сатле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Гніючы, разбурыцца; згнісці, струхлець, спарахнець. Труп сатлеў ужо напалову, час знішчыў рысы твару. Лынькоў. Дакументы настолькі сатлелі, што прачытаць іх было амаль немагчыма. «Беларусь».

2. Тлеючы, згарэць, ператварыцца ў попел. Старая [лазня] згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на сухоты. Стаяў мокры, відаць, сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў. Караткевіч. / у знач. наз. сухо́тны, ‑ага, м.; сухо́тная, ‑ай, ж. Вясна для сухотных — не радасць, Вясна для сухотных — праверка. Жычка.

2. Такі, што бывае пры сухотах. Сухотны кашаль. □ Дзве слязінкі ўпалі На матчыну скронь, На сухотнае ўпалі аблічча... Трус. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фее́рыя, ‑і, ж.

1. Тэатральны спектакль, цыркавы наказ з казачным сюжэтам, раскошнымі дэкарацыямі і рознымі сцэнічнымі эфектамі. [«Лясная песня» Л. Украінкі] не п’еса, не драма, не феерыя нават, а вялікая паэма жыцця гэтай лясной і вадзяной зямлі. «Полымя».

2. перан. Чароўнае, казачнае відовішча. У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада-цмока, горада-драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры — зямлі. Караткевіч.

[Фр. féerie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штоф 1, ‑а, м.

1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.

2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.

[Ням. Stauf.]

штоф 2, ‑у, м.

Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.

[Ням. Stoff.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́касіць, ‑кашу, ‑касілі, ‑касіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Скасіць траву і пад. дзе‑н. У апошнюю касавіцу Пятрок, не мяняючы да Алімпы сваіх ранейшых адносін, выкасіў яе дзялянку сена. Ракітны.

2. чаго. Накасіць пэўную колькасць; укасіць. Выкасіць мяшок канюшыны. □ Ілля выкасіў нанач каню атавы і, павячэраўшы, выйшаў у горад. Галавач.

3. перан. Знішчыць у вялікай колькасці людзей, жывёлы (пра пошасць). За тры пакаленні халера двойчы выкасіла Азярышча. Караткевіч. // Знішчыць агнём. Пажарам выкасіла паўвёскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зубр, ‑а, м.

1. Дзікі лясны бык сямейства пустарогіх. У Белавежскай пушчы жывуць зубры, дзе-нідзе трапляюцца мядзведзь. «Звязда».

2. перан. Разм. Пра буйнога спецыяліста, уплывовую асобу ў якой‑н. галіне дзейнасці. Максіма здзівіла, што сярод .. [пракурораў] няма зубра абвінавачання пракурора Пжылуцкага, аўтара абвінаваўчага акта. Машара. // Пра таго, хто ўпарта трымаецца сваіх адсталых поглядаў. Лаяў арыштаваных толькі .. дваранскі з’езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаку́снік, ‑а, м.

Той, хто спакушае каго‑н. на што‑н. дрэннае; звадыяш. Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Караткевіч. // Той, хто ўступае ў інтымную сувязь, зводзіць жанчын і дзяўчат. Маючы на ўвазе, відавочна, яго колішнюю нясмеласць з Зосяй, аўтар чамусьці схільны лічыць свайго героя хутчэй скромнікам, святошам, чым спакуснікам. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рцайка, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да сэрца ​1 (у 1, 2 знач.). Выйду ў поле, выйду ў луг, Сяду пры дарозе. А ці прыйдзе любы друг? Сэрцайка ў трывозе. Дзеружынскі. // перан. Пра што‑н., што мае форму сэрца. Дае ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе нават святло з-за аканіц прабіваецца ў пакой праз выразныя сэрцайкі. Караткевіч.

2. Ласкавы зварот да чалавека, які адпавядае слову «дарагі» (у 3 знач.). Маё сэрцайка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)