расіі (галоўным чынам на Украіне, у Беларусі і Польшчы). — У хаціне спачатку карчма была, бо непадалёк бальшак праходзіў. І людзі забягалі сюды падсілкавацца на дарогу. Няхай. Дзень у дзень .. спыняліся ў пасадзецкіх корчмах дзесяткі фурманак. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заблы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заблытаць.

2. у знач. прым. У беспарадку пераплецены, перавіты, зблытаны. Між тоўстых галін двух дубоў вісеў заблытаны парашут. Гамолка.

3. перан.; у знач. прым. Складаны, цяжкі для разумення. Калі здараецца спрэчка між людзьмі, дык Соня разблытвае заблытаныя справы. Бядуля. // З вялікай колькасцю памылак, недакладнасцей. Заблытаны улік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрые́мнасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё нездавальнення, прыкрасці і пад. Ад непрыемнасці.. [Язэп] моршчыў губы, адварочваў нос. Бядуля. Непрыемнасць асталася ў Алесі ад.. гаворкі з [Рыгорам]. Скрыган.

2. Непрыемнае здарэнне, паведамленне і пад. Непрыемнасці часта налягаюць на цябе найбольш, з таго боку, адкуль іх не чакаеш. Паслядовіч. Я быў упэўнены, што мяне абавязкова чакае нейкая чарговая непрыемнасць. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)