ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
Разм.
1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.
2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арыстакра́тыя, ‑і, ж.
1. У класавым грамадстве — вышэйшае саслоўе, прывілеяваны слой пануючага класа, радавая знаць. Зямельная арыстакратыя. □ [Пан Яндрыхоўскі:] У тую залу, якая бачыла цвет польскай арыстакратыі,.. [Дрыль] пусціў чараду мужыцкіх дзяцей. Крапіва. // Прывілеяваная частка якога‑н. класа або якой‑н. сацыяльнай групы. Фінансавая арыстакратыя. □ Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на «шклянку гарбаты». Колас.
2. Гіст. Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой улада знаходзіцца ў руках нешматлікай прывілеяванай групы радавой знаці.
[Грэч. aristokratia — панаванне лепшых.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́казацца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.
1. Выказаць, выкласці сваю думку, погляды, пачуцці і пад. Хто хоча выказацца? □ Папас разумее, што трэба даць выказацца ўсім, хто жадае, і ён спакойна слухае, занатоўвае што-нішто сабе на паперку. Галавач. // за каго-што або супроць каго-чаго. Выявіць свае адносіны пры абмеркаванні чаго‑н. Выказацца за ўнесеную прапанову.
2. Закончыць выказванне, выказаць усё; выгаварыцца. [Паліна] з прытоенай хітрасцю чакала, што Ніна не стрымаецца, выкажацца перад ёю да канца. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аб’е́здзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., каго-што.
1. Неаднаразова выязджаючы, пабываць у многіх месцах. З таго часу Ніна аб’ездзіла перакладчыцай пры высокім палкоўніку многія вызваленыя часцямі нашай Арміі гарады дзяржаў Заходняй Еўропы. Васілевіч.
2. Прывучыць каня хадзіць у вупражы, пад сядлом. На ўсім скаку мог заарканіць Касым самага дзікага жарабка, за кароткі час аб’ездзіць яго. Даніленка.
3. Яздой зрабіць больш прыдатным; абкатаць. Аб’ездзіць калёсы, матацыкл, машыну.
4. Укатаць, зрабіць прыдатным для язды (пра дарогу).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канве́ер, ‑а, м.
Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.
•••
Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.
Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).
Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.
[Англ. conveyer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канкурэ́нцыя, ‑і, ж.
1. Саперніцтва ў чым‑н., барацьба за перавагу, за лепшыя вынікі ў дасягненні адной і той жа мэты. — Дзіўна, што .. [газета] захавалася да гэтага часу, вытрымала мацнейшую канкурэкцыю, — гаворыць клерк з захапленнем. Новікаў.
2. Барацьба паміж прыватнымі вытворцамі за больш выгадныя ўмовы вытворчасці і збыту тавараў пры таварным спосабе вытворчасці; барацьба паміж капіталістамі за забеспячэнне найбольшага прыбытку.
•••
Па-за канкурэнцыяй — пра чалавека ці прадмет, з якім ніхто або нішто не можа параўнацца.
[Ад лац. concurrere — бегчы разам.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрэ́шты,
1. супраціўны злучнік. Злучае сказ (ці яго частку), які абмяжоўвае выказаную думку, сцвярджэнне; адпавядае па значэнню словам: «аднак», «усё ж». У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх. Навуменка.
2. у знач. пабочн. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць, хістанне пры выказванні. Аднак дарэмна паўстанцы Літвы (як, зрэшты, і царскія ўлады) чакалі прыбыцця судна. Г. Кісялёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́ны 1, ‑аў; адз. бона, ‑ы, ж.
1. Крэдытныя дакументы, якія даюць уладальніку права на атрыманне паказанай у іх сумы ў вызначаны тэрмін ад пэўнай асобы або ўстановы.
2. Часовыя папяровыя грошы, якія выпускаюцца звычайна мясцовымі ўладамі.
3. Папяровыя грошы, якія больш не ўжываюцца, а выкарыстоўваюцца для калекцыі..
[Фр. bon — талон, чэк (на плацеж).]
бо́ны 2, ‑аў; адз. бон, ‑а, м.
1. Плывучая загарода, якая выкарыстоўваецца пры лесасплаве, а таксама плывучыя загароды, якія перашкаджаюць варожым караблям праходзіць з мора ў гавань.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
важне́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Вельмі добры, выдатны; важны (у 3 знач.). Футбольная пляцоўка тут будзе важнецкая: месца такое, што і раўняць не трэба. Даніленка. — Хадзі, Ганька, — кліча ён [дзядзька] з кухні, — паглядзі, якія важнецкія туфлі ў цябе будуць. Васілевіч.
2. Важны (у 2 знач.). Ужо ў разгары быў даклад, Як шась асёл. І ў першы рад З важнецкім выглядам падаўся. Бачыла. І шэрая світка зусім ні пры чым, — У дзеда важнецкі інспектарскі чын. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лігату́ра 1, ‑ы, ж.
Спец. Дапаможны сплаў, які дабаўляецца ў расплаўлены метал або сплаў для надання яму пэўных уласцівасцей. // Прымесь медзі ці волава да золата, серабра або плаціны для надання ім большай цвёрдасці.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
лігату́ра 2, ‑ы, ж.
Спец.
1. Абазначэнне адным пісьмовым знакам дзвюх ці больш літар.
2. Знак у выглядзе дугі, які звязвае дзве аднолькавыя ноты.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
лігату́ра 3, ‑ы, ж.
Спец. Нітка, якой перавязваюць крывяносныя сасуды пры аперацыі. Налажыць лігатуру. Зняць лігатуру.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)